Адчулі ўвагу

У жыцці кожнага чалавека бываюць такія моманты, калі здаецца, што ўсё супраць цябе. І мы пачынаем скардзіцца, што грошай няма, праблемы з начальствам або пасварыўся з роднымі. Бо ўсё не так, як ты хочаш, бо не атрымліваецца задуманае. Але мы забываем, што ў жыцці галоўнае само жыццё.

Гэта разумеюць  людзі-інваліды, якія пачынаюць кожны дзень з усмешкі. Яны больш моцныя, бо ім даводзіцца жыць і штодзень змагацца з цяжкай хваробай.

Менавіта аб гэтым гаварыла Людміла Ігнатаўна Максімовіч – старшыня Столінскай раённай грамадскай арганізацыі інвалідаў. Яна ўжо шмат гадоў дапамагае  людзям з абмежаванымі магчымасцямі, ведае, чым жыве кожны з іх, бо ўважліва ставіцца да любой просьбы. У арганізацыі налічваецца 776 інвалідаў, якія ў трэці дзень снежня былі запрошаны на свята, што праходзіла ў памяшканні кінатэатра “Экран” горада Століна.

Валянціна Мікалаеўна Харавец – начальнік упраўлення па працы, сацыяльнай абароне і занятасці насельніцтва адзначыла, што на дадзены момант усе заяўкі па дапамозе інвалідам разгледжаны і многія ўжо выкананы. А тое, што да  Валянціны Мікалаеўны ў прысутных не ўзнікла пытанняў, сведчыць аб тым,  што  работа  вядзецца  і  вядзецца на добрым узроўні.

Як расказала бухгалтар Валянціна Міхайлаўна Жылевіч, у гэтым годзе было накіравана пяць лістоў у раённыя арганізацыі па стварэнні безбар’ернага асяроддзя, чатыры з іх выкананы. Ад замежнай грамадскай дабрачыннай арганізацыі «Динесминдес»  атрымана 14 тон гуманітарнай дапамогі на суму больш за 11 мільёнаў рублёў. Інвалідам першай групы набыта 10 скутараў для руху. Многія атрымалі інвалідныя і прагулачныя каляскі, хадункі і іншае.

Словы ўдзячнасці былі адрасаваны ўсім тым, хто не прайшоў міма чужой бяды. Людміла Ігнатаўна расказала пра акцыю “Дапаможам тым, чым зможам”, галоўнай мэтай якой была арганізацыя дапамогі людзям-інвалідам. Не засталося раўнадушным кіраўніцтва ААТ “Палеская ніва” на чале з Аляксеем Мікалаевічам Бародзічам. З гаспадаркі было дастаўлена 12 тон бульбы, якая была раздадзена 150 чалавекам. Яблыкамі дапамаглі фермер з аграгарадка Альшаны Грыб Міхаіл  Васільевіч і      кіраўніцтва    ААТ   “Лядзецкі”.

Падчас святочнага канцэрта настрой уздымаў хор ветэранаў “Факел”, песні якога падпявалі многія ў зале. Нягледзячы, што калектыў аматарскі, іх выкананне адрознівалася прафесіяналізмам і артыстычнасцю. А Ніна Канстанцінаўна Тумко – інвалід трэцяй групы, валодаючы яскравым музычным талентам, праспявала песню “Выйду на улицу, гляну на село» і атрымала шквал гучных апладысментаў. Узрадаваў прысутных і дзіцячы фальклорны ансамбль “Гарынскія гармонікі”, удзельнікі якога прыемна здзівілі бездакорным валоданнем музычных інструментаў.

Пасля канцэрта госці мелі магчымасць пачаставацца за салодкім сталом, які быў накрыты дзякуючы такім арганізацыям, як Столінскі хлебазавод, вытворчы філіял “Савушкін прадукт”, КУВП “Манькавічы”, а таксама прадпрымальнікам В. А. Васькіну, В. М. Ліс, Д. А. Курчэні, Г. М. Вабішчэвіч, А. У. Куншталю, У. В. Дабрынцу, В. С. Тонік.

Шчыры дзякуй ад імя ўсіх інвалідаў. Бо для іх вельмі важна адчуваць сябе патрэбнымі ў грамадстве, адчуваць сябе звычайнымі людзьмі.

Ганна Мельнік

Фота  аўтара

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *