Хачу прыгожую ўсмешку, цi Якiя вiды пратэзавання прапануюць у Столiнскай ЦРБ

Правільны догляд зубоў, рэгулярнае наведванне спецыяліста і, як вынік, здаровыя зубы  – важны складнік у агульным здароўі чалавека. Насамрэч, прыгожая ўсмешка мае вялікае значэнне, у любой жыццёвай сітуацыі дазваляе адчуваць сябе больш упэўнена. З лістапада жыхары райцэнтра і раёна змогуць скарыстацца новымі стаматалагічнымі паслугамі, якія цяпер аказваюць у Столінскай цэнтральнай раённай бальніцы. 

Па-першае, цяпер у стаматалагічным аддзяленні для бездакорнай усмешкі можна паставіць металакерамічныя каронкі.

Гэты метад мае шэраг пераваг: хуткая адаптацыя да новых каронак, адсутнічаюць алергічныя рэакцыі, цалкам аднаўляецца жавальная функцыя.

– Металакераміка – моцны і даўгавечны матэрыял, ён устойлівы да сцірання, мае высокую механічную трываласць, – расказвае ўрач-стаматолаг Станіслаў Аркадзьевіч Шоцкі. – Такія пратэзы выглядаюць натуральна, ніяк не адрозніваюцца па колеры і форме ад сапраўдных зубоў.

Зубная металакераміка, пратэзаванне якой праводзіцца з захаванннем усіх нормаў, не наносіць ніякай шкоды, не  ўтрымлівае таксіны. Гэтая паслуга падыдзе пацыентам, у якіх зуб разбураны больш чым на 50 працэнтаў, калі пламбаванне не можа аднавіць функцыю зуба. Металакерамічнае пратэзаванне дазваляе замяніць пярэднія, бакавыя групы зубоў.

 Дзякуючы поўнаму пакрыццю пад каронкай захоўваецца апорны зуб. Тэрмін службы гэтага віду пратэзаў дасягае 10-ці гадоў.

Па-другое, да паслуг пацыентаў – ацэтылавыя пратэзы. Гэты від аднаўлення зубоў у стаматалогіі з’явіўся параўнальна нядаўна. Яны прыйшлі на змену металічным і акрылавым канструкцыям. Канструкцыя ацэтылавага пратэза больш цвёрдая, чым у акрылавых мадэлях. Тэрмін іх выкарыстання значна большы.

Асаблівасць дадзенага метаду – гэта тое, што яны вырабляюцца з ацэтылавых пластмас, якія максімальма біясумяшчальныя паміж сабой, — працягвае ўрач. –  Па паказчыках трываласці яны не ўступаюць нават металу. Зламаць пратэз можна, але толькі ў тым выпадку, калі выгнуць яго да вугла 90 градусаў. Ацэтылавая канструкцыя мае высокія эстэтычныя ўласцівасці.

Ацэтылавы пратэз прымацоўваецца з дапамогай спецыяльных прыстасаванняў, якія для навакольных непрыкметныя. Яго можна выкарыстоўваць і пры адсутнасці некалькіх зубоў, і пры больш сур’ёзных праблемах.

Яшчэ адна новая паслуга – устаноўка бюгельных пратэзаў. Слова “бюгель” з нямецкай мовы пераводзіцца як “дуга”.

Асноўным кампанентам бюгельнага пратэза з’яўляецца металічная дуга, зробленая са спецыяльнага сплаву. Памер такога пратэзу значна ніжэйшы, чым у пратэза з пластмасы.

Пры ўстаноўцы на верхняй сківіцы знаходзіцца тонкая дуга з металу, а не аб’ёмная пластмасавая перамычка (яна  перашкаджае адчуваць смак і размаўляць).

Тэрмін эксплуатацыі бюгельных пратэзаў у два разы большы, чым у пластмасавых здымных канструкцый.

Даўно марылі надаць увагу сваім зубам?  Зараз самы час! Хочацца мець здаровую і прыгожую ўсмешку – звяртайцеся да спецыялістаў, якія абавязкова вам дапамогуць.

Святлана ШПАКОЎСКАЯ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *