Дзеля ўдзячных пакупнікоў

Адным з месцаў, якія чалавек вельмі часта наведвае ў сваім жыцці, з’яўляецца магазін. Асабліва, калі размова ідзе пра невялікае мястэчка, дзе прадаўцы ведаюць кожнага свайго пакупніка. Згадзіцеся, паважаныя чытачы, што чым больш ветліва нас сустракаюць, чым прыгажэй і святлей у магазіне, тым часцей туды хочацца зайсці.

Менавіта добразычлівае стаўленне да пакупнікоў, якаснае і хуткае абслугоўванне з’яўляюцца прыярытэтамі ў рабоце Альшанскага філіяла Столінскага раённага спажывецкага таварыства.

– Мы заўсёды слухаем сваіх пакупнікоў, звычайных вяскоўцаў, бо без іх меркавання ў сістэме гандлю не абысціся, — расказвае дырэктар філіяла Аляксандр Мікалаевіч Скрабец. —  Ведаеце, працуючы столькі гадоў, магу з упэўненасцю сказаць: звычайнай усмешкі і добрага слова бывае дастаткова, каб урэгуляваць любы канфлікт.

Усе прадаўцы магазіна “Родны кут”, што ў Альшанах, сустракаюць сваіх пакупнікоў у добрым настроі. Магазін адчыніўся ў цэнтры аграгарадка крыху больш за год таму – 23 верасня 2014 года. І з таго дня ён стаў адной з любімых гандлёвых кропак не толькі альшанцаў, але і жыхароў суседніх населеных пунктаў. Ды і госці ніколі не мінуць “Родны кут”. Для зручнасці ёсць стаянка для веласіпедаў і аўтамабіляў, прычым яна створана на ўваходзе ў магазін.

Што тычыцца асартыменту, то ў гэтым аспекце “Родны кут” у лідарах сярод гандлёвых кропак не толькі Альшан, але і ўсяго раёна. Бо ў ім ёсць усё: ад самых разнастайных прысмакаў да прадметаў бытавой хіміі, таму людзі, што абслугоўваюцца тут, вельмі задаволены. Малочныя вырабы дастаўляюцца з філіяла ААТ “Савушкін прадукт”, а таксама з Магілёва, Кобрына, Мінска. Ёсць вялікая колькасць мясных прадуктаў, рыбы, прычым, на любы густ. Можна з  упэўненасцю сказаць, што нават самы  пераборлівы чалавек задаволіць свае патрэбы.

Як расказвае загадчыца магазіна Марыя Васільеўна Сыса,  асаблівы наплыў пакупнікоў назіраецца ў суботу, калі ў Альшанах працуе рынак. Тады  прыязджаюць не толькі мясцовыя жыхары, але і людзі з іншых раёнаў і нават абласцей. Многа з суседняй Гомельскай, прычым, некаторыя едуць спецыяльна ў “Родны кут”. Пацвярджэннем гэтага можна лічыць тавараабарот, які ў сярэднім складае 2 млрд 300 млн рублёў і які, дарэчы, адзін час быў нават большы, чым у “Родным куце” г. Століна. Абслугоўваюць насельніцтва прадаўцы Наталля Міхайлаўна Сімановіч, Валянціна Віктараўна Рашэцкая, Святлана Васільеўна Наздрын-Платніцкая, Наталля Міхайлаўна Логвінка, Таццяна Міхайлаўна Тарасевіч, Вольга Мікалаеўна Балтуха, Ганна Іванаўна Грыб, Раіса Мікалаеўна Бобка, Наталля Сцяпанаўна Кадоліч, Марыя Уладзіміраўна Тарасевіч, Настасся Мікалаеўна Бобка, Вольга Васільеўна Супрунчык, Кацярына Васільеўна Сыса, Ірына Васільеўна Сімановіч, Настасся Іванаўна Гром, Ларыса Сямёнаўна Тарасевіч. Адказная работа ў аператараў Наталлі Іванаўны Андрусевіч і Алены Міхайлаўны Сімановіч, якія ўводзяць кошт тавараў у камп’ютар. А чысціня і парадак на сумленні Праскоўі Уладзіміраўны Сімановіч, Валянціны Сцяпанаўны Гром, Алены Сцяпанаўны Андрусевіч. На жаночых плячах і разгрузка тавараў, якой займаюцца Валянціна Сцяпанаўна Сыса і Галіна Васільеўна Лемяза.

Але ж нельга не адзначыць, што вялікую ролю ў прывабліванні пакупнікоў маюць хлебабулачныя вырабы, якія выпякаюцца ў кандытарскім цэху магазіна.  Памяшканне невялікае, але затое зроблена па апошнім слове тэхнікі. Толькі  ўявіце маштабы работы кандытарскага цэха: за адзін дзень выпякаецца да 1000 булачак, не лічачы хлеба і батонаў. Валянціна Анатольеўна Сыса, загадчыца цэха, успамінае, што не было таго дня, каб заставаўся хлеб на паліцах, наадварот, часта пякуць дадаткова.  Бывае, толькі вывезуць з цэха – гарачыя вырабы адразу разбіраюць, прычым, кладуць у мяшочак па некалькі булачак, бо нават суседзі заказваюць. Ёсць прадукцыя на любы густ: булачкі з начынкамі “Чайная з тварагом”, “Віцьба”, а таксама здобы “Гармонія лікёрная”, “Сюрпрыз”, кексы “Мела-мока”. Многія аддаюць перавагу батону “Смачны”, багету “Класічны”, хлебу “Сваяк”. А вось людзі старэйшага пакалення, якія доўга звыкалі да такога вялікага магазіна, любяць хлеб “Польскі”, які мае мяккі смак і духмяны водар дзяцінства.

Усе кандытары, што працуюць тут, цудоўныя спецыялісты. Марыя Фёдараўна Казак і Валянціна Кліменцьеўна Акостка маюць чацвёрты  разрад, а стаж больш за два дзясяткі гадоў. Кацярына Іванаўна Сярэдзіна і Крупкевіч Паліна Уладзіміраўна – дзяўчаты вельмі старанныя і заўсёды з радасцю вучацца ў вопытных калег. А нядаўна прыйшла на практыку Наталля Сцяпанаўна Чэчка, якая прызнаецца: аб лепшым месцы работы  нават  марыць  не  даводзіцца – настолькі ёй падабаюцца і ўмовы работы, і шчырыя адносіны ў калектыве.

Пакуль “Родны кут” будаваўся, абслугоўванне насельніцтва вялося ў магазіне “Раніца”, які знаходзіцца літаральна цераз дарогу. Зразумела, два ўніверсамы побач – немэтазгодна, таму, параіўшыся з раённым кіраўніцтвам, было вырашана абсталяваць там залу для ўрачыстасцяў. І гэта рашэнне, гаворыць дырэктар, аказалася вельмі трапным і своечасовым. Адчынілася зала другога жніўня і за гэтыя месяцы толькі некалькі выхадных была не занятая, а зараз вяселлі распісаны на ўсе нядзелі студзеня і нават лютага. Тэрыторыя памяшкання больш за 200 квадратных метраў, таму лёгка размяшчаецца каля 270 чалавек, а гэта для Альшан, дзе амаль кожная сям’я мнагадзетная, – вельмі значны плюс.

У арэнду здаецца не толькі памяшканне, але і мэбля, посуд, абрусы. Для зручнасці зрабілі подыум для маладых, ды і святочна ўпрыгожаная арка на ўваходзе радуе вока не толькі гасцей, але і ўсіх, хто праязджае міма. Наяўнасць халадзільных камераў і кандыцыянераў дае магчымасць праводзіць урачыстасці нават у самую вялікую спёку. І маладыя, і бацькі, і госці ў адзін голас сцвярджаюць: лепшага месца для вяселля няма.

У пачатку наступнага года плануецца адчыніць магазін пад назвай “Родны кут” у аграгарадку Вялікае Малешава ў памяшканні бутэрброднай “Рамантыка”, якое цалкам пераабсталявана. Гэты ўніверсам па памерах будзе меншы за альшанскі, але, упэўнены Аляксандр Мікалаевіч, таксама знойдзе ўдзячных пакупнікоў. Што ж, крыху пачакаем і будзем вітаць на адкрыцці новага магазіна жыхароў яшчэ аднаго населенага пункта нашага раёна.

Ганна МЕЛЬНІК

Фота аўтара

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *