Калі прафесія і чалавек – адно цэлае

Кацярына Іванаўна Савонава шпарка крочыць на работу. Вось яшчэ некалькі метраў — і яна апынецца ў сваім кабінеце, дзе адчувае сябе на сваім месцы. Працуючы намеснікам загадчыка ясляў-садка № 2 аграгарадка Альшаны ўжо тры гады, маладая дзяўчына ўпэўнена:  яна зрабіла правільны выбар. Тым больш вырашала, кім стаць, сама, без нічыйнага ўплыву.

Кацярына родам з невялікай вёскі Альгомель, але што вернецца ў родныя мясціны, тады не думала. Паступіла на факультэт дашкольнага выхавання і псіхалогіі Брэсцкага педагагічнага ўніверсітэта на бюджэтную форму навучання, бо заўсёды адказна ставілася да адукацыйнага працэсу. Ды і падчас вучобы ніколі не прапускала заняткаў, таму мае бездакорныя веды. І зусім не дзіўна, што маладой перспектыўнай дзяўчыне прапаноўвалі застацца ва ўніверсітэце і працаваць выкладчыкам.

– Можа я і згадзілася б, але вельмі  сумавала  па   малой  радзіме, па бацьках і родных, — дзеліцца Кацярына. — Ды і шумнае гарадское жыццё не для мяне. Я чалавек больш спакойны і бліжэй мне вясковае суцішша. На апошнім курсе мне давялося папрацаваць у адным з брэсцкіх дзіцячых садкоў, у якім я набыла каштоўны вопыт. Можна сказаць, ён мне і дапамог адразу трапіць на пасаду намесніка. Тое меркаванне, што дзеці ў горадзе маюць больш магчымасцяў для развіцця, лічу спрэчным. Зараз у вёсках і аграгарадках, асабліва ў нашым раёне, ёсць такія садкі, якія могуць смела канкурыраваць з гарадскімі. А нашаму дзіцячаму садку нават зайздросцяць, калі заходзяць у госці. Настолькі ўсё сучасна абсталявана, на  вуліцы цэлы дзіцячы гарадок, дзе з вялікім задавальненнем бавяць час нашы маленькія выхаванцы. Але ж нават не матэрыяльная база галоўная. Нішто не заменіць добрасумленных і чулых выхавальнікаў, для якіх работа ў радасць. І тут я магу з упэўненасцю сказаць: кожны ў нашым калектыве валодае неабходнымі якасцямі для работы з дзецьмі.

Нягледзячы на малады ўзрост, Кацярына Іванаўна мае вялікі аўтарытэт у садку. Ёй ніколі  не  даводзіцца паўтараць па некалькі разоў просьбы ці заданні, бо выконваюцца яны адразу. А загадчыца Ала Паўлаўна Сухадольская раіцца па некаторых пытаннях з малодшай калегай. І адзначае, што такой адказнасці і працавітасці рэдка пабачыш у сучаснай моладзі. Можа таму ў гэтым годзе Кацярына Іванаўна Савонава адзначана за плённую работу Ганаровай граматай раённага аддзела адукацыі, спорту і турызму. І я ўпэўнена, гэта толькі пачатак у яе прафесійнай кар’еры.

Ганна Мельнік

Фота аўтара

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *