Уменне кантакціраваць – важная якасць для банкаўскага работніка


У галіне абслугоўвання званне “Малады чалавек года” атрымаў галоўны спецыяліст аддзела рознічнага бізнесу цэнтра банкаўскіх паслуг № 124 філіяла № 121 ААТ “ААБ Беларусбанк” Дзмітрый Пятровіч Казубоўскі.

У Беларусбанку Дзмітрый працуе крыху больш за 10 гадоў. Уладкаваўся на працу пасля заканчэння Столінскага дзяржаўнага аграрна-эканамічнага каледжа. Аднак адукацыю на гэтым не спыніў. Паступіў на завочнае аддзяленне ў Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Ф. Скарыны на спецыяльнасць “Фінансы і крэдыт”.

Першы год працаваў падменным касірам у розных населеных пунктах раёна. Пасля перайшоў у аддзел рознічнага бізнесу. Асноўны абавязак – абслугоўванне шматлікіх наведвальнікаў.

– Калі чалавек не мае карткі, але хоча яе мець, можа звяртацца да нас, – гаворыць Дзмітрый Пятровіч. – Мы праводзім аперацыі па пластыкавых картках: падключэнне м-банкінга, інтэрнэт-банкінга, афармленне овердрафтнага крэдыту, паслугі “Аўтааплата” і многія іншыя. Дапаможам наведвальніку ў выпадку, калі картка зламалася ці згублена, пры змене прозвішча і інш.

Да  таго  ж,  спецыялісты  аддзела рознічнага бізнесу наведваюць арганізацыі і працоўныя калектывы горада, дзе знаёмяць работнікаў са спектрам прапаноўваемых паслуг.

– У дзень абслугоўваю каля 50-60 чалавек, – дзеліцца Дзмітрый. – Кожнаму стараюся спакойна данесці інфармацыю і растлумачыць незразумелыя моманты.  Маладыя людзі больш адкрытыя для новых паслуг. Але не магу сказаць, што людзі  пенсіённага ўзросту адстаюць. Не, яны таксама актыўныя.

Работай Дзмітрыя Пятровіча задаволена кіраўніцтва. Ён добрасумленнна ставіцца да выканання службовых абавязкаў, лёгка знаходзіць агульную мову з наведвальнікамі банка.

– Уменне кантактаваць з людзьмі – вельмі важная якасць для работніка банкаўскай сферы, – заўважае Дзмітрый Казубоўскі. – Можна дасканала валодаць інфармацыяй аб усіх банкаўскіх прадуктах, але не ўмець данесці да чалавека. Прычым, гэтая   якасць      шліфуецца    штодзённа. Калі першы час любая недакладнасць выклікала стрэсавы стан, то цяпер да ўсяго стаўлюся спакойна і ўзважана, бо ведаю – любую памылку можна выправіць. Памылак   увогуле  не  будзе, калі нічога не рабіць.  Мажліва банальна будзе гучаць, але я лічу, што ў кожнай сітуацыі трэба заставацца чалавекам.

З гутаркі з Дзмітрыем зразумела:  ён  вельмі  пяшчотна  ставіцца да сваёй сям’і.  Не дзіва, што  ўвесь вольны час  праводзіць з жонкай Ірынай, дачушкамі Аляксандрай і Ганнай. Некалькі разоў на тыдзень Дзмітрый наведвае трэнажорную залу фізкультурна-спартыўнага комплексу “Аквамарын”.

Святлана  ШПАКОЎСКАЯ

Фота аўтара

Уменне кантакціраваць – важная якасць для банкаўскага работніка: 1 комментарий

  • 23.11.2015 в 9:36 пп
    Permalink

    приятный молодой человек. Общение всегда оставляет только положительные эмоции. Все по делу, четко, грамотно. Успехов в работе

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *