Нават думкі супадаюць

– Добры дзень, Любоў Пятроўна, ці знойдзецца ў вас хвіліна, каб пагутарыць, — тэлефаную сваёй суразмоўцы.

– Шчыра кажучы, я зараз занятая – есці гатую, а там дзеці прыйдуць, — адказвае жанчына. – Давайце заўтра пасля абеду.

Але на наступны дзень Любоў Пятроўна ўспомніла пра нейкую неадкладную справу. Затое згадзіўся расказаць пра сваю жонку яе муж Аляксандр. А чаму б і не, падумала я, цікава ўбачыць жанчыну вачамі чалавека, які жыве з ёй у пары 15 гадоў і разам з якой выхоўваюць пяцёра дзяцей.

– Люба мая заўсёды чымсьці занята, ні хвіліны не сядзіць без справы. Хутка самому давядзецца чакаць, каб для мяне знайшла час, — жартуе Аляксандр. – Але я яе кахаю такой, якая яна ёсць, бо жонка  – мая другая палова. Мы ўсюды разам, у нас няма такога: гэта тваё, а гэта маё. У нас усё агульнае: і клопаты, і прыемныя навіны, і праблемы. Люба ніколі не адмовіць мне ў дапамозе. Ды і яе падмяню каля дзіцячай калыскі, і нічога ў гэтым незвычайнага не бачу. Трэба даваць жонцы адпачыць, тады і яна ласкавейшай будзе. Ведаеце, за столькі гадоў жыцця мы так звыклі  адзін да аднаго, што нават думкі нашы супадаюць.

– А як павіншавалі жонку, калі ёй уручылі ордэн Маці? – нагадваю тэму нашай размовы.

– Зразумела, віншаваў! А як жа? Хаця мы не чакалі такой павагі да сябе. Гэта камусьці можа здацца, што пяцёра дзяцей многа, а для нас зусім не так. Вось зараз толькі малодшы ў хаце, усе то ў школе, то ў сяброў. Алёна ўжо дзесяцікласніца, дзяўчына сур’ёзная, сакрэтнічае з маці, для якой дачка — правая рука. А мая правая рука — гэта наш першы сын Аляксандр, якому споў-нілася 13 гадоў. Некалі добры муж  будзе  каму,  бо  на   яго  спадзявацца можна ў любой справе. Бывае, на рынку затрымаемся, калі агародніну прадаём, дык ён усю гаспадарку дагледзіць, нават і тэлефанаваць, каб нагадаць, не трэба. А вось Эдуард — гэта чалавек настрою. Калі захоча, абавязкова свайго даб’ецца, прычым як дома, так і ў школе. Сёння, дарэчы, дзявятку атрымаў, прыйшоў задаволены, а бывае, і дамашняе заданне не запомніць. Падобны на Сашу шасцігадовы Вова, які ў таго на падхваце. Любіць паўдзельнічаць у дарослых размовах, на ўсё мае свой пункт погляду, параду рады даць. А якім будзе Жэнька наш – пакуль дакладна не ведаем:  два гады яму, але што камандаваць любіць, адразу відаць. Вось і зараз штосьці са стрэйшымі не падзяліў, чую, лямантуе.

Сам Аляксандр родам з Сямігосціч, пазнаёміўся з Любай з Вялікага Малешава на заробках і амаль адразу пажаніліся. Прызнаюцца, што каханне з першага погляду было. Пайшлі жыць адразу асобна, у старую хату, дзе цешча жыла раней. Але Аляксандр, будучы дбайным хлопцам, вырашыў, няхай і памалу, але пабудуе свой дом. І 31 снежня будзе ўжо шэсць гадоў, як сям’я жыве ў сваім, такім родным доме, дзе кожны куточак сваімі рукамі зроблены. Паспявае Аляксандр і на дзяржаўную работу: дзесяць гадоў працуе вадзіцелем на пажарна-вартаўнічым пасту. А Любоў – сацыяльны работнік. Раней маці дапамагала, таму ўсіх сваіх бабулек добра ведае, цяпер сама да іх заходзіць. І нават калі ў дэкрэтным водпуску, пра іх не забывае, забяжыць на хвіліну-другую.

– А калі ёсць вольная хвіліна, мы садзімся ў аўтамабіль і едзем да родных. Проста пасядзець, пагутарыць, падзяліцца навінамі, абмеркаваць якую падзею. Сям’я, на наш з жонкай погляд, самае галоўнае, што можа быць у чалавека. Дарэчы, і я, і Люба з мнагадзетных сям’яў. У мяне яшчэ пяць братоў і сясцёр. А пра Любіну сястру Надзею ўжо пісалі, бо і яна была ўзнагароджана ордэнам Маці. Вось чаму для нас вялікая сям’я – звычайная справа, — кажа Аляксандр.

Шчыра зычу цудоўнай сям’і Гром здароўя, дабрабыту і не згубіць кахання, якое пануе тут.

Ганна Мельнік

Фота аўтара

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *