Прырода – галоўны музей

Персанальная выстаўка жывапісу мастака Паўла Сысы адкрылася шостага лістапада ў выставачнай зале г. Століна.  На ёй прадстаўлены больш за 30 работ, выкананых у жанры пейзажу, і ўсяго некалькі нацюрмортаў і дзве партрэтныя работы. Выстаўка прысвечана юбілею аўтара, які адзначыць 5 снежня 2015 года 75 гадоў.

Павел Андрэевіч здольнасці да малявання праявіў яшчэ ў дзяцінстве. Пасля службы ў арміі закончыў Мінскае мастацкае вучылішча (цяпер мастацкае вучылішча імя Глебава). Працаваў ў мастацкіх майстэрнях г. Брэста. Затым пераехаў у Беражное, дзе з таварышамі арганізаваў мастацкую майстэрню, якая праіснавала да распаду СССР. Зараз мастак на заслужаным адпачынку, але ўвесь вольны час прысвячае жывапісу. Яго карціны пранізаны святлом, пяшчотнасцю фарбаў і лёгкасцю ўспрымання. Іх ахвотна купляюць, таму імя Паўла Сысы вядома ў шматлікіх краінах свету.

Падтрымаць аўтара на вернісаж прыйшлі яго родныя, сябры, калегі. Цёплыя словы на адрас віноўніка ўрачыстаці выказалі малады мастак Сяргей Місюн са Століна і Валерый Філановіч з Фядор, з якім аўтара звязваюць даўнія сяброўскія сувязі. Частку яго фотаздымкаў прыроды Павел Сыса перанёс на жывапісныя палотны, дапаўняючы ці адкідаючы пэўныя дэталі.

Удзельнікамі вернісажу сталі і навучэнцы Столінскай гімназіі і Варанёўскай сярэдняй школы. Мастак ахвотна адказваў на дзіцячыя пытанні. Ён вучыў дзяцей больш назіраць за прыродай, бо яна – галоўны музей, выбіраць будучую прафесію па душы, паколькі кожны чалавек мастак, калі працуе творча, з душою.

Раней з творчасцю мастака Паўла Сысы гледачы маглі пазнаёміцца на выстаўцы, прысвечанай 75-годдзю ўтварэння Столінскага раёна. Выставачная зала для прагляду адчынена з 10 да 19 гадзін штодзённа, акрамя панядзелка і аўторка, і будзе працаваць да канца снежня.

Галіна ГАШЧУК

Фота аўтара

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *