Умела гартуюць будучых кароў

З разлікам на перспектыву працуюць работнікі фермы дагадоўлі “Рухча-1” КСУП “Рухчанскі”.  Гэтая ферма з’яўляецца пастаўшчыком племяннога матэрыялу для папаўнення малочнага статка гаспадаркі. Сёлета яна прызнана лепшай у раёне па атрыманні сярэднясутачных прыбаўленняў у вазе на гадоўлі і адкорме жывёлы.

– Мы рыхтуем да ўводу ў асноўны статак жывёлу, пачынаючы даглядаць яе з месячнага ўзросту, — расказвае загадчыца фермы Аксана Міхайлаўна Лузько. – Важна вытрымліваць увесь тэхналагічны працэс з тым, каб нашы цялушкі ў лепшыя тэрміны прыйшлі ў ахвоту і былі гатовы для штучнага асемянення.

Цяпер на ферме ўтрымліваецца да 1130 галоў маладняку. Ёсць магчымасць весці паўнацэнную селекцыйную работу, фарміраваць дойны статак з высокаўдойнай жывёлы. Прыклад рухчанскай фермы яскрава паказвае, што ў кожнай гаспадарцы можна за пэўны час мець  надзейнае племянное ядро, калі ставіцца да справы з душою. Не сакрэт, што пры фарміраванні новай малочнатаварнай фермы сама гаспадарка не мела дастаткова цялушак для запаўнення памяшканняў. Дапамагалі іншыя гаспадаркі. Сюды трапляла многае з таго, што потым давялося адправіць на мясакамбінат з-за непрыгоднасці для атрымання малака. За пяць гадоў удалося пазбавіцца ад такіх праблем. Цяпер ёсць з чаго фарміраваць дойны статак.

Тут нельга не адзначыць, што гаспадарка не мае ўзорных умоў для тэхналагічнай гадоўлі жывёлы, бо штогод не хапае кармоў, асабліва – травяністых. Вось і сёлета не атрымалі жаданай колькасці ні сенажу, ні сіласу. Між тым атрымалі за 10 месяцаў года ў сярэднім па 683 грамы сярэднясутачнага прыбаўлення ў вазе, павялічыўшы яго ў параўнанні з мінулым годам на 46 грамаў. А ў групе, якую даглядае Іван Дзмітрыевіч Стральчук, прыбаўленне склала па 814 грамаў, гадаванцы Канстанціна Канстанцінавіча Стральчука прыбаўляюць кожныя суткі па 803 грамы, Аляксандра Іванавіча Лузько – па 809 грамаў, Юрыя Леанідавіча Кузьміча – па 790 грамаў, Пятра Віктаравіча Мацюха – па 800 грамаў. Даглядчык Аляксандр Міхайлавіч Буднік забяспечвае прыбаўленне ў вазе цялушак перыяду перад асемяненнем па 726 грамаў.

У аснове поспеху – рацыянальнае выкарыстанне наяўных кармоў, пастаянны клопат пра тое, каб кармы не губляліся, добра засвойваліся. За гэтым даглядчыкі сочаць пастаянна, а не толькі ў час раздачы кармоў.

У перапынках паміж раздачай сенажу і сіласу абавязкова падгорнуць корм бліжэй да жывёлы. Строга кантралююць, каб у паілках пастаянна была вада.

У летні час, калі ўдавалася атрымліваць па 900 і больш грамаў у суткі прыбаўлення жывёлы ў вазе, ужо ў 6 гадзін раніцы свежая трава завозілася на ферму. Цяпер салома трапляе ў рацыён толькі ў здробненым стане.

Навучыліся дбайна выкарыстоўваць неабходныя па ўзросце жывёлы камбікармы.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *