З тэндэнцыяй павышэння якасцi дашкольнай адукацыi

Дашкольная адукацыя зяўляецца першай прыступкай цэласнай сістэмы адукацыі. Таму для маленькіх грамадзян нашай рэспублікі важна атрымаць якасныя адукацыйныя паслугі ў дашкольных навучальных установах

Кіраванне работай дзіцячых дашкольных устаноў ажыццяўляецца мясцовымі органамі адукацыі. Таму карэспандэнтНПзвярнулася да галоўнага спецыяліста па дзяржаўных установах дашкольнай адукацыі Столінскага раённага аддзела адукацыі, спорту і турызму Людмілы Іванаўны Буйніч, каб абмеркаваць пытанне якасці дашкольнай адукацыі.

– Людміла  Іванаўна, растлумачце, калі ласка,  як у нашым раёне вырашаецца пытанне забяспечанасці месцамі ва ўстановах дашкольнай адукацыі?

– З мэтай забеспячэння даступнай якаснай дашкольнай адукацыі ў раёне рэалізоўваліся мерапрыемствы Праграмы развіцця сістэмы дашкольнай адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь на 2009-2014 гг.

За перыяд з 2009 па 2015 год створана 890 месцаў для дашкольнікаў як за кошт аптымізацыі дзеючай сеткі ўстаноў адукацыі, так і за кошт новага будаўніцтва. Толькі ў 2015 годзе  пабудаваны яслі-сад на 75 месцаў у аграгарадку Рубель, завершана рэканструкцыя воінскіх казармаў пад дзіцячы сад на 100 месцаў у г. Давыд-Гарадку, з прыстасаванага памяшкання Аздаміцкі яслі-сад пераведзены ў будынак Аздаміцкай сярэдняй школы, выведзены ў школу першы клас з Манькавіцкага ясляў-сада і адкрыта адна дашкольная група. Акрамя таго ў бягучым навучальным годзе арганізаваны падвоз 247 выхаванцаў у 15 устаноў дашкольнай адукацыі. У 2015-2016 навучальным годзе ў раёне функцыянуюць  43 установы, якія рэалізуюць праграму дашкольнай адукацыі. У іх па праекце налічваецца 3190 месцаў, спісачны склад налічвае 2598 дзяцей. У дашкольных установах месцы вылучаны ўсім жадаючым.

– Пераважна з якога ўзросту дзеці пачынаюць наведваць установы дашкольнай адукацыі?

– Так склалася, што ў горадзе  дзеткі ідуць у яслі-сад з двух гадоў,  а  ў сельскай мясцовасці —  з трох гадоў. Усяго ў раёне з двух гадоў наведвае ўстановы дашкольнай адукацыі 191 дзіця (27 працэнтаў ад пражываючых).

– Ці мае якая-небудзь катэгорыя грамадзян ільготы на першачарговае залічэнне дзіцяці ва ўстанову дашкольнай адукацыі?

– Не мае. Кодэксам Рэспублікі Беларусь аб адукацыі ад   13  студзеня  2011 года  № 243-3 ільготы па прыёме ва ўстановы дашкольнай адукацыі  не  прадугледжваюцца.

– Якія паслугі сёння прапануюцца бацькам установамі дашкольнай адукацыі?

– На сёння ва ўстановах дашкольнай адукацыі функцыянуе 135 груп агульнага прызначэння, пяць санаторных груп, дзве спецыяльныя групы, чатыры групы інтэграванага навучання, сем пунктаў карэкцыйна-педагагічнай дапамогі. З улікам  запытаў бацькоў працуюць 11 новых формаў арганізацыі дашкольнай адукацыі: адаптацыйныя групы, «гульнявая пясочніца», «матчына школа».

– Ці можна атрымаць сёння адукацыйныя паслугі на платнай аснове?

– Так, на платнай аснове па запытах бацькоў могуць адкрывацца групы кароткачасовага знаходжання дзяцей.  Гэта могуць быць гульнявыя і сезонныя пляцоўкі, групы вячэрняга знаходжання, групы выхаднога дня, адаптацыйныя групы. Акрамя таго, на платнай аснове могуць арганізоўвацца адукацыйныя паслугі звыш базавага кампанента вучэбнай праграмы дашкольнай адукацыі, напрыклад, харэаграфія, ткацтва, замежная мова і іншыя. У 2015-2016 навучальным годзе на платнай аснове арганізавана вывучэнне замежнай мовы ў рэчыцкім яслях-садзе № 3.

– І з нашай гутаркі вынікае апошняе пытанне:  што ж з’яўляецца асноўным паказчыкам якасці дашкольнай адукацыі?

– Асноўным паказчыкам якасці дашкольнай адукацыі з’яўляецца стан здароўя выхаванцаў,  яго захаванне і ўмацаванне. У  параўнанні з 2009 годам назіраецца  тэндэнцыя зніжэння захворванняў дзяцей і складае за 9 месяцаў 2015 года 5,25 дня, прапушчаных у год з прычыны  хваробы адным выхаванцам (у 2009  годзе  – 14,0 дня).

Гутарыла

Людміла КАСПЯРОВІЧ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *