Візіт Прэзідэнта Сербіі ў Беларусь

Прэзідэнт Сербіі Таміслаў Нікаліч знаходзіўся з афіцыйным візітам у Беларусі 18-20 лістапада. Кіраўнік беларускай дзяржавы Аляксандр Лукашэнка і Прэзідэнт Сербіі правялі перагаворы ў вузкім і пашыраным складах. Лідары дзвюх краін падпісалі сумесную заяву.

Кіраўнік сербскай дзяржавы азнаёміўся з экспазіцыяй музея «Замкавы комплекс «Мір», наведаў Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, ААТ «Мінскі трактарны завод».

Кіраўнік беларускай дзяржавы Аляксандр Лукашэнка  і  Прэзідэнт Сербіі Таміслаў Нікаліч 20 лістапада заклалі капсулу на будпляцоўцы эксперыментальнага шматфункцыянальнага комплексу «Мінск-Мір», што сімвалізуе пачатак яго будаўніцтва.

Праект рэалізуецца з прыцягненнем сербскіх інвестараў. Аб’ект размесціцца на плошчы 320 га на тэрыторыі былога аэрапорта Мінск-1. Там з’явіцца 30 тыс. кватэр, новы парк плошчай 50 га, чатыры школы і дзевяць дзіцячых садоў, а таксама гандлёвы і фінансавы цэнтры. Аб’ём прамых замежных інвестыцый на чыстай аснове з Сербіі ў першым паўгоддзі 2015 года склаў $45,5 тыс. У Беларусі з удзелам сербскага капіталу дзейнічаюць 6 сумесных і 5 замежных арганізацый, 2 прадстаўніцтвы.

У адносінах Беларусі і Сербіі няма праблемных пытанняў, якія не вырашаліся б

Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы са сваім сербскім калегам Таміславам Нікалічам 19 лістапада.

Гаворачы аб гандлёва-эканамічных адносінах, Прэзідэнт Беларусі нагадаў аб пастаўленай перад урадамі дзвюх краін задачы па дасягненні аб’ёмаў узаемнага гандлю ў памеры $0,5 млрд. У 2014 годзе краіны дасягнулі ўжо $250 млн тавараабароту.

Што датычыцца палітычных адносін, то Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што праблем таксама няма.

Ён нагадаў, што Беларусь нядаўна наведваў міністр замежных спраў Сербіі. Адбылася вельмі канструктыўная размова, абмеркаваны многія пытанні, больш за ўсё закранаючы тэму Украіны. «І ўсё, аб чым прасілі нас вашы калегі, мы свята выконваем, і не толькі таму, што гэта трэба рабіць, што мы вам паабяцалі, але яшчэ і таму, што Украіна — вельмі блізкая, родная нам краіна. І мы хацелі, каб там заўсёды быў мір», — сказаў Прэзідэнт Беларусі.

Лукашэнка прапанаваў распрацаваць дарожную карту супрацоўніцтва Беларусі і Сербіі на бліжэйшыя гады

На думку Прэзідэнта Беларусі, гэта стала б добрай асновай для далейшага развіцця супрацоўніцтва дзвюх славянскіх дзяржаў.

Аляксандр Лукашэнка са шкадаваннем канстатаваў, што Беларусь і Сербія пакуль не ў поўнай меры выкарыстоўваюць патэнцыял інвестыцыйнага супрацоўніцтва.

Лукашэнка запрашае  прадпрымальнікаў Сербіі да рэалізацыі праектаў у Беларусі

На думку Аляксандра Лукашэнкі, цяпер ёсць добры шанц, і ім трэба скарыстацца, перш за ўсё прадпрымальнікам Сербіі.  Ён падкрэсліў, што Беларусь абсалютна адкрыта для сербскіх прадпрымальнікаў. «Прыходзьце, давайце будзем развіваць тут тое, што цікавіць Сербію. Давайце мы будзем тое, што вам цікава, ствараць разам з вамі на вашай тэрыторыі і гандляваць з іншымі дзяржавамі. Але нельга траціць час, таму што ўпушчанае будзе вельмі складана навярстаць», — сказаў Прэзідэнт Беларусі.

На думку беларускага лідара, удзел Беларусі ў Еўразійскім эканамічным саюзе і наяўнасць у Сербіі рэжыму свабоднага гандлю з Еўрасаюзам і краінамі Балканскага рэгіёна ствараюць спрыяльныя ўмовы для нарошчвання патэнцыялу беларуска-сербскага гандлёва-эканамічнага і інвестыцыйнага ўзаемадзеяння.

Кіраўнік беларускай дзяржавы адзначыў, што ў Беларусі цвёрдыя намеры па развіцці двухбаковага навукова-тэхнічнага супрацоўніцтва. Так, праведзены ўжо шэраг сумесных даследаванняў, вучоныя сумесна рэалізуюць праекты ў сферы эксперыментальнай батанікі, фізікі, інфарматыкі, у іншых галінах.

Беларусь падтрымлівае тэрытарыяльную цэласнасць Сербіі

«Беларусь падтрымлівае тэрытарыяльную цэласнасць Сербіі і вітае намаганні сербскага кіраўніцтва па нармалізацыі сітуацыі ў краі Косава і Метохія для забеспячэння мірнага жыцця ў гэтым рэгіёне», — сказаў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка з задавальненнем адзначыў, што ў Беларусі і Сербіі адсутнічаюць рознагалоссі па пытаннях двухбаковага супрацоўніцтва і актуальных міжнародных праблемах.

Сербія цэніць падтрымку Беларусі ў эканоміцы і палітыцы

Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Сербіі Таміслаў Нікаліч на перагаворах у пашыраным складзе з кіраўніком беларускай дзяржавы Аляксандрам Лукашэнка.

Таміслаў Нікаліч канстатаваў, што Сербія зведвае цяжкасці. «Вельмі цяжка ёй цяпер ісці наперад пад цяжарам праблем, якія яна стварыла сама для сябе. І падтрымка Беларусі вельмі цэнная для нас», — сказаў ён і выказаў удзячнасць беларускаму боку.

Сербія цэніць і палітычную падтрымку Беларусі, улічваючы прынцыпы міжнароднага права, якіх яна прытрымліваецца ў знешняй палітыцы. «Калі Сербія звяртаецца да вас для абароны яе інтарэсаў у Косаве і Метохіі, вы гэта робіце для нас», — падкрэсліў Таміслаў Нікаліч.

Лідары дзвюх краін рэгулярна праводзяць сустрэчы, абмяркоўваюць эканамічныя адносіны. «Эканоміка лягчэй развіваецца, калі наладжваецца дружба. Думаю, паміж нашымі і вашымі грамадзянамі існуе і дружба, і каханне, і абсалютнае разуменне», — адзначыў Таміслаў Нікаліч.

Нікаліч спадзяецца на трываласць рашэння ЕС па адмене санкцый супраць Беларусі

«Спадзяюся, што  адмена санкцый будзе трывалая. Санкцыі — заўсёды ганьба для тых, хто іх уводзіць, а не для тых, у адносінах да каго іх уводзяць», — падкрэсліў Прэзідэнт Сербіі. Санкцыі –  знак бескантрольнай сілы, дадаў ён.

Таміслаў Нікаліч канстатаваў, што ЕС памыляўся, не супрацоўнічаючы з Беларуссю. Затым нармандская чацвёрка сабралася менавіта ў Мінску, каб весці перагаворы, калі сітуацыя ва Украіне стала трагічнай, звярнуў увагу Прэзідэнт Сербіі.

Закранаючы двухбаковыя адносіны, ён адзначыў,  што  лідары дзвюх краін умацавалі   супрацоўніцтва Беларусі і Сербіі і асабістую дружбу.

Лукашэнка і Нікаліч падкрэсліваюць прыхільнасць Беларусі і Сербіі да выканання міжнароднага права

Аб гэтым сказана ў сумеснай заяве, якую падпісалі 19 лістапада ў Мінску Аляксандр Лукашэнка і Таміслаў Нікаліч.

Прэзідэнты падкрэслілі прыхільнасць дзвюх краін да выканання таксама мэт і прынцыпаў ААН, умацавання яе цэнтральнай ролі ў вырашэнні ўсяго комплексу пытанняў па падтрыманні міру і бяспекі, сустрэчы з сучаснымі выклікамі і пагрозамі, мірным урэгуляванні міжнародных канфліктаў і спрэчак. Лідары дзвюх краін дамовіліся пашыраць супрацоўніцтва па лініі  рэгіянальных аб’яднанняў і ініцыятыў.

Кіраўнікі дзяржаў адзначылі канструктыўнае супрацоўніцтва Беларусі і Сербіі ў АБСЕ. Падкрэслілі прыхільнасць бакоў да мэт захавання ролі арганізацыі як  важнейшага  форуму   для вядзення раўнапраўнага і збалансаванага дыялогу па пытаннях бяспекі і супрацоўніцтва, павышэння яе эфектыўнасці пры захаванні асноўнага прынцыпу кансэнсусу.

Аляксандр Лукашэнка і Таміслаў Нікаліч высока ацанілі вынікі супрацоўніцтва і прагрэс у розных галінах, дасягнутыя пасля сустрэчы на вышэйшым узроўні ў 2014 годзе ў Бялградзе, праявілі ўзаемную зацікаўленасць у далейшым падтрыманні рэгулярнага двухбаковага палітычнага дыялогу на вышэйшым і высокім узроўнях, дынамічным развіцці міжпарламенцкіх сувязяў, удасканаленні дзеючых і стварэнні новых механізмаў беларуска-сербскага  ўзаемадзеяння ў гандлёва-эканамічнай сферы, пашырэнні дагаворна-прававой базы супрацоўніцтва.

Мінск   разлічвае  ў  2016  годзе сабраць кіраўнікоў былых югаслаўскіх рэспублік

Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з Прэзідэнтам Сербіі Таміславам Нікалічам.

Аляксандр Лукашэнка і Таміслаў Нікаліч паразмаўлялі ў нефармальнай  абстаноўцы.  Прэзідэнт Беларусі, у прыватнасці, адзначыў, што гэта будзе вельмі сімвалічна, калі ў наступным  годзе тут змогуць сабрацца кіраўнікі рэспублік былой Югаславіі з вельмі важнай нагоды  –  будаўніцтва комплексу «Мінск-Мір».

Кіраўнік дзяржавы выказаў надзею, што сербскі бок акажа Беларусі дапамогу ў арганізацыі гэтай сустрэчы. Таміслаў Нікаліч у сваю чаргу расказаў, што пэўныя захады па арганізацыі гэтай сустрэчы ўжо зроблены. Напрыклад, наконт удзелу прэзідэнтаў Славеніі, Харватыі, Македоніі і Чарнагорыі. «Тут будзе прадстаўлена ўся былая Югаславія, і гэта дапаможа нашаму народу лепш жыць. Гэта ваша вялікая заслуга», — падкрэсліў Таміслаў Нікаліч.

Аляксандр Лукашэнка прапанаваў падумаць аб яшчэ адным праекце з удзелам былых югаслаўскіх рэспублік, і Прэзідэнт Сербіі пазітыўна ацаніў гэту ініцыятыву. Ён лічыць, што было б цудоўна, калі б можна было аднавіць сумесную вытворчасць прадукцыі.

Прэзідэнт Сербіі ўпэўнены ва ўстанаўленні моцных эканамічных адносін з Беларуссю

Таміслаў Нікаліч выказаў словы захаплення прагрэсам, які дэманструе Беларусь у сваім развіцці, і выказаў надзею на ўмацаванне двухбаковых эканамічных сувязяў. «Нашы адносіны настолькі добрыя і дружба з Прэзідэнтам Беларусі настолькі моцная, што нам удасца звязаць Беларусь і Сербію ў эканамічнай сферы даволі моцна», — падкрэсліў сербскі лідар.

Таміслаў Нікаліч 20 лістапада наведаў корпус зборкі трактароў МТЗ.   Высокага  госця   суправаджалі міністр прамысловасці Беларусі Віталь Воўк і выконваючы абавязкі генеральнага дырэктара МТЗ Уладзімір Макаранка. Прэзідэнт Сербіі таксама на тэрыторыі агледзеў выстаўку прадукцыі прадпрыемстваў міністэрства прамысловасці (МАЗ, МТЗ, «Амкадор», «Палессе»).

Таміслаў Нікаліч быў уражаны дасягненнямі беларускай прамысловасці. На пытанні журналістаў адносна якасці беларускай тэхнікі ён даў адказ, расказаўшы сербскі анекдот: «Сербскі селянін выкарыстоўваў трактар «Беларус» на працягу 50 гадоў.   На пытанне,  што ён  мяняў на гэтым трактары, селянін адказаў: «Нічога не мяняў, толькі трактарыста».

Па     выніках  наведвання  ААТ МТЗ Прэзідэнт Сербіі пакінуў запіс  у  Кнізе  ганаровых   гасцей прадпрыемства.

БелТА

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *