У атмасферы навагодняга цуду

Да Новага года засталося не так шмат часу –  крыху больш за месяц куранты абвесцяць аб пачатку 2016 года. На паліцах крамаў горада ўжо з’явіліся навагоднія ўпрыгажэнні. Карэспандэнт “НП” наведала некаторыя з іх і гатова падзяліцца цікавай інфармацыяй з чытачамі раённай газеты.

Навагоднія атрыбуты запаланілі стэлажы магазіна “Папараць-кветка” па вуліцы Дзяржынскага ў райцэнтры. Работнікі гандлёвай кропкі пастараліся з афармленнем навагодніх кампазіцый. Калі глядзіш на іх, складваецца ўражанне, што трапіў у чарадзейную казку. Усё, што прадстаўлена, зразумела, можна набыць для стварэння свята ў сябе дома.

Тут прапануюць штучныя навагоднія дрэўцы ад аднаго метра да 2,30 метра. Цана вагаецца ад 300 тысяч да аднаго мільёна рублёў. Пад заказ могуць прывезці гумавыя ёлачкі, якія амаль нельга адрозніць ад натуральных.

А для таго, каб упрыгожыць зялёную красуню маецца безліч цікавых і арыгінальных рэчаў: кветкі, стужкі, ялінкі, анёлы з нітак, зоркі, вяночкі, агні, магніты з сімвалам 2016 года — малпы, фігуркі Дзеда Мароза, Снягуркі, снегавікоў, батлейка і многае іншае. Маецца вялікі асартымент навагодніх шароў. Цана ад 1000 да 50 тысяч рублёў за штуку. Нязвыкла глядзяцца цацкі з дрэва: сэрцайкі, чаравічкі.

Ёлачку можна “апрануць” у любы колер па жаданні: чырвоны, пяшчотна-блакітны, белы, залаты, сярэбраны, сіні і інш.

Гаспадыням спадабаюцца ўпрыгожванні для навагодняга стала: сурвэткі, керамічныя фігуркі з падсветкай для стварэння кампазіцый, падсвечнікі, свечкі і іншае. Арыгінальнае рашэнне ў “Папараць-кветцы” прапануць сем’ям, дзе ёсць маленькія непаседы: тут можна набыць ёлачку, якая прымацоўваецца… да столі. Перавагі відавочныя:  і  цацкі  цэлыя, і нервовая сістэма бацькоў спакойная.

Для ўпрыгожвання вокнаў прапануюць элегантныя падсвечнікі. Аматары хэнд-мэйду знойдуць тут мноства маленькіх, але такіх неабходных “штучак”.

Універмаг г. Століна таксама прапануе добры выбар навагодніх аксесуараў.

У гандлёвым аб’екце прадстаўлены штучныя ёлачкі рознай вышыні і цаны, надзіманыя  галоўны персанаж навагодніх святаў са сваёй унучкай.

Пакупнікам прапануецца выбар навагодніх касцюмаў для дзяцей (лісы, труса, сабачкі, і інш), карнавальных масак-акуляраў, касцюмы Дзеда Мароза (1 мільён 100 тысяч рублёў) і Снягуркі (670 тысяч рублёў). Прычым, ёсць касцюмчык для юных Марозіка і Снягуркі.

Акрамя традыцыйных “дожджыкаў” розных колераў, шароў і шышак, ёсць кампазіцыі і вяночкі з кветак і шышак, музычныя ёлачкі, сняжынкі для акна,  гірлянды, магніты на халадзільнік, вярхушкі, снегавікі, музычныя шапкі інш.

Калі хочацца навагодняга настрою ўжо зараз – зазірніце ў гандлёвыя кропкі. І, упэўнена, мілыя рэчы абавязкова парадуюць вас і прыйдуцца па душы.

Святлана  ШПАКОЎСКАЯ

Фота аўтара

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *