200 – прыемны юбiлей!

У актавай зале ЗАГСа Столінскага райвыканкама ў мінулы чацвер прайшла ўрачыстая рэгістрацыя нованароджанага дзіцяці. Урачыстасць гэтая прыкметная тым, што ў горадзе Століне нарадзілася і было зарэгістравана двухсотае дзіця.

Юбілейным імяніннікам стаў Мікіта, сын Уладзіміра  Васільевіча і Настассі Валер’еўны Драпеяў. Гэта ўжо другое дзіця ў дружнай маладой сям’і, якая на ўрачыстасць прыйшла з трохгадовым сынам Арцёмам. Пакуль яны здымаюць жыллё, але настойліва будуюць свой дом у горадзе.

Загадчыца аддзела ЗАГС Вольга Радзівонаўна Бут-Гусаім адзначыла, што з пачатку года ў горадзе Століне нарадзілася на дваццаць дзяцей больш, чым на гэты ж перыяд мінулага года. Летась двухсотае дзіця ў Століне, а гэта была Вольга Мазан, было зарэгістравана 23 снежня.

Больш нарадзілася дзяцей у параўнанні з мінулым годам і ў цэлым па раёне. Напомнім, што летась за год па раёне нарадзіліся 1082 хлопчыкі і дзяўчынкі.

З нагоды юбілейнага нованароджанага рэдакцыя газеты “Навіны Палесся” падарыла сям’і Драпеяў падпіску  на раённую  газету  на першы  квартал 2016 года.

Тэкст і фота  Фёдара ШУМКО

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *