Аматарскае аб’яднанне – форма сацыяльна-культурнай актыўнасці

Гэтая тэма была абмеркавана на чарговым раённым семінары культработнікаў, якія сабраліся ў Альманскім сельскім доме культуры.

Удзельнікі семінара азнаёміліся з выстаўкай аматарскіх аб’яднанняў “Кола” і “Аэліта”, якія дзейнічаюць пры Альманскім доме культуры. “Аэліта” – гэта жаночы клуб, дзе прадстаўніцы прыгожай палавіны чалавецтва абмяркоўваюць праблемы сям’і   і  быту,  захапленняў  і  г. д. Найбольш актыўныя ў клубе – Таццяна Буйніч, Алеся Шаўчук, Зоя Буян. “Кола” аб’ядноўвае ўдзельнікаў танцавальных гуртоў.

У раёне дзейнічаюць 112 аматарскіх аб’яднанняў, у іх ліку 92 дзіцячыя. З тэарэтычным матэрыялам па тэме выступіла метадыст па аматарскіх аб’яднаннях раённага арганізацыйна-метадычнага цэнтра Ірына Вабішчэвіч.

Метадычныя парады кіраўнікам аматарскіх вакальна-харавых калектываў даў вядучы метадыст па вакальна-харавым жанры РАМЦ Валерый Шуркала.

Кіраўнік танцавальнага калектыву “Пралеска” Альманскага СДК Ала Дзенісовіч правяла вучобу з кіраўнікамі харэаграфічных калектываў па тэме “Народна-сцэнічны танец як адна з формаў этнакультурнага выхавання навучэнцаў”. Практычнай часткай мерапрыемства стала правядзенне этнадыскатэкі для непаўналетніх. Юныя танцоры выканалі “Кракавяк”, “Падэспань” – танцы, якія бытуюць у нашай мясцовасці, а таксама  “Мальвіна”, запісаны ў Жабінкаўскім раёне, “Карманчык” і  “Базар” – на Гомельшчыне. Пасля ў пары станавіліся культработнікі і развучвалі паказаныя танцы.

У ходзе вучэбна-метадычнага дня была разгледждана інфармацыя па рабоце з непаўналетнімі, якія стаяць на ўліку ў інспекцыі па справах непаўналетніх  альбо знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы і не заняты вучэбнай ці працоўнай дзейнасцю.

Пытанні прафарыентацыйнай работы ў клубных установах, працоўнай і выканаўчай дысцыпліны закрануў у сваім выступленні начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Васіль Андрэевіч Заруба.

На семінары была звернута  ўвага  на   правядзенне мерапрыемстваў да Сусветнага дня прафілактыкі СНІДу і Дня інвалідаў, разгледжаны іншыя арганізацыйныя пытанні.

Галіна ГАШЧУК

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *