Свята ветэранаў міліцыі

Святочнае мерапрыемства з прычыны ўшанавання ветэранаў органаў унутраных спраў і ўнутраных войскаў Міністэрства ўнутраных спраў прайшло 10 лістапада ў Столінскім РАУС.

— Добра, што нам ёсць кім ганарыцца і з каго браць прыклад, вучыцца, — у сваёй прамове сказаў начальнік Столінскага РАУС Вячаслаў Анатольевіч ФІЛІПЧЫК. – У першую чаргу віншую са святам тых міліцыянераў, якія служылі народу ў гады існавання Савецкага Саюза. Гэта іх свята. Задача нашага пакалення – працягнуць і перадаць нашым нашчадкам тое, з чаго некалі пачыналі яны.

Ветэранская арганізацыя супрацоўнікаў органаў унутраных спраў – адна са старэйшых на Століншчыне. У яе радах зараз 44 чалавекі. І ветэраны выказалі думку, што гэтыя рады трэба папаўняць.

Са словам да прысутных звярнуўся і старшыня савета ветэранаў Столінскага РАУС маёр запасу Уладзімір Мікалаевіч Домніч. Ён прапанаваў агульнымі намаганнямі адрэстаўрыраваць помнік на магіле ўчастковага інспектара ў Рамлі, які быў расстраляны фашысцкімі акупантамі ў 1943 годзе. Гэтую прапанову падтрымалі не толькі ветэраны, але і Вячаслаў Філіпчык, які ад імя райаддзела запэўніў, што да гэтай добрай справы далучыцца ўвесь асабовы склад.

Не абышлося і без узнагарод работнікам сродкаў масавай інфармацыі. Як адзначыў Вячаслаў Анатольевіч, газеты і інтэрнэт – тыя рычагі ўздзеяння на грамадскасць, якія не трэба выпускаць з рук. З гэтых крыніц мы даведваемся аб падзеях, навінах, змяненнях у заканадаўстве і іншым.

Вячаслаў Філіпчык выказаў падзяку і ўзнагародзіў Падзячным лістом за актыўнае ўзаемадзеянне ў асвятленні дзейнасці райаддзела, прававой асвеце грамадзян і павышэнне іміджу супрацоўнікаў органаў унутраных спраў калектыў рэдакцыі газеты “Навіны Палесся” ў асобе галоўнага рэдактара Алены Клімушка і карэспандэнта інфармацыйнага сайта “Медыя-Палессе” Наталлю Базар.

Аляксандр НІКІФАРЭНКА

Фота аўтара

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *