Лепшы сацыяльны работнік

Многія лічаць, што штодзённая праца сацыяльнага работніка толькі  і складаецца з таго, каб прынесці прадукты з магазіна, прыгатаваць ежу ды прыбраць у доме. Але людзі гэтай прафесіі перш за ўсё – тонкія псіхолагі, суразмоўцы і проста родныя душы для самотных састарэлых людзей.

Бязмежнае цярпенне, міласэрнасць, мудрасць – усё  гэта характэрна ўдзельніцам конкурснай праграмы  прафесійнага майстэрства “Лепшы па прафесіі”, які  прайшоў 23 снежня 2015 года ў кінатэатры “Экран” г. Століна сярод работнікаў тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Столінскага раёна.

Канкурсанткамі сталі тры каманды ў складзе трох сацыяльных работнікаў раёна.

Харомскі сельсавет прадставіла каманда “Клапатлівыя рукі”, Радчыцкі – “Усмешка”, Фядорскі – “Фэст”. Удзельнікі прыйшлі са сваімі групамі падтрымкі. За канкурсантаў хварэлі іх калегі.

 Прафесійныя якасці канкурсантаў ацэньвалі спецыялісты, якім добра знаёмы дасягненні і праблемы сацыяльнай службы: Харавец В. М., Дземідовіч Л. Ф., Кабрынец Т. А., Лысюк Р. Р. , Клочка М. М.

Раскрываючы сакрэты свайго   прафесійнага майстэрства, каманды-ўдзельніцы прадставілі  на суд журы і гледачоў  “Візітныя карткі” ў выглядзе вершавана-музычных  выступленняў, мультымедыйных прэзентацый, эмблем, якія дазволілі бліжэй пазнаёміцца з камандамі. Яны агучылі асноўныя кірункі дзейнасці і знайшлі правільныя адказы на тэарэтычныя пытанні віктарыны “Эрудыт”, прадэманстравалі свае кулінарныя здольнасці  як самыя лепшыя “Гаспадынькі”. Не пасаромеліся сацыяльныя работнікі прадэманстраваць і свой “Талент”, што стала эфектным і займальным заканчэннем конкурснай праграмы:  спявалі песні і выконвалі прыпеўкі, расказвалі пра свае штодзённыя клопаты ў сцэнічнай форме, дарылі радасць і тонкі гумар гледачам.

Напрыканцы конкурснай праграмы дырэктар ТЦСАН Любоў Фёдараўна Дземідовіч і начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне  Валянціна Мікалаеўна Харавец   падзякавалі ўсім сацыяльным работнікам  за іх нястомную працу, адрасавалі ім свае найлепшыя пажаданні,  уручылі камандам- удзельніцам  дыпломы і памятныя падарункі.

Трэцяе месца ў конкурснай праграме “Лепшы па прафесіі” заняла каманда “Усмешка” Радчыцкага сельсавета, другое – “Фэст” Фядорскага сельсавета і першае – “Клапатлівыя рукі” Харомскага сельсавета.

Усе, хто прысутнічаў у гэты дзень на конкурсе прафесійнага майстэрства, яшчэ раз змаглі пераканацца, што замяніць сям’ю адзінокаму чалавеку нельга, але зрабіць усё магчымае для таго, каб ён не заставаўся адзін са сваімі праблемамі, – па сілах і канкурсанткам, і іх калегам.

 Адміністрацыя   Столінскага ТЦСАНа выказвае шчырую падзяку Столінскай арганізацыі РАА “Белая Русь” і  раённаму камітэту прафсаюза работнікаў дзяржаўных устаноў за матэрыяльную дапамогу для  ўзнагароджвання ўдзельнікаў мерапрыемства, а таксама дырэктару кінатэатра “Экран” М. М. Клочка за прадастаўленне памяшкання для правядзення конкурснай праграмы.

Людміла КАСПЯРОВІЧ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *