Маладыя – надзея краiны

10 снежня ў Столінскім раённым выканаўчым камітэце сабраліся маладыя спецыялісты, якія сёлета прыйшлі працаваць ва ўстановы адукацыі, аховы здароўя, у спартыўныя школы і  фізкультурнаспартыўны комплекс, філіялы раённага спажывецкага таварыства, банк, лясгас, на хлебазавод і іншыя арганізацыі.

Традыцыйная сустрэча пачалася з паказу фільма аб Столінскім раёне. Нягледзячы на тое, што большая частка хлопцаў і дзяўчат родам са Століншчыны, ім было цікава пазнаёміцца з развіццём асноўных сацыяльных аб’ектаў, прамысловых прадпрыемстваў, сельскагаспадарчых арганізацый, а таксама ўзнавіць у памяці асноўныя падзеі, якія тычацца гісторыі раёна.

Як адзначыў старшыня райвыканкама Рыгор Васільевіч Пратасавіцкі, асноўная мэта такога мерапрыемства – сабрацца, пазнаёміцца, наладзіць стасункі. Ён заклікаў прысутных да актыўнай жыццёвай пазіцыі.

– Маладыя, добра падрыхтаваныя спецыялісты заўсёды запатрабаваны ў органах дзяржаўнай улады, школах, бальніцах, на заводах, — падкрэсліў Рыгор Васільевіч. – Студэнцтва – цудоўны час праявіць сябе, атрымаць грунтоўную падрыхтоўку і стаць добрым спецыялістам.

Далей сустрэча прайшла ў выглядзе візітнай карткі. Кожны малады спецыяліст расказаў крышку пра сябе, якую навучальную ўстанову скончыў, куды быў накіраваны на работу і падзяліўся сваімі думкамі і прапановамі, як зрабіць наш горад і раён у цэлым лепшым.

Маладыя людзі адзначалі, што Столін за апошнія гады змяніўся да лепшага, радуе сваёй добраўпарадкаванасцю, летам – мноствам кветак і малых архітэктурных формаў, у зімовы час – навагоднім упрыгажэннем.

Моладзь хвалююць такія праблемы, як рамонт  дарог,  бадзяжныя сабакі, транспартнае забеспячэнне, вулічнае асвятленне, жыллёва-бытавыя ўмовы, баўленне вольнага часу, добраўпарадкаванне парку “Манькавічы”, сядзібы Алешаў у Беражным і інш. Спецыялісты прапанавалі арганізаваць танцавальныя гурткі ў дзіцячых садках, заняткі па аквааэробіцы, удасканаліць гандлёвыя кропкі ў сельскай мясцовасці, правесці акцыю па зборы сродкаў на рамонт дарогі. Усе выказаныя прапановы ўзяты на заметку,  яны будуць разгледжаны дэталёва.

Перад прысутнымі выступілі намеснік старшыні райвыканкама Сяргей Сідарэвіч, першы сакратар РК ГА “БРСМ” Вадзім Заруба, начальнік аддзела эканомікі Сяргей Шыла, начальнік аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі Генадзь Беразоўскі, начальнік аддзела арганізацыйна-кадравай работы Людміла Лабазінская, начальнік юрыдычнага аддзела Таццяна Леанавец, намеснік дырэктара Столінскай ДЮСШ Васіль Мамайка.

Святлана ШПАКОЎСКАЯ

Фота аўтара

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *