«Можна называць цябе мамай?»

пытаюць малыя Ангеліна і Назар і з надзеяй зазіраюць у вочы жанчыне. Яны вельмі сумуюць без гэтага слова, бо дагэтуль не было яго каму казаць. Можа, гэта нейкая памылка? Дзіця ж вучыцца гаварыцьмамараней, чым хадзіць, раней, чым разумець, наколькі гэта слова чароўнае і дарагое.

Аж не, гэта не памылка: Назар і Ангеліна едуць з Дзівінскага дзіцячага дома, куды яны трапілі два гады таму. Дагэтуль дзеці знаходзіліся ў дзіцячым доме горада Кобрына. Не вельмі прыемнае падарожжа ім давялося перажыць, бо зусім не да іх выхавання родным бацькам. Але зараз усё будзе па-іншаму: едуць яны не толькі ў новую сям’ю, але і да сваёй роднай сястры Ілоны, якая жыве ў Кароцічах у сям’і Любові Аляксандраўны і Васіля Канстанцінавіча Козелаў.

Любоў Аляксандраўна і дагэтуль успамінае, наколькі старэйшая Ілона сумавала па сваіх малодшых, наколькі цяжка ёй было перажываць расстанне. І дня не было, каб не патэлефанавала ім. Яна нават думкі не дапускала, што брата і сястру адправяць у іншае месца. Любоў Аляксандраўна і сама рада была Ангеліне і Назару, але цяжка захварэў муж, які быў амаль нерухомы пасля інфаркту. Увесь гэты час дзеці чакалі таго моманту, калі апынуцца там, дзе даўно ўжо былі думкамі.

Канешне, хваляваліся, як ім будзе ў новым доме, як іх прымуць у школе. Але на ўсе сто працэнтаў давяралі сваёй сястры, яна ж дрэннага не параіць. І хваляванні аказаліся беспадстаўнымі. Іх сапраўды чакалі.

Любоў Аляксандраўна і яе муж другі раз становяцца прыёмнымі бацькамі. Хаця, шчыра прызнаецца яна, тады, дзесяць гадоў таму, было больш складана: усё ж гэта вялікая адказнасць, а вопыту дагэтуль не было. Віталь і Вікторыя былі родам з Лядца, адкуль трапілі ў дзіцячы дом па рашэнні суда. А пакуль яны былі ў санаторыі, ім патрэбна было знайсці бацькоў. На той час Віка хадзіла ў трэці, а брат – у першы клас. Малыя зусім і ўжо без бацькоўскага цяпла. Не хавае Любоў Аляксандраўна, што спатрэбілася шмат часу, пакуль, нарэшце, дзеці прывыклі да іх. Дарэчы, для працэсу адаптацыі даецца два месяцы, і толькі тады афармляюцца ўсе дакументы на прысваенне статусу прыёмнай сям’і. Дзякуе загадчыцы сектара аховы дзяцінства Святлане Аляксееўне Ярмоліч і ўсім педагогам і псіхолагам, якія працавалі з бацькамі і дзецьмі. Упэўнена, што ўсе праграмы і курсы, распрацаваныя для прыёмных сем’яў, вельмі карысныя і патрэбныя.

Амаль усе бацькі перажываюць падлеткавы перыяд станаўлення сваіх дзяцей. Не мінуў ён і прыёмную сям’ю. І калі Віка валодала больш спакойным характарам, то вось з Віталем праблем хапала.

– Давялося пахвалявацца, бо ён тады быў вельмі непаслухмяны, я і плакала, і размаўляла з ім. Прычым і настаўнікі, і нават міліцыя ўплывалі, — успамінае Любоў Аляксандраўна. — Здаецца, слухае, усё разумее, але робіць па-свойму. Падключылася тады іх родная бабуля Таццяна, якая потым вырашыла аформіць апякунства над ім. І мы агульнымі намаганнямі не згубілі свайго хлопца. Зараз ён вучыцца ў Столінскім ліцэі на зваршчыка і повара. А таксама плануе атрымаць вадзіцельскае пасведчанне. Цэлае лета тут быў у мяне і маіх дзяцей, ды і так часта прыязджае, дапамагае нам. А Віка – гэта мая дачушка, нягле-дзячы на ўсё жыццёвыя перашкоды, яна не згубіла веры ў людзей, а, наадварот, мае вельмі чулае і добрае сэрца. Калі скончыла школу, адвучылася на правадніцу ў Гомелі. Зараз жыве і працуе ў Магілёве, там ёй далі жыллё, ды і работа падабаецца. Нягледзячы на вялікую адлегласць, яна таксама часта да нас прыязджае. Вось, дарэчы, толькі пазаўчора паехала, дагэтуль чатыры дні гасцявала. Калі тэлефануе, абавязкова спытае, як мае справы, як здароўе.

 – У мяне аж слёзы на вачах, бо гэта я звыкла клапаціцца аб іншых. А тут клапоцяцца пра мяне. І няхай яна мне не родная, але я адчуваю столькі ўдзячнасці і пяшчоты, як ад сваёй дачкі, — расчулілася жанчына.

У самой Любові Аляксандраўны тры сыны. Старэйшаму Канстанціну зараз 33 гады, мае ўжо сваіх двух сыноў — Кірылу і Ягора. У Аляксея, які жыве ў Альгомелі, таксама ўсе хлапчукі: Мікіта, Давыд і Захар. Адзіную ўнучку Аляксандру падарыў малодшы Ігар, які з жонкай і сынам Максімам жывуць у Кароцічах па-суседству са старэйшым братам. Родныя дзеці спачатку з асцярогай успрынялі навіну ад маці. Але потым зразумелі, наколькі памыляліся. Зараз і свае, і прыёмныя дзеці ў такіх цудоўных адносінах, што можна толькі пазайздросціць.

Любоў Аляксандраўна ніколі не парашкаджала дзецям падтрымліваць сувязь са сваімі роднымі, бо інакш гэта будзе не сумленна: дзеці павінны ведаць праўду. Бо колькі яе ні хавай, раней ці пазней яна абавязкова выйдзе наверх. Ілона, Ангеліна і Назар часта размаўляюць са сваёй бабуляй, з якой жыве іх бацька, які разам з маці былі пазбаўлены правоў на іх выхаванне. Але мужчына жадае аднавіцца ў правах, таму зараз знаходзіцца на выпрабавальным тэрміне ў сацыяльных службах. Сама Любоў Аляксандраўна шчыра жадае ўсім такім бацькам, што заблукалі ў жыцці, знайсці ў сабе сілы, каб перамагчы свае дрэнныя звычкі  і пачаць новае жыццё, у якім абавязкова будуць усмешкі і любоў родных, у якім будуць шчаслівыя вочы дзяцей.

Ганна МЕЛЬНІК

Слова спецыяліста:

Сацыяльны педагог Кароціцкай сярэдняй школы Святлана Рыгораўна Талмачавец:

У нашу школу ходзяць 13 дзяцей ва ўзросце ад 10 да 16 гадоў, якія выхоўваюцца ў прыёмных сем’ях Талмачавец Кацярыны Іванаўны, Ярмоліч Валянціны Адамаўны, Козел Любові Аляксандраўны, Кудласевіч Наталлі Мікалаеўны, Шчучка Таццяны Міхайлаўны, Коваль Наталлі Міхайлаўны, а таксама з Талмачава – Талмачавец Надзеі Васільеўны, Вяргун Алёны Іванаўны. Менавіта для гэтых жанчын год назад у нашай школе быў пачаты трэнінгавы курс “Што могуць бацькі” па праграме “Паспяховае бацькоўства”. Мэтай гэтай праграмы было аказанне падтрымкі бацькам шляхам навучання іх метадам выхавання на ўсіх стадыях сямейнага жыцця для пабудовы канструктыўных узаемаадносін з дзецьмі. Курс складаўся з 10 заняткаў, кожнае з якіх праводзілася адзін раз на ты-дзень. Трэнерамі гэтай групы былі педагог-псіхолаг СПЦ Столінскага раёна Алена Валер’еўна Кудласевіч, дырэктар СПЦ Столінскага раёна Ала Яўгенаўна Цымбалюк і я. А ў гэтую пятніцу ў нашай школе праходзіла пасяджэнне клуба “Сямейны ачаг”, на якім таксама прысутнічала большасць прыёмных бацькоў. Яны маглі пагутарыць, параіцца, падзяліцца агульнымі праблемамі, пра якія не заўсёды раскажаш нават родным. Самі жанчыны пасля такіх заняткаў прызналіся, што ім стала намнога лягчэй і аказалася, што праблемы зусім не такія невырашальныя, як здаюцца на першы погляд. Наступнае пасяджэнне клуба плануецца  ў сакавіку.

 

P.S.: Зараз у СПЦ Столінскага раёна знаходзіцца 19 дзяцей-сірот і дзяцей, якія заста-ліся без апекі бацькоў. Дзеці праходзяць рэабілітацыю і чакаюць таго часу, калі знойдуць сваю сям’ю. Сярод такіх дзяцей тэрмінова маюць патрэбу ва  ўсынаўленні сямігадовы Мікіта і яго сястрычка Вікторыя, якой у лютым споўніцца тры гадочкі. Паважаныя чытачы, калі ў вас ёсць жаданне падарыць гэтым дзецям сваю любоў і ўвагу, звяртайцеся па тэлефонах:

 25-1-71, 8-033-673-50-17. 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *