Фартуна вызначыла шчасліўчыкаў

Нагадаю, што падчас акцыі “На крок апярэджваючы выпадак”, якая была праведзена закрытым акцыянерным страхавым таварыствам “Белнафтастрах” і дзяржаўтаінспекцыяй Столінскага РАУС напярэдадні Дня аўтамабіліста і дарожніка (22 кастрычніка), вадзіцелі запаўнялі спецыяльныя анкеты. 100 кіроўцаў з нашага раёна паспыталі ўдачу, адказаўшы на некалькі пытанняў, тым самым заявіўшы сваю анкету для ўдзелу ў спецыяльным розыгрышы.

Трэцяга снежня ў павільёне страхавой кампаніі адбыўся розыгрыш запоўненых анкет. Дапамагалі вызначаць шчасліўчыкаў намеснік дырэктара філіяла ЗАСТ “Белнафтастрах” у г. Пінску Аляксандр Аляксандравіч Апановіч, начальнік цэнтра страхавых паслуг у г. Століне Пракапчук Галіна Лявонцьеўна і начальнік аддзела дзяржаўтаінспекцыі Столінскага РАУС Сяргей Аляксандравіч Трапец.

Разыгрываліся тры падарункі. Кожнаму ўдзельніку быў прысвоены парадкавы нумар. Флэш-карту на 8 гігабайт выйграў Уладзімір Мікалаевіч Аляксеявец з Рэчыцы, скураную папку з лагатыпам кампаніі пашчаслівілася атрымаць Шпудзейку Мікалаю Мікалаевічу са Століна, а галоўны прыз-сюрпрыз (нават арганізатары конкурсу не ведалі, што знаходзіцца ўнутры прыгожай скарбонкі) выйграла Логвінка Вольга Сцяпанаўна з Альшан.

Шчасліўчыкі былі рады перамозе, але спачатку нават не паверылі, што фартуна ўсміхнулася менавіта ім. У дзень розыгрышу ім былі ўручаны прызы.

Вадзіцель, які выйграў скураную папку, падзяліўся ўражаннямі: “Раней ніколі нічога не выйграваў. А тут такі патрэбны падарунак. Буду карыстацца з задавальненнем і, безумоўна, удзельнічаць у іншых розыгрышах. А яшчэ – страхавацца толькі ў “Белнафтастраху”.

У гэты ж дзень Галіна Лявонцьеўна Пракапчук і старшы інспектар дарожна-патрульнай службы ДАІ Віталь Іванавіч Кавальскі наведалі сацыяльна-педагагічны цэнтр Столінскага раёна.

Віталь Кавальскі правёў з хлопчыкамі і дзяўчынкамі  прафілактычную гутарку, растлумачыў, для чаго патрэбна насіць святлоадбівальны элемент у цёмны час сутак. 19 выхаванцам, якія зараз знаходзяцца ў цэнтры, уручылі флікеры з эмблемай страхавой кампаніі.

Святлана ШПАКОЎСКАЯ

Фота аўтара

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *