22 снежня – Дзень энергетыка: Будзем са святлом!

Дынамічнае развіццё  энергетыкі з’яўляецца магутным імпульсам для стабільнага росту прамысловага патэнцыялу краіны і якасці жыцця нашых грамадзян. Вынікі адыходзячага 2015 года дазваляюць гаварыць аб высокім прафесіяналізме, адказнасці і адданасці сваёй справе нашых энергетыкаў. За апошнія некалькі гадоў беларускім энергетыкам удалося значна павялічыць надзейнасць энергасістэмы. Адным з ключавых інавацыйных праектаў, які мае стратэгічнае значэнне для забеспячэння энергетычнай бяспекі краіны, з’яўляецца будаўніцтва атамнай электрастанцыі.

Мантаж абсталявання першага ядзернага рэактара Беларускай АЭС пачнецца ў 2016 годзе.

Вось што напярэдадні прафе-сійнага свята энергетыкаў расказаў карэспандэнту “НП” начальнік Столінскага раёна электрасетак Сяргей Андрэевіч ХВЯДЧУК.

— 2015 год выдаўся надта напружаным не толькі для будаўнікоў, прамыслоўцаў, вытворцаў і іншых, але і для нас, энергетыкаў. Але поспех любой справы вызначаюць людзі. У Год моладзі асаблівая ўвага надавалася маладым спецыялістам – менавіта ў іх руках знаходзіцца будучыня нашай энергетыкі. Сёння яны атрымліваюць у калектыве не толькі прафесійныя веды і працоўныя ўменні, але і набываюць жыццёвую мудрасць, якой дзеліцца з імі старэйшае пакаленне.

Шчырых слоў падзякі заслугоўваюць нашы ветэраны. Мы цэнім іх энергію, вопыт, якімі яны заўсёды рады падзяліцца, гатоўнасць прыняць удзел у вырашэнні розных складаных пытанняў.

Прыемна адзначыць, што ў гэтым годзе нам удалося выканаць усе даведзеныя планы і задачы. Быў праведзены капітальны рамонт 108,2 км паветраных ліній магутнасцю 10 кВ і 150,6 км магутнасцю 0,4 кВ. Правялі капітальны рамонт і на 19 трансфарматарных падстанцыях. Заменены 23 апоры ліній 10 кВ і 170 апор ліній 0,4 кВ, больш за 12,5 км электраправадоў. Нашымі сіламі праводзілася таксама чыстка просекі, дзе ідзе паветраная лінія 10 кВ – больш за 55 га. Выканана і заданне па эканоміі паліўна-энергетычных рэсурсаў – 34,59 тон умоўнага паліва.

Упэўнены, што назапашаны кадравы і тэхнічны патэнцыял у галіне энергетыкі дазволіць і ў будучыні паспяхова вырашаць задачы, накіраваныя на павелічэнне энергетычнай бяспекі і на-дзейнасці энергазабеспячэння нашых грамадзян.

Аляксандр НІКІФАРЭНКА

Фота аўтара

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *