Абараняючы чалавека працы

Дзясятага снежня ў актавай зале Столінскай дзяржаўнай гімназіі прайшоў трэці пленум Столінскага раённага камітэта прафсаюза работнікаў сістэмы адукацыі.

 На мерапрыемстве прысутнічаў 31 член райкама прафсаюзаў, старшыні прафсаюзных камітэтаў і  прадстаўнікі  ўстаноў адукацыі. У склад прэзідыума ўвайшлі  старшыня раённага камітэта прафсаюза Анатоль Капітонавіч Максімовіч,  намеснік старшыні раённага камітэта прафсаюза Алена Васільеўна Вабішчэвіч, начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Аляксандр Мікалаевіч Вячорка, намеснік старшыні райвыканкама Сяргей Фёдаравіч Сідарэвіч, старшыня Брэсцкай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Віктар Андрэевіч Харытановіч, член Брэсцкага абласнога камітэта прафсаюза Віктар Аляксандравіч Капітанаў.

З асноўным дакладам «Аб стане і задачах пярвічных прафсаюзных арганізацый па выкананні калектыўных дагавораў у святле рашэнняў VII З’езда Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі і VIII З’езда Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі”  выступіў старшыня галіновага прафсаюза Анатоль Максімовіч. Ён падкрэсліў  актуальнасць дадзенага пытання, адзначыў працу кожнай тэрытарыяльнай арганізацыі галіновага прафсаюза і неацэнны ўклад педагагічных работнікаў у агульную справу. Колькасны склад членаў прафсаюза павялічваецца за кошт увядзення ў эксплуатацыю новых аб’ектаў адукацыі: рубельскага ясляў-сада № 2  і ясляў-сада № 2 г. Давыд-Гарадка, павелічэння колькасці маладых спецыялістаў, якім удзяляецца асаблівая ўвага з боку начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму, вучэбна-метадычнага кабінета, прафкама.

 Анатоль Капітонавіч адзначыў, што пагадненне і калектыўны дагавор значна пашырылі магчымасці членаў прафкама ў задавальненні  іх працоўных правоў і сацыяльна-эканамічных інтарэсаў. Кантракты з работнікамі ўстаноў адукацыі заключаюцца па ўзгадненні ўмоў з прадстаўніком прафсаюза. 3218 чалавек працуюць па кантракце, што складае  90,4 працэнта ад агульнай колькасці работнікаў.  Нягледзячы на тое, што павышэння зарабатнай платы не чакаецца, але ў педагагічных работнікаў павінен быць стымул павышаць сваю кваліфікацыйную катэгорыю  як з  матэрыяльнага пункту погляду, так і з мэтай павышэння якасці адукацыйнага працэсу. Важна, каб нарміраванне, аплата працы і матэрыяльнае стымуляванне адбывалася публічна, а пры прыняцці пэўнага рашэння ўлічвалася меркаванне калектыву. Улічваючы неспрыяльныя эканамічныя рэаліі, назіраецца тэндэнцыя на закрыццё навучальных устаноў з-за адсутнасці вучняў і адпаведная праблема  працаўладкавання работнікаў.

Дакладчык закрануў  пытанні сацыяльных гарантый па ахове правоў чалавека працы, забеспячэння спрыяльных умоў працы, аховы здароўя, мерапрыемстваў у межах сацыяльнага партнёрства паміж аддзелам адукацыі Столінскага райвыканкама і Столінскай раённай арганізацыяй прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі і інш.

 Прафсаюзныя актывісты падзяліліся вопытам арганізацыі культурна-масавай, аздараўленчай работы, узаемадзеяння з ветэранамі працы, калектыўна-дагаворных адносін, забеспячэння бяспечных умоў працы,  матэрыяльнага стымулявання і аказання матэрыяльнай дапамогі. Была агучана праблема забеспячэння сродкамі індывідуальнай засцярогі. Разглядаліся пісьмовыя пытанні членаў прафсаюза.

Сідарэвіч Сяргей Фёдаравіч заўважыў, што прафсаюзны ка-мітэт і кіраўнік павінны заўсёды ісці ў адным кірунку, каб атрымаўся адкрыты дыялог.  Прадстаўнікі райвыканкама заўсёды ўлічваюць меркаванне сацыяльнай сферы, але прафесія настаўніка павінна быць на самым высокім узроўні, бо без гэтага не можа быць сапраўднага прафесіянала.

У рабоце пленума  выступіў старшыня абласнога камітэта прафсаюза Харытановіч Віктар Андрэевіч, які  падняў актуальныя пытанні атэстацыі работнікаў дашкольных устаноў  і  кіраўнікоў устаноў адукацыі,  зніжэння нагрузкі работнікаў дашкольных устаноў, працоўных водпускаў, даплаты на метадычную літаратуру, прызначэння датэрміновай пенсіі за выслугу гадоў і г. д. Ён  пажадаў прысутным далейшых поспехаў у гэтай вельмі важнай і патрэбнай працы.

Падчас выступлення начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Аляксандра Мікалаевіча Вячоркі абмяркоўваліся набалелыя пытанні: работа ў дашкольных установах адукацыі,  вучоба па ахове працы, праблемы арганізацыі аздараўлення вучняў, злачынстваў і правапарушэнняў і іншыя.

 З інфармацыяй аб выкарыстанні сродкаў прафсаюзнага бюджэту Столінскай раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі  выступіў галоўны бухгалтар райкама прафсаюза Юрый Мікалаевіч Мышапуд.

  Старшыня райкама прафсаюза Анатоль Максімовіч прапанаваў прагаласаваць за пастанову трэцяга пленума Столінскага раённага камітэта прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі. Ён падкрэсліў, што раённая прафсаюзная    арганізацыя  і  далей  будзе ісці вывераным курсам, папаўняючы сваю работу новымі напрацоўкамі ў інтарэсах усіх яе членаў у цэлым і кожнага паасобку.

Людміла КАСПЯРОВІЧ

Фота аўтара

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *