«Хуткая дапамога» …для жывёлы

У спісе лепшых людзей аграпрамысловага комплексу Століншчыны, якіх сёння ўшаноўваюць на святкаванні Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці аграпрамысловага комплексу ў Століне, ёсць і прозвішча загадчыка Рубельскай участковай ветэрынарнай ветлячэбніцы, вядучага ветурача-эпізаатолага Аляксея Пятровіча Марчука.

У сферы абслугоўвання ветлячэбніцы, у якой працуюць чатыры спецыялісты, знаходзіцца практычна ўся свойская жывёла на тэрыторыі Рубля і Хатомеля. А гэта не толькі каровы, коні, свінні як  з   мясцовага  сельгаспрадпрыемства, так  і з падворкаў вяскоўцаў. Без увагі ветэрынарных спецыялістаў не пакінуты нават каты і сабакі. Толькі коней у гэтых населеных пунктах больш за 600.

– Асноўная наша работа скіравана на прафілактыку захворванняў жывёлы, – расказвае Аляксей Пятровіч. – Пераважную частку нашага часу займаюць вакцынацыя, даследаванні на захворванні кароў мастытамі, іншымі небяспечнымі хваробамі.

Ветлячэбніца – незаменная “хуткая дапамога” для вясковай жывёлы. Ніхто тут не прыпамінае выпадку, калі б у ветлячэбніцы адмовілі ў выкліку да хворых кароўкі ці парсюка ў любы час сутак. Дабіраюцца на адрасы калі пешшу, калі веласіпедам, часцей – на ўласных аўтамашынах.

На падведамаснай тэрыторыі работнікі ветлячэбніцы эфектыўна вядуць прафілактыку і выяўленне захворванняў мастытам кароў. Адладжана сістэма папярэджвання рэалізацыі з гаспадаркі і ад жывёлы насельніцтва малака з утрыманнем антыбіётыкаў. Усё гэта пад пільным кантролем Аляксея Пятровіча.

Наогул, Аляксей Пятровіч не толькі выдатны і вопытны спецыяліст, знаўца сваёй справы, а і даволі мабільны чалавек, які добра разумее запыты вяскоўцаў. Разумны, кантактны. І такі неабходны ў вёсцы, можна сказаць, незаменны.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *