Са словамі шчырых віншаванняў

Другога снежня інваліду Вялікай Айчыннай вайны Івану Іванавічу Мельніку з р. п. Рэчыца споўнілася 95 гадоў. Віншаванні пачалі паступаць з самай раніцы: тэлефанавалі ўнукі, сваякі, знаёмыя, прыхаджане царквы.

Юбіляр прымаў цёплыя і шчырыя словы пажаданняў і віншавальную паштоўку  ад старшыні савета ветэранаў р. п. Рэчыца Савіцкай Галіны Сцяпанаўны. Участковы ўрач Ганна Міхайлаўна Якімчук таксама зайшла і павіншавала дзядулю.

У госці да Івана Іванавіча  завіталі старшыня Рэчыцкага сельскага выканаўчага камітэта Курган Ігар Мікалаевіч, выконваючы абавязкі намесніка дырэктара Гарынскага завода будаўнічых матэрыялаў Мароз Сяргей Яўгенавіч. Акрамя слоў пажаданняў і ўдзячнасці яны ўручылі юбіляру падарунак і кветкі.

Іван Іванавіч падзяліўся ўспамінамі аб сваім лёсе, у якім хапала і радасных, і горкіх падзей. Ён нарадзіўся ў мнагадзетнай сям’і. Дзяцінства назваць лёгкім нельга: рана  памерла маці і хлопцу давялося стаць памочнікам бацьку: і малодшых глядзеў, і кароў пасвіў, і работы ў полі не цураўся.

Ваенныя падзеі дэталёва памятае і сёння, настолькі трывала яны адбіліся ў памяці. Юнак пасвіў кароў, калі пачуў гул і ўзрывы з боку г. Сарны. Праз пэўны час ворагі пачалі спальваць хаты, высылаць моладзь. Каб немцы не забралі ў Германію, пайшоў у Варані да партызан. У жніўні 1944 года быў прызваны ў армію. Івану Іванавічу давялося прайсці розныя гарады і краіны, вызваляць тэрыторыю Польшчы, Германіі. За некалькі кіламетраў да  Берліна ён быў паранены ў левую руку, год быў на лячэнні ў шпіталі.

Ветэран мае медалі “За адвагу”, “За Перамогу над Германіяй”, ордэн Айчыннай вайны I ступені і інш.

У пасляваенны час шмат гадоў працаваў на КБМ. У 1980 годзе выйшаў на пенсію. Кіраўніцтва прадпрыемства і зараз не забывае былога работніка: дапамагае па першай просьбе. Як і мясцовыя органы ўлады.

Іван Іванавіч вядзе актыўнае грамадскае жыццё: ён – намеснік старшыні савета ветэранаў  Рэчыцы,  прысутнічае на пасяджэннях, сустракаецца з падрастаючым пакаленнем.

Да таго ж, кожную нядзелю і на святы ходзіць у царкву, прыслужвае каля свяшчэннаслужыцеля.

У сваім узросце дзядуля адчувае сябе цудоўна: актыўна  завіхаецца па гаспадарцы і хвілінкі не хоча пасядзець, адпачыць.

Іван Мельнік выхаваў траіх дзяцей, мае шэсць унукаў і 14 праўнукаў. У час размовы дзядуля сціпла зазначыў: “Няхай усе будуць здаровыя і пражывуць столькі ж!”

Святлана ШПАКОЎСКАЯ

Фота аўтара

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *