Памяць аб героях жыве

22 снежня ў Фядорах прайшло ўрачыстае перапахаванне з адданнем воінскай пашаны астанкаў трох салдат Чырвонай Арміі, якія былі знойдзены 21 ліпеня 2015 года непадалёку ад населенага пункта сіламі пошукавай групы.

А ўсё пачалося з таго, калі мясцовыя жыхары, збіраючы ягады, знайшлі снарады часоў Вялікай Айчыннай вайны і паведамілі аб гэтым у райваенкамат. Выбухованебяспечныя прадметы былі абясшкоджаны сапёрна-піратэхнічнай групай, а потым за справу прыняліся ўдзельнікі пошукавай групы, якія знайшлі чалавечыя астанкі.

– Століншчына багата  такімі артэфактамі вайны, – расказвае вядучы метадыст па ахове гісторыка-культурнай спадчыны раённага арганізацыйна-метадычнага цэнтра Аляксандр МАРУШКА. – Кожны год людзі знаходзяць іх у зямлі. Шкада толькі, што мінулая меліярацыя, праведзеная непадалёку ад Фядор, дзе ішлі баявыя дзеянні, назаўсёды пахавала герояў. Першае перапахаванне адбылося ў Фядорах у 2010 годзе, другое –  у  2014  годзе. Яшчэ астанкі двух салдат Чырвонай Арміі нядаўна, шостага кастрычніка, былі знойдзены і непадалёку  ад  вёскі   Бухлічы. Іх перапахаванне на грамадзянскіх могілках  адбудзецца сёння, 24 снежня.

А 22 снежня ў Фядорах ліў дождж, быццам сама прырода плача па героях. На плошчы сабраліся людзі – аднавяскоўцы і госці, якія пажадалі аддаць пашану хвілінай маўчання героям, якія аддалі жыцці за Радзіму. На мерапрыемстве прысутнічалі ваенны камісар Столінскага раёна Уладзімір Мікалаевіч Семянюк, старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксей Аляксеевіч Дзямко, старшыня Фядорскага сельвыканкама Марыя Арсенцьеўна Мельніковіч і намеснік старшыні ГА “Пошук” Віталь Емяльянавіч Шэлест.

Аляксандр  НІКІФАРЭНКА

Фота аўтара

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *