Імкнёмся задаволіць спажыўца

Такімі словамі коратка і ёміста абазначыў сэнс цяперашняй работы працоўнага калектыву дырэктар філіяла ААТ “Берасцейскі пекар” Давыд-Гарадоцкі хлебазавод Сяргей Васільевіч Леанавец напярэдадні юбілею прадпрыемства, якому ў гэтыя дні спаўняецца 30 гадоў.

Вытворчая гісторыя самага маладога філіяла “Берасцейскі пекар” пачынаецца з 1985 года, калі магутнасцяў дзеючага хлебазавода ў райцэнтры ўжо не хапала для забеспячэння насельніцтва неабходнай колькасцю прадукцыі.

І сапраўды, зараз многім цяжка і ўявіць нязвыклае для цяперашняга пакалення: людзі задоўга займалі чэргі ў магазінах, каб купіць бохан хлеба. Пры гэтым у многіх вёсках гаспадыні яшчэ выпякалі свой хлеб і пірагі ў печы.

За параўнальна кароткі час Давыд-Гарадоцкі хлебазавод стаў забяспечваць хлебабулачнымі вырабамі прыкладна палавіну жыхароў Століншчыны – амаль 40 тысяч чалавек. Паступова пекары з Давыд-Гарадка асвоілі рэцэптуру вырабаў, якіх у раёне ды і за яго межамі больш ніхто не прапануе. Гэта і непаўторны па смаку хлябец “Сударь” з разынкамі, курагой і чарнаслівам, і хлеб для тостаў, і піражкі-берлінеры. Павышаным попытам у пакупнікоў карыстаюцца хлябец “Гарадоцкі”, калач “Купалле”, хала “Забаўніца”, вітушка “Гарадская”. Асартымент кандытарскіх вырабаў таксама прымушае паважаць мясцовых майстроў. Гэта кексы, рулеты, бісквіты, аўсянае пячэнне, заварныя пернікі, пончыкі.

Сёння Давыд-Гарадоцкі хлебазавод з’яўляецца адным з найбольш стабільных філіялаў адкрытага акцыянернага таварыства “Берасцейскі пекар”. Тут сфарміраваўся рынак, вывучаны пакупніцкія перавагі. Штодня аўтамашыны  хлебазавода  і   райспажыўтаварыства адпраўляюцца са свежай духмянай выпечкай па правераным маршруце. Усе гандлёвыя кропкі атрымліваюць прадукцыю строга па графіку.

Важная прыкмета стабільнасці прадпрыемства, як адзначае яго кіраўнік Сяргей Васільевіч Леанавец, дынаміка, паступальны рух наперад ва ўсім.

– Нельга таптацца на месцы, калі намераны не згубіць сваіх спажыўцоў, не панізіць рэйтынг вырабаў, урэшце, сваю марку, — упэўнены Сяргей Васільевіч. – І тут не бывае дробязяў, бо нельга ў нечым адступіць назад за кошт значнага руху наперад на іншым участку. Мы пастаянна працуем над асваеннем новых напрамкаў вытворчасці. На працягу года вырабляецца больш за сто найменаванняў хлебабулачных і больш за 40 кандытарскіх вырабаў.

Зразумела, што асваенне новых відаў прадукцыі, работа па пашырэнні асартыменту вырабаў патрабуе дадатковых намаганняў, выдаткаў. Але, урэшце,  гэта залог стабільнасці і ўстойлівага становішча на рынку збыту.

На прадпрыемстве пастаянна прырастаюць сучасным абсталяваннем. З апошніх новаўвядзенняў – набыццё новай адсадачнай машыны, дзякуючы якой з’явілася магчымасць пашырыць асартымент салодкіх мучных вырабаў. А ў блізкай перспектыве – замена энергаёмістай печы на сучасную, якая дазволіць вырабляць больш шырокі асартымент хлебабулачных вырабаў з меншымі выдаткамі.

Такая пастаянная мадэрнізацыя вядзецца за ўласныя сродкі, без знешніх пазык і крэдытаў.

Безумоўным прарывам у вытворчасці стала асваенне ў лістападзе 2011 года вырабу жытнёвага соладу, які да гэтага завозілі ў нашу краіну толькі з-за мяжы. За кароткі тэрмін у 2014 годзе была праведзена рэканструкцыя цэха па вытворчасці соладу з выкарыстаннем інавацыйных тэхналогій, якія дазволілі значна знізіць сабекошт вырабленай прадукцыі. Цяпер магутнасць дзвюх ліній цэха складае каля 45 тон соладу, які ў мінулым годзе стаў пераможцам у конкурсе “Лепшыя тавары Рэспублікі Беларусь  2014 года” ў намінацыі “Солад жытнёвы ферментыраваны”.

І тут на прадпрыемстве не спыніліся на дасягнутым. Сваім стаўленнем да справы дабіліся ўключэння вырабу соладавых сумесяў у Давыд-Гарадку ў рэспубліканскую праграму “Солад”.

Як бачым, у Давыд-Гарадку, як тут прывучыліся здаўна, умеюць трымаць высокую марку, маюць свой твар. Пацвярджэннем гэтага з’яўляюцца шматлікія ўзнагароды высокіх конкурсаў за вырабленую прадукцыю.

На рэспубліканскім аглядзе якасці хлебабулачных і кандытарскіх вырабаў “Ласунак” у апошнія гады залатыя медалі заслужылі булачка здобная “Самоцветик”, рулеты “Арэшак” і “Чороўны”, хлеб “Сонейка”,  торт “Калінкавіцкі”. Сярэбраныя медалі атрымалі хлябец “Прастора”, хлеб тоставы з малаком. Бронзавыя медалі ўручаліся за булачку “Чарадзейка”, кекс “Натхненне”, хлябец “Лада”.

Лаўрэатамі конкурсу “Лепшыя тавары Рэспублікі Беларусь” станавіліся берлінеры “Пончыкі Гарадоцкія” з напаўняльнікам і рулет “Чорны прынц” са згушчаным малаком, кекс “Быліна” і хлеб “Радзіцкі”, булачка здобная “Самоцветик”, калач “Купалле”.

У гэтым годзе калектыву хлебазавода выказана ўдзячнасць за добрасумленную працу ад Міністэрства сельскай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь.

Поспех у рабоце прадпрыемства гартуюць яго працаўнікі. Сярод іх 18 спецыялістаў аддалі заводу ад 15 да 19 гадоў, а 13 – больш за 20 гадоў.

Сярод іх прыёма-здатчык гатовай прадукцыі Святлана Міхайлаўна Мазан. Яе першы рабочы дзень быў 28 снежня 1985 года.

– Я адказваю за якасць і колькасць прадукцыі з цэха, – гаворыць Святлана Міхайлаўна. – Адказнасць вялікая. Адпраўляем хлебабулачныя вырабы і па раёне, і ў Жыткавіцкі, Лельчыцкі, Пінскі раёны. Памятаю, як за суткі адпраўлялі па 40 тон вырабаў. Цяпер значна менш, але ўвагі і дысцыплінаванасці  праяўляем не менш. Не памятаю, каб давялося вяртаць нашу прадукцыю з-за нейкага браку. Ды і пакупнікі не выказваюць незадаволенасці, больш хваляць нашы вырабы.

Пекар-майстар Таццяна Уладзіміраўна Шэпка 25 гадоў таму пачынала працоўны стаж пекарам. Цеставод Тамара Канстанцінаўна Якімовіч за 27 гадоў работы паспела прайсці па розных участках цэха. Яна незаменны майстар прыгатавання вырабаў, пачынаючы ад стварэння рошчыны і да здачы цеста ў дзяжы на фармоўку.

З першага дня дзейнасці завода ідуць поруч слесар-рамонтнік газавага абсталявання Віктар Мікалаевіч Сухапар, аператар бястарнага захоўвання мукі Уладзімір Іванавіч Петравец. Спачатку слесарам-рамонтнікам, а цяпер інжынерам-механікам працуе Алег Міхайлавіч Гайкевіч.

Усяго на заводзе працуюць 88 чалавек. Хлебабулачныя вырабы пякуць на працягу сутак у тры змены. Калектыў згуртаваны, які стварае канкурэнтаздольную прадукцыю,   так  патрэбную   людзям.

Фёдар ШУМКО

Фота аўтара

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *