Сетцы ўсе ўзросты пакорныя

Інтэрнэт і сучасныя лічбавыя тэхналогіі сапраўды могуць рэальна дапамагчы пажылым людзям вырашыць масу штодзённых праблем і даць ім магчымасць адчуваць сябе, што называецца, у цэнтры падзей. З дапамогай інтэрнэту можна чытаць кнігі, слухаць музыку, глядзець кінафільмы і спектаклі, тэлефанаваць родным і сябрам, якія жывуць у іншых гарадах ці краінах, падарожнічаць па віртуальных турыстычных маршрутах, наведваць віртуальныя лекцыі і галерэі… Многа чаго можна зрабіць. Таксама можна знайсці сабе справу па душы.

Але ў любога пенсіянера, які жадае асвоіць камп’ютарную грамату, адразу ўзнікае пытанне: куды пайсці вучыцца і ці вучаць бясплатна пажылых? На сёння такая паслуга існуе пры ДУ “Столінскі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва”, дзе камп’ютар асвоіў ужо не адзін дзясятак пенсіянераў.

Ці ведаюць вашы бацькі, што такое браўзер, фэйсбук, сэлфі? Хто такі блогер? Ці як “сабака” звязаны з “мылам”? Пэўна, большая частка людзей сталага ўзросту і не ведае аб гэтых тэрмінах. Але ёсць і такія, хто вырашыў авалодаць камп’ютарнай граматай, каб быць, як кажуць у трэндзе.

— Камп’ютарныя класы для пенсіянераў на базе нашага цэнтра пачалі працаваць больш за год таму, — расказвае спецыяліст ДУ “Столінскі ТЦСАН”  Мікалай Іванавіч Гунько. – Прыемна адчуваць, што ў нашых сценах навучыліся працаваць за камп’ютарам дзясяткі чалавек. За час навучання яны даведаліся, як звязаны паміж сабой манітор, сістэмны блок, клавіятура і мышка, завялі профілі ў сацыяльных сетках, зарэгістравалі электронную пошту, навучыліся тэлефанаваць у Skype, даведвацца аб часе руху аўтобусаў і цягнікоў, карыстацца разнастайнымі электроннымі сэрвісамі і пошукавымі сістэмамі «Яндекс», «Google» і іншымі. Вучэбны матэрыял складзены з улікам псіхалагічных і ўзроставых магчымасцяў навучэнцаў. Мы спадзяёмся, што гэтыя веды дапамогуць нашым навучэнцам у жыцці і запрашаем пастаянна новых, каб фарміраваць групы. Курсы разлічаны на 10 заняткаў па дзве гадзіны. Але для тых, хто жадае працягнуць наведванне класа, – калі ласка. Мы рады ўсім.

Ева Аляксееўна МІХЛЮК, р. п. Рэчыца, 60 гадоў:

— Аб гэтых курсах даведалася праз раённую газету і вырашыла ўрэшце авалодаць камп’ютарам. Патэлефанавала, каб больш даведацца аб іх. Аказалася, што ўсё проста з запісам у групу. Ды і дні наведвання класа зручныя – аўторак і пятніца. Таксама спадабалася, што бясплатна. Перш за ўсё вырашыла навучыцца працаваць на камп’ютары, таму што пішу свае вершы. Трэба іх друкаваць. Таксама цікаўлюся фільмамі і перадачамі на хрысціянскую тэматыку. Яшчэ было цікава знайсці сяброў у інтэрнэце. А вось нядаўна на маё 60-годдзе сыны падарылі ноўтбук і цяпер мне зручна вучыцца і дома, і ў класе. Дома таксама спрабую выходзіць у сетку інтэрнэт. Самае цяжкае для мяне – гэта раскладка клавіятуры. Пакуль набіраю словы павольна.

Валянціна Давыдаўна МЕЛЬНІКАВА, аг. Верхні Церабяжоў, 66 гадоў:

– Аб курсах я таксама даведался з газеты “Навіны Палесся”. Патэлефанавала і запісалася. Працаваць на камп’ютары хацела даўно. Але не было ніякай магчымасці гэта зрабіць. Не было каму і навучыць, падказаць. І дзякуй усім, што такія курсы для пенсіянераў з’явіліся. Асабіста дзякуй ад нас усіх, навучэнцаў-пенсіянераў, нашаму настаўніку і таварышу Мікалаю Іванавічу Гунько за тое, што заўсёды дапамагае нам, знаходзіць у сабе цярпенне, каб пастаянна нам, пенсіянеркам, нешта падказваць. Вы ж разумееце, што нам гэтая навука цяжка даецца. Бывае, што і па сто разоў трэба падказваць. Чаму я захацела авалодаць камп’ютарам? Таму што сын мой жыве далёка ў Сібіры, а ўнучка – у Мінску. Я хацела з імі часцей гутарыць і бачыць іх. Інтэрнэт дапамог мне гэта зрабіць. Цяпер дзякуючы курсам я самастойна заходжу ў інтэрнэт, шукаю сяброў у “Аднакласніках”. У гэтай сацыяльнай сетцы я ўжо знайшла 26 сваіх даўніх сяброў, якіх не бачыла па некалькі дзясяткаў гадоў. Камп’ютар і інтэрнэт – гэта цудоўныя рэчы. Раю ўсім тым, хто па нейкіх прычынах рэдка бачыцца з дзецьмі і роднымі. Нядаўна таксама купіла сабе ноўтбук, дома падключыла інтэрнэт. Ведаю, што можна за камунальныя паслугі ці прыродны газ заплаціць у інтэрнэце, але не карыстаюся гэтым. Лепш я схаджу на пошту, там заплачу грошы ды і з людзьмі пабачуся. Інтэрнэт – інтэрнэтам, але і аб сапраўдных зносінах з людзьмі не трэба забываць.

Паважаныя чытачы! Калі вы таксама вырашылі навучыцца працаваць на камп’ютары, абавязкова тэлефануйте па нумары 2-43-09 і запісвайцеся ў групы.

Аляксандр НІКІФАРЭНКА

Фота аўтара

 

Сетцы ўсе ўзросты пакорныя: 1 комментарий

  • 13.12.2015 в 1:05 пп
    Permalink

    26-ты рок у ЗША. 25 працую на адным месцы ,але калi у 97-ым,зъявiлася магчымасць атрымаць лепшую пасаду($$) — часу на меркаванне была уабрэз и я не прагадау.P.S. Авалодвайце Hitech.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *