3 снежня — Дзень інвалідаў: З надзеяй i верай у дабро

3 снежня ў Беларусі адзначаюць Дзень інвалідаў, каб  нагадаць усім нам пра людзей з абмежаванымі магчымасцямі,   якія заўсёды павінны адчуваць сябе камфортна і паўнавартасна ў сацыяльных ўзаемаадносінах.

Агульнавядома, што пераважная большасць дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі здароўя жыве ў сем’ях. Важна,  каб яны не адчувалі сябе адзінокімі ў гэтым вялізным свеце, каб  адчувалі нашу  падтрымку і  цяпло блізкіх ім людзей, а таксама тых,  хто   неабыякавы да лёсу «асаб-лівых» дзяцей. Выхаванне гэтых дзяцей уяўляе пэўныя складанасці. Інваліднасць — гэта велізарныя  выпрабаванні,  якія выпадаюць на долю дзяцей і іх бацькоў. Многае залежыць  ад умення падтрымліваць адзін аднаго!

Большасць бацькоў, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў,  сцвярджаюць, што самае страшнае  — гэта пачуць, што ў цябе бу-дзе дзіця-інвалід. Галоўнае – не разгубіцца, не паддацца страху і цвёрда вырашыць, што раз Богам дадзена – значыць так і па-вінна быць, гэта твой крыж, з якім табе ісці па жыцці, як складана не прыйшлося б.  Змірыцца і зразумець, што такое дзіця – гэта Божы анёльчык (як сцвярджаецца ў праваслаўнай літаратуры), якому ў большай ступені патрэбны дапамога, падтрымка і клопат у параўнанні са звычайнымі дзецьмі.  Нарадзіць  — гэта ўжо гераізм жанчыны, якая прыняла цвёрдае рашэнне. Нельга рабіць аборт ні ў якім разе, бо гэта тваё дзіцятка, якое хоча і павінна ўбачыць свет і абавязкова  жыць. Інваліднасць – гэта не прычына, каб пазбаўляць маленькага чалавечка жыцця. Мы не маем на гэта права. Нарадзіць і адмовіцца ад свайго дзіцяці – гэта не выйсце з сітуацыі. Дзіця-інвалід – гэта не прысуд і не пакаранне, а рэаліі жыцця, з якімі патрэбна жыць і ісці наперад, пераадольваючы ўсе  перашкоды. Ты адказваеш за сваё дзіця, бо яно патрабуе пастаяннай увагі, падтрымкі, дапамогі.  Яно больш чулае  і ранімае. Яго вельмі лёгка пакрыўдзіць і як складана часам даецца сацыялізацыя такіх дзетак, якім неабходна лагодная ўсмешка, добрае слова, спагада і просты ласкавы позірк сустрэчнага. Тое, што нам здаецца простым, для іх бывае складаным выпрабаваннем: цяжка  самастойна дабрацца дадому, нязручна выканаць элементарныя гігіенічныя нормы, складана ўступіць у кантакт з незнаёмым чалавекам з-за страху быць пакрыўджаным, невыносна балюча адчуваць сваю бездапаможнасць і адзіноту… Цяжка, балюча, але іншага выйсця няма. Жыццё працягваецца і  жыць трэба.

Гэтыя сем’і жывуць верай, надзеяй і любоўю. Верай у свае сілы і сілы свайго дзіцяці, надзеяй на хуткае выздараўленне, любоўю і шчырасцю ва ўзаемаадносінах. Здавалася б, столькі выпрабаванняў выпала на іх долю, але гэта не зламала іх, а, наадварот, аб’яднала агульная бяда, падобныя жыццёвыя перыпетыі, уменне радавацца, няхай нязначным,  але ўсё новым і новым перамогам сваіх дзяцей. Як балюча, калі тваё дзіця хварэе і ты нічым не можаш дапамагчы. Доўгі перыяд рэабілітацыі, сустрэчы з дактарамі, наведванне медыцынскіх цэнтраў,  вялікая колькасць лекаў. А яшчэ і праца, якая павінна сумяшчацца з клопатам пра дзіця.   Безумоўна, сям’я з’яўляецца найбольш значным фактарам сацыялізацыі дзіцяці з абмежаванымі магчымасцямі здароўя, бо на яе кладзецца асноўны цяжар адаптацыі, выхавання і адукацыі такіх дзяцей.   Для   падрыхтоўкі іх да жыцця ў грамадстве патрабуюцца дадатковыя духоўныя і матэрыяльныя рэсурсы. Нам цяжка нават уявіць, як складана часам бывае суцешыць дзіця, якое пакрыўдзілі аднагодкі, якое пакутуе, а ты не можаш нічым дапамагчы. Апускаюцца рукі, але трэба ўсміхацца і не дапускаць нават думкі, якая б знайшла адлюстраванне ў свядомасці чалавека, які залежыць ад цябе і спадзяецца толькі на цябе. У такім выпадку могуць узнікаць дзве супрацьлеглыя праблемы: з  аднаго боку  — гэта гіперапека бацькоў, з другога – здараюцца такія выпадкі, калі бацькі саромеюцца сваіх дзяцей. Абодва гэтыя выпадкі памылковыя, бо людзі з абмежаванымі магчымасцямі такія ж, як і мы з вамі. Яны паспяхова вучацца, добрасумленна працуюць, маюць свае духоўныя каштоўнасці, цэняць узаемаадносіны з роднымі і блізкімі, выхоўваюць сваіх дзяцей, не пакідаюць сяброў у любой сітуацыі, ведаюць цану дабру і ўмеюць адмаўляць негатыў.

 Усё больш бацькоў адважваюцца  выхоўваць дзіця-інваліда: развіваецца сістэма сацыяльнай, прафесійнай падтрымкі; расце прафесіяналізм сацыяльных работнікаў, якія спецыялізуюцца на дапамозе такой  сям’і; выдаюцца законы, якія разбураюць перашкоды ў жыцці інвалідаў. Аднак сімвалічныя бар’еры зламаць часам значна складаней, тут патрабуецца развіццё культурных каштоўнасцяў, такіх, як талерантнасць, павага чалавечай годнасці, гуманізм, роўнасць правоў, незалежнасць.

Старшыня праўлення Столінскага раённага грамадскага аб”яднання «Цэнтр падтрымкі маладых інвалідаў» Міхаіл Рыгоравіч Скрабейка расказвае, што ў Цэнтры, які арганізаваны для патрэб  маладых інвалідаў, такія людзі змогуць адчуць сябе запатрабаванымі грамадствам, бо ім даецца магчымасць прыносіць карысць. У Цэнтры размешчаны два пакоі для адпачынку людзей, дзе яны змогуць пераначаваць па меры неабходнасці, ёсць невялічкая кухня, санвузел, вялікі рабочы кабінет, дзе створаны спрыяльныя ўмовы для працоўнай дзейнасці (стаяць станкі, усталявана печ для абпальвання гліны і г. д.), прасторная  зала  для правядзення пасяджэнняў і самае галоўнае – пакойчык, дзе чалавек можа застацца адзін на адзін з сабой і проста выказаць набалелае Усявышняму. Тут размешчана ікона Манефы Гомельскай і часцінка яе мошчаў, якая лічыцца абаронцай людзей з абмежаванымі магчымасцямі, а таксама іконы святых, якія мацуюць  інвалідаў і  надаюць веру і надзею ў тое, што ўсё будзе добра. Важна, што ўзаемная падтрымка, сяброўскія цёплыя ўзаемаадносіны і занятасць працоўнай дзейнасцю знішчаюць усе барьеры, якія існуюць паміж грамадствам і такімі людзьмі. А бачыць іх шчырасць, адкрытасць, давер і ўдзячнасць – вось цана нашых сумесных намаганняў. Наша спагадлівасць, добразычлівасць і матэрыяльная дапамога здольныя зрабіць шчаслівымі многіх людзей.

Сваю падзяку выказвае і Саладоўнік Ганна Паўлаўна, якая расказвае, што размеранае жыццё яе брата Эдуарда Шораха з аг. Беражное змяніў  трагічны выпадак, але людзі не пакінулі іх. Кожны стараўся падтрымаць, дапамагчы. Цяжка пераацаніць  ролю супрацоўнікаў Столінскай ЦРБ, бо дзякуючы гэтым людзям Эдуард імкліва ідзе на папраўку. Прафесійна зроблена аперацыя, аказана высокаква-ліфікаваная дапамога і інтэнсіўны курс рэабілітацыі дапамагаюць чалавеку паверыць у сябе, даюць надзею на будучыню і веру ў жыццё. Усе, да каго прыйшлося звяртацца па дапамогу, шчыра і ветліва адказвалі на просьбы, а падтрымка  і добрае слова  ў такім выпадку – той інструмент, які здольны зрабіць вельмі многа.

Шаноўныя чытачы, у вас заўсёды ёсць магчымасць зрабіць шчаслівейшым хоць аднаго чалавека, дапамагчы, падарыць на-дзею. Прыміце ўдзел у дабрачыннай акцыі збору матэрыяльных сродкаў для патрэб людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Менавіта зараз, у перыяд  посту, вашы добрыя справы абавязкова вернуцца да вас.

Людміла  КАСПЯРОВІЧ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *