«Лепш быць добрым трактарыстам…»

Напачатку быў тэлефонны званок з в. Туры ад старшыні ветэранскай арганізацыі Уладзіміра Трафімавіча Пучынскага.

У нас днямі адзначае сваё 55-годдзе  адзін з лепшых працаўнікоў КСУППрыгарынскі-2012”,  кавалер ордэна Працоўнай Славы, ветэран працы  Клімавец Іван Яфімавіч. Ён працуе трактарыстам у гаспадарцы, і кіраўніцтва пра яго кажа толькі  добрыя словы.

Мае журналісцкія шляхі зводзілі  ўжо з гэтым чалавекам. Я пісала пра яго ў час жніва, калі  тады яшчэ малады Іван Клімавец  займаў на жніве на  камбайне “Ніва”  ў сваёй групе першыя месцы па раёне. У складзе  дэлегацыі раёна былі разам на абласных “Дажынках” у некалькіх раённых цэнтрах вобласці.

 І вось новая сустрэча. Яна адбылася на машынна-трактарным двары, калі механізатар  збіраўся пачынаць новы працоўны дзень. Знешне ён пасталеў і памужнеў, а вось вочы засталіся  такія ж вясёлыя і маладыя.

– Віншую! Няўжо  ты ветэран працы?

– А як жа! У 1977-м годзе  скончыў  Хорскую сярэднюю школу, атрымаў атэстат, а разам з ім часовае пасведчанне трактарыста, бо вучыўся ў мясцовым навучальна-вытворчым камбінаце  пад кіраўніцтвам Міхаіла Аляксеевіча Слуцкага (цяпер ужо нябожчыка) па гэтай спецыяльнасці. Але правы нам адразу не давалі:  патрэбен быў яшчэ месяц практыкі. Вось я і пайшоў  на работу ў калгас праз колькі дзён пасля заканчэння  школы. Потым прыехаў  галоўны інжынер упраўлення сельскай гаспадаркі  нашага раёна Ф. В. Янчэўскі  і ўручыў мне правы. З таго часу і працую – 38 гадоў.

Праўда, з гэтага  адрэзку жыцця нашага героя трэба адмінусаваць час яго службы ў арміі на савецка-афганскай граніцы ў авіяцыйных часцях. Хаця Іван  думаў, што давядзецца служыць  у аўтамабільных  войсках, бо  перад адпраўкай  вучыўся  ў Лунінцы  ад ваенкамата  на вадзіцеля.

 – А мяне з маленства цягнула да тэхнікі, — расказвае ён. – Можа, гэта ад бацькі  перадалося. Ён  таксама быў трактарыстам, у жніво на камбайне хлеб убіраў.

Мой суразмоўца  не ўспомніў, а я ведала, што яго бацька  Яфім Клімавец быў заўжды ў ліку лепшых  працаўнікоў калгаса. У час адной з уборак  з ім здарылася  няшчасце, вытворчая траўма – адрэзала нагу.  Можна было сядзець дома і жыць за пенсію, але  механізатар дайшоў  да самых  вярхоў,  дабіўся  дазволу працаваць на  трактары. Пра яго былы старшыня калгаса Куст У. Я. гаварыў, што гэта сапраўдны  працаголік, які  жыве работай, а сын бацьку не  саступіць, гэткі ж  выдатны працаўнік расце.

І не памыліўся  старшыня. Не адно жніво Клімаўцы – бацька і сын – працавалі разам  на камбайне, у складзе аднаго экіпажа. І на сваёй “Ніве” паказвалі цудоўныя вынікі.

Сёння Іван Яфімавіч з жалем сведчыць, што няма ўжо бацькі, і старэнькую “Ніву”, якая  спраўна працавала  з 1982 года з імі разам,  давялося паставіць на прыкол. Але толькі па загадзе  кіраўніцтва гаспадаркі, бо выйшла дырэктыва  адмовіцца ад такой тэхнікі: яе канструкцыя  давала пэўныя страты збожжа ў час уборкі.

– Не было ў нас на ёй страт, — кажа   Іван Яфімавіч. – Справа не столькі ў канструкцыі, колькі  ў эксплуатацыі. Умець трэба наладзіць  камбайн, сачыць за ім у час работы, даглядаць.

Гэта яны і рабілі. Іван на камбайне працаваў, бацька больш за тэхнікай сачыў. Выходзілі пераможцамі і ў раёне, і ў вобласці,  і нават  у рэспубліцы. Іван  пабываў на “Дажынках” у Мазыры, Полацку, не кажучы пра Іванава, Ганцавічы і іншыя райцэнтры вобласці. У якасці прызоў  сямейны экіпаж  атрымліваў часцей за ўсё тэлевізары і халадзільнікі. У Івана  аказаліся аж тры халадзільнікі.

– Жонка хацела прадаць адзін, а я не дазволіў.  Сыну далі  кватэру, то мы яму  падарылі. У гаспадарцы спатрэбіцца!

Я  ведала, што адзін час Івана Яфімавіча  прызначылі  механікам калгаса. На пытанне, як працавалася на новай пасадзе, ён засмяяўся:

– Адзін тыдзень  я быў механікам і зноў  перасеў на трактар. Чаму?  Лепш быць  добрым трактарыстам, чым пасрэдным  паперапісцам. Не па мне з паперамі працаваць, я лепш на трактары буду. Гэта ж універсальная  машына, на ёй усё, што хочаш, зробіш.  Працаваў я і на аўтамабілі – не тое. Адно ездзіш  па дарозе, а на трактары  і арэш, і пасевы апрацоўваеш, і сена зграбаеш, і грузы перавозіш.  Любата! І камбайн у мяне цяпер добры — КЗС-12-18. Шосты год мы на ім працуем.

У сям’і Клімаўца  два сыны. І бацькава любоў да тэхнікі  ім перадалася. Магчыма, з-за таго, што наш герой сам таму спрыяў. Ён, напрыклад, ніколі не  рамантаваў дзецям веласіпеды. Гэта павінны былі рабіць  самі хлопцы, каб зразумець,  што да чаго. Круцілі, змазвалі, складвалі, сваім розумам даходзілі да кожнай дробязі. Цяпер старэйшы Мікалай працуе галоўным энергетыкам  у СВК “Тураўшчына”,  што ў суседнім раёне, а малодшы Аляксандр вучыцца  ў Мінску ў БАТУ. Праўда, выбраў  больш складаную тэхніку – камп’ютары. А гэта значыць, што сямейная традыцыя працягваецца.

Валянціна  МІРАНОВІЧ

Фота аўтара

 

 

«Лепш быць добрым трактарыстам…»: 1 комментарий

  • 01.12.2015 в 9:24 пп
    Permalink

    есть не большие ошибочки
    1. не свк, а оао
    2. не в БАТУ, а в БГУИР

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *