Якая яна, вясковая школа Палесся?

Зайсці ў гэтую навучальную ўстанову ў мяне была дастойная нагода. Напярэдадні Дня настаўніка дырэктар Аздаміцкай сярэдняй школы Анатолій Іванавіч Мікуліч быў узнагароджаны Ганаровай граматай упраўлення адукацыі Брэсцкага абласнога выканаўчага камітэта. А гэтага, безумоўна, трэба заслужыць. Ды і цікава пабачыць, чым жыве вясковая школа ў глыбінцы Палесся.

–  Рэдка   да    нас   госці  заходзяць, шчыра рады вас бачыць! –  сустракае дырэктар.

 І пачынаецца наша экскурсія па школе, якая ўражвае сваёй утульнасцю і прыгажосцю. У наступным годзе 30 гадоў міне, як яе пабудавалі. Дагэтуль школа размяшчалася ў  польскім памяшканні, зробленым яшчэ да вайны. Успамінае Анатолій Іванавіч, наколькі будаўніцтва новай школы было значнай падзеяй для вёскі. Больш таго, ён і сам удзельнічаў у будаўніцтве. Будучы падлеткамі, разам з сябрамі яны падносілі цэглу і пясок, дапамагалі старэйшым. Таму не дзіўна, што для дырэктара гэтая школа не проста месца работы, а насамрэч другі дом.

Скончыўшы Брэсцкі педагагічны інстытут імя Пушкіна, Анатолій Іванавіч зноў апынуўся ў родных мясцінах. Крыху працаваў педагогам-арганізатарам у Мачулі, а калі з’явілася свабодная вакансія ў Аздаміцкай сярэдняй школе, стаў працаваць настаўнікам гісторыі. Выкладае гэты прадмет і зараз, па сумяшчальнасці з асноўнай работай. Мяркую,  будзе дарэчы адзначыць, што ў свой час, калі прапанавалі стаць дырэктарам, увесь калектыў падтрымаў маладога настаўніка і вось ужо 13 гадоў Анатолій Іванавіч кіруе караблём ведаў.

– Шчыра прызнаюся, адразу вельмі хваляўся, імкнуўся апраўдаць давер. Як жа, за аўтарытэт усёй школы адказваеш! Таму вельмі ўдзячны сваім калегам, якія дапамагалі слушнай парадай, і я ведаў, што заўсёды магу з імі параіцца. Многія з іх бачылі мяне вучнем, а тут я кіраўнік. А самі разумееце, калі нешта не так у калектыве, уся работа пад адхон пойдзе. І, зразумела, радуе той факт, што магу ўпэўнена сказаць: мы разам за агульную справу. Кожны заслугоўвае толькі слоў удзячнасці і павагі. Шмат гадоў аддалі сваёй справе Паўловіч Ганна Аляксееўна – настаўніца матэматыкі, Алена Пятроўна Коваль – настаўнік фізікі. Ды і моладзь у нас з энтузіязмам падышла да справы. Наталля Аляксееўна Леўкавец –  настаўніца пачатковых класаў, а настаўніца нямецкай мовы Алена Аляксееўна Сямейка сваім прыкладам даказвае: маладосць не  перашкаджае паказваць добрыя вынікі. Асабіста я словы падзякі хачу сказаць Пятру Гаўрылавічу Кірэчку – былому дырэктару Мачульскай базавай школы. Ён для мяне – прыклад не толькі цудоўнага кіраўніка, але і вельмі спагадлівага і добрага чалавека. Да яго звяртаўся, калі чагосьці не разумеў ці не атрымлівалася  задуманае,  –   дзеліцца Анатолій Іванавіч.

Але не па словах, а па справах відаць якасць работы. А факты гавораць самі за сябе. На працягу доўгага часу Аздаміцкая сярэдняя школа мае высокі рэйтынг. Два гады таму яна займала чацвёртае месца па паказчыку паступлення выпускнікоў у вышэйшыя навучальныя ўстановы, стаўшы лепшай сярод вясковых школ. І ў гэтым годзе ёсць чым ганарыцца: з залатым медалём скончылі школу тры чалавекі, 60 працэнтаў выпускнікоў сталі студэнтамі ВНУ, астатнія працягнулі вучобу ў вучылішчах і каледжах. І толькі адна дзяўчына  не  паступіла па стане здароўя. Яскравым прыкладам настаўніцкай самаадданасці з’яўляецца праца настаўніцы беларускай мовы і літаратуры Валянціны Сцяпанаўны Мікуліч і настаўніка біялогіі і геаграфіі Мальцэвіча Івана Анатольевіча, вучні якіх неаднаразова абаранялі гонар школы на алімпіядах і конкурсах. У 2014 годзе Вікторыя Матузава атрымала дыплом другой ступені за ўдзел    у  алімпіядзе па беларускай мове ў вобласці, была ўдзельніцай рэспубліканскага    этапа.    Вялікіх   поспехаў у веданні геаграфіі дасягнула  вучаніца Кацярына Леўкавец, якая таксама была другой у вобласці. Ды і тэсціраванне па беларускай мове дзяўчаты прайшлі бліскуча: набралі па 96 і 94 балы адпаведна.

Якасная адукацыя заўсёды ў прыярытэце ў Аздаміцкай сярэдняй школе. Таму  сярод  выпускнікоў мінулых гадоў ёсць людзі, якія даказваюць гэта. Валерый Пятровіч Шпакевіч, урач нейрахірург, навуковы супрацоўнік РНПЦ нейрахірургіі. Закончыў Аздаміцкую СШ у 1995 годзе з сярэбраным медалём.

Наскевіч Іван Данілавіч, старшыня следчага камітэта Беларусі. Закончыў Аздаміцкую СШ у 1987 годзе.

Мікуліч Аляксей Васільевіч, дырэктар КУВП «Манькавічы», доктар эканамічных навук. Закончыў Аздаміцкую   СШ  у 1970 годзе.

Труханавец Сяргей Антонавіч, дырэктар сярэдняй школы  № 2 г. Давыд-Гарадка.  Закончыў  Аздаміцкую СШ у 1981 годзе.

Ведаюць вучняў  Аздаміцкай сярэдняй школы і як заўзятых спартсменаў. Добрыя вынікі яны паказваюць па баскетболе, лёгкай атлетыцы, турызме. А Шпакевіч Аляксей зараз займаецца ў школе алімпійскага рэзерву.

Прывабна выглядае школа і знадворку. Дзякуючы намаганням Столінскага райвыканкама на працягу 2013-2015 гадоў  праведзены рамонт даху школы, заменены вокны ва ўсіх школьных памяшканнях, праведзены рамонт абедзеннай залы, адрамантаваны сістэмы водазабеспячэння і каналізацыі.

Вакол школы прыгожа і радуе вочы чысціня. Ёсць свой школьны парк – любімае месца адпачынку вучняў і вясковай моладзі. Усе дрэвы пасаджаны дбайнымі рукамі настаўнікаў і вучняў. І Анатолій Іванавіч упэўнены: з цягам часу ён будзе толькі павялічвацца, бо поўніцца школа ўдзячнымі вучнямі.

Ганна Мельнік

Фота аўтара

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *