У аздараўленчы лагер – з радасцю

Згодна з выкананнем загаду Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва ад 08.10.2015 года № 53-о “Аб арганізацыі аздараўлення дзяцей у перыяд асенніх канікулаў” і забеспячэння своечасовага накіравання сродкаў дзяржаўнага сацыяльнага страхавання на  патанненне кошту пуцёвак  у аздараўленчых лагерах, а таксама кантролю за іх выкарыстаннем, у перыяд асенніх канікулаў з 26 па 31 кастрычніка 2015 года, было арганізавана аздараўленне 340 навучэнцаў на базе ўстаноў адукацыі раёна: СШ № 1 г. Давыд-Гарадка – лагер “Вяршыня”, СШ № 2 г. Давыд-Гарадка – “Сонейка”, СШ № 2 р. п. Рэчыца – “Сонейка”, СШ № 3 р. п. Рэчыца – “Лясная казка”, Столінскай дзяржаўнай гімназіі – “Асенняя казка”, СШ № 2 г. Століна, СШ № 3 г. Століна – “Асенні калейдаскоп”, альшанскай СШ № 1 – “Вясёлая планета”, альшанскай СШ № 2 – “Ветразь”, Рубельскай СШ – “Сонейка”, а таксама ДЮСШ г. Століна і г. Давыд-Гарадка.

Як патлумачыла карэспандэнту “НП” галоўны спецыяліст аддзела адукацыі, спорту і турызму Алена Мікалаеўна Максімовіч, асаблівая ўвага надавалася аздараўленню  і арганізацыі вольнага часу дзяцей, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, на прафілактычным уліку ў інспекцыі па справах непаўналетніх;  дзяцей, якія маюць патрэбу ў абароне дзяржавы; дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў. Была арга-нізавана таксама работа ў аздараўленчых лагерах дзённага знаходжання па профілях.

Бацькоўская даплата да  поўнага кошту пуцёкі ў асеннім аздараўленчым лагеры з дзённым знаходжаннем складала па ўзросце 6-10 гадоў – 75 000 рублёў (поўны кошт – 279 600 руб.), 11-13 гадоў – 93 000 рублёў (поўны кошт – 297 600 руб.), 14-18 гадоў – 117 000 рублёў – (поўны кошт – 321 600 руб.).

Тэма захавання здароўя вельмі  актуальная. З гэтай мэтай  у лагерах былі арганізаваны знаходжанне дзяцей на свежым паветры, правядзенне рухомых гульняў, паўнавартаснае харчаванне і адпачынак.  Яны правялі час  з карысцю для сябе і свайго здароўя.

У сярэдняй школе № 3 г. Століна аздараўленчы лагер з дзённым знаходжаннем “Асенні калейдаскоп” наведвалі 30 вучняў. Былі сфарміраваны два атрады  — “Праменьчыкі” і “Праметэй”.

Вельмі цікава прайшла канцэртная праграма, прысвечаная адкрыццю лагера. У дзяцей была магчымасць паказаць свой крэатыў і творчасць. На-дзея Буйніч прачытала верш “Мама”, сястрычкі Кацярына і Крысціна Козел выканалі песню “Мама – першае слова”, а ўдзельнікі школьнага хору – “Родны бусел”.  Гучалі песні пра Радзіму, сяброўства і сапраўдных сяброў. З танцавальнай кампазіцый “Я люблю Беларусь” выступілі Надзея Буйніч, Зіна і Валерыя Гардзіеўскія.  Спадабаўся дзецям флэш-моб.  Яны спявалі і танцавалі ад душы на школьнай дыскатэцы, якой і завяршылася іх падарожжа на музычным цягнічку ў цудоўную краіну дзяцінства.

Кожны дзень асенніх кані-кулаў без выключэння быў насычаны разнастайнымі мерапрыемствамі, гульнямі, забаўля-льнымі праграмамі, каб вучням не прыйшлося сумаваць, а час праходзіў весела і пазнавальна. А вось 30 кастрычніка дзеці з задавальненнем выбіралі “Міс восені”. Усім спадабалася вя-лікая колькасць цікавых разнастайных конкурсаў для ўдзельніц мерапрыемства і музычных  вясёлых хвілінак для балельшчыкаў.   Шматграннасць, творчасць і пазітыў – вось крэда, з якім штодзённа сустракалі дзяцей у “Асеннім калейдаскопе”.

У Столінскай дзяржаўнай гімназіі ў аздараўленчым лагеры “Асенняя казка” працавалі два атрады. Першы наведвалі вучні першых класаў. Другі —  профільны спартыўна-аздараўленчы лагер пад назвай “Футбольны клуб” наведвалі 18 вучняў 2006-2007 г. н.  У асноўным – гэта дзеці, якія наведвалі спартыўную секцыю па футболе, большая частка з  якіх займаецца футболам другі год, а некаторыя толькі ўключыліся ў актыўную і мэтанакіраваную работу вышэйзгаданага кірунку.

На працягу шасці дзён вучні пад кіраўніцтвам Аляксандра Уладзіміравіча Неўдаха акрамя  трэніровачнага працэсу, заняткаў па футболе асвоілі яшчэ і стральбу з пнеўматычнай вінтоўкі па  мішэні. 30 кастрычніка было арганізавана наведванне басейна ў ФСК “Аквамарын”. Таксама адбылася таварыская сустрэча з аднагодкамі з ДЮСШ “Беражное” і дзеці з задавальненнем прадэманстравалі свае здольнасці на футбольным полі.

—              У лагеры было арганізавана трохразовае харчаванне, – расказаў Аляксандр Уладзіміравіч. —  Гэта задаволіла ўсіх, бо даплата склала для дзяцей, гэтага ўзросту  ўсяго толькі 75 000 рублёў.

Мэта, якую ставілі пры арганізацыі профільнага лагера, дасягнута, бо мы змаглі з’яднаць калектыў, стварыць паміж дзецьмі пазітыўныя ўзаемаадносіны для наступнай работы і дасягнення толькі станоўчых вынікаў. Тым больш, што ўжо ў снежні  гэтых дзетак чакае першы турнір па футболе ў г. Ельску Гомельскай вобласці.

Людміла КАСПЯРОВІЧ

Фота аўтара

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *