Мы гаворым душой

Клуб “Натхненне” быў утвораны 10 гадоў таму па ініцыятыве аддзела адукацыі, спорту і турызму Столінскага раёна. Арганізатарамі выступілі начальнік аддзела адукацыі Надзея Уладзіміраўна Драко і загадчык вучэбна-метадычнага кабінета Валянціна Аляксандраўна Грэчка.

На пачатку свайго функцыянавання клуб “Натхненне” аб’яднаў творча працуючых  настаўнікаў раёна, якія пісалі вершы і празаічныя творы, малявалі карціны, спявалі – словам,  мелі пэўныя задаткі да творчасці. Кіраўніком клуба стала намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце, настаўнік рускай мовы і літаратуры Столінскай дзяржаўнай гімназіі Таццяна Якаўлеўна Жук.

– Сёння аснову клуба складаюць паэты і пісьменнікі з ліку настаўнікаў раёна,  – расказвае Таццяна Якаўлеўна. — 11 чалавек-удзельнікаў клуба  засталіся вернымі свайму натхненню і паэтычнаму радку.  Тамара Міхайлаўна Павядайка  і Марыя Аляксандраўна Акостка пайшлі на заслужаны адпачынак, але  захавалі адданасць пачатай справе і таму актыўна наведваюць клуб і зараз.

Удзельнікам “Натхнення” за гонар тое, што ў іх склад уваходзяць два члены  Саюза беларускіх пісьменнікаў – настаўнік гісторыі сярэдняй школы № 1  г. Давыд-Гарадка Віктар Васільевіч Вабішчэвіч  і настаўнік музыкі Мачульскай базавай школы Ірына Мікалаеўна Ляшкевіч, а таксама член Саюза  пісьменнікаў Беларусі, настаўнік пачатковых класаў Мачульскай базавай школы Галіна Сідараўна Бабарыка. Значным дасягненнем з’яўляецца той факт, што Віктар Вабішчэвіч  — аўтар зборнікаў “Чорны боль”, “Кахаю і люблю”, “Уражанне” і “ORBІ”. Галіна Бабарыка выдала зборнік паэзіі “Давер”, а зусім нядаўна адбылася прэзентацыя другога зборніка аўтаркі “Дарога ў восень”. “Сувой” – гэта зборнік  Ірыны Ляшкевіч.

Традыцыйна пасяджэнні клуба адбываюцца чатыры разы на год. За перыяд існавання “Натхнення” паэты абмяркоўвалі самыя разнастайныя тэмы: “Асеннія мелодыі”, “Пішу пра тое, што сэрцу міла”, “Мая цярплівая добрая маці”, “Вясна прынесла натхненне”, “Прырода роднага краю”, “Зімовыя матывы”, “Вайна была і ў  памяці жыць будзе” і многія іншыя.

Па запрашэнні загадчыка метадычнага кабінета Пружанскага раёна паэты прынялі ўдзел у рабоце метадычнага аб’яднання настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры, а таксама музыкі  на базе сярэдняй школы № 5 г. Пружаны.  Пакінула свой след у памяці сустрэча з паэтамі Украіны. Члены клуба “Натхненне” прынялі ўдзел у другім калядным рэспубліканскім фестывалі педагагічнага майстэрства ў г. Мінску. Перыядычна адбываюцца сустрэчы з паэтамі-землякамі, цікавымі  і  вядомымі людзьмі краіны. Таццяна Жук адзначае, што паэты – людзі вельмі чулыя, таму падчас пасяджэнняў клуба пануе атмасфера добразычлівасці, нездарма сімвалам аб’яднання з’яўляецца свечка, якая сагравае душу. Пачуццё адкрытасці і даверу стварае ўражанне, што гутарка ідзе не словамі, а душамі, і пасля размовы хочацца ўзняцца і паляцець увысь, наталіць душу трапным паэтычным радком з дасканала выверанай страфой.

Кіраўнік клуба адзначыла, што члены аб’яднання не збіраюцца замыкацца ў сабе, і выказала пажаданне бачыць у ліку сваіх сяброў і аднадумцаў новых творчых, крэатыўных і таленавітых педагогаў з новымі ідэямі і цікавымі задумкамі, каб “Натхненне” змагло ахапіць большае кола сваіх прыхільнікаў. А яшчэ ў планах адкрыць клуб і для вучняў, бо няспынны рух і праца над сабой, а таксама з вучнямі, якія маюць да гэтага адпаведны інтарэс, абавязкова знойдзе адбітак і дасць станоўчы вынік дзейнасці.

Людміла КАСПЯРОВІЧ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *