Прыдарожны сэрвіс — «Баравiчок»


Менавіта такі моцны “грыб” вырас у Столінскім раёне ўздоўж рэспубліканскай трасы Івацэвічы – Пінск – Столін паблізу чыгуначнага пераезду. Пэўны час таму тут была стаянка з мінімальным наборам зручнасцяў для тых вадзіцеляў і пасажыраў, хто стаміўся ад доўгага шляху і мае патрэбу перакусіць, размяць ногі, наогул, падыхаць свежым паветрам. 

Цяпер жа на гэтым месцы для ўсіх жадаючых гасцінна расчыніў дзверы адзін з сучасных аб’ектаў прыдарожнага сэрвісу пад назвай “Баравічок”.  Журналісты пацікавіліся, каго і як прымаюць у такім прыгожым і ўтульным доме, у двары якога “растуць” драўляныя грыбы, што адпавядае назве.
Уладальнік “Баравічка” – дырэктар ТДА “КрушынаЛюкс” Генадзь Віктаравіч Стрыга – расказаў, што аб’ект узводзіўся ў выкананне Прэзідэнцкай праграмы “Прыдарожны сэрвіс”. З тым, што на тэрыторыі нашага раёна падобных устаноў дэфіцыт, нельга паспрачацца. А параўноўваць ёсць з чым. Даводзіцца калясіць па многіх дарогах Беларусі, бачыць немалую наяўнасць прыдарожных аб’ектаў, разумець, што цяпер гэта неабходныя элементы для сучасных людзей.
Інтэр’ер “Баравічка” нагадвае сялянскую хату. Мэбля выраблена з натуральнага дрэва. На століках сурвэткі з палатна, вокны аздоблены таксама драўлянымі карнізамі і ажурнымі фіранкамі. Камін заўсёды гатовы ўспыхнуць агнём і напоўніць пакой цеплынёю. Гарманічна ўпісваецца сюды і сучасная барная стойка. Прасцей кажучы, нічога лішняга, усё спалучаецца ў адзіную вытрыманую, можна сказаць, экалагічную лінію.
Ну, і галоўнае, для чаго сюды трэба завітаць, – кухня. Па-першае, сучаснае абсталяванне, пачынаючы ад кава-машыны і завяршаючы спецыяльнай печкай для піцы і асаблівай патэльняй для смажання стэйка. Па-другое, апантаныя сваёй справай маладыя супрацоўнікі пад кіраўніцтвам прафесійнага повара-прафесіянала. Па-трэцяе, даволі дэмакратычныя цэны на стравы. Напрыклад, вы можаце заказаць як звычайны салат з буракоў з сырам і часнаком за 12 000 рублёў, так і модны апошнім часам салат «Грэчаскі» за 35 000 рублёў. Тут вам прапануюць бульбу ў розных варыяцыях – смажаную, пюрэ, фры. Кошт яе ад 13 500 рублёў да 25 000 рублёў. Дранікі са смятанай за 15 000 рублёў, а бульбяныя аладкі з мясным фаршам абыдуцца ў 25 000 рублёў. Шніцаль “Палескі” з курыцы – за 19 500 рублёў і іншае.
Каронны нумар “Баравічка” – боршч “Хутарскі” з часночнымі булачкамі ўсяго за 25 000 рублёў.
Салат і першую страву вам пададуць на працягу 10 хвілін, мясное давядзецца пачакаць крыху больш – каля 20 хвілін, але гэта таго каштуе. Таму што ніякіх замарожаных паўфабрыкатаў тут няма, усё свежае і, можна сказаць, ад прамых пастаўшчыкоў. У “Баравічку” гарантуюць якасць!
Што асабліва пакарыла аўтара гэтых радкоў у “Баравічку” – кава і вялікі выбар пірожных. За 35 000 рублёў атрымала сапраўдную асалоду ад цудоўна зваранага латэ і “Шакаладнай фантазіі”, дарэчы, порцыю гэтага пірожнага асіліць не кожны дарослы, нават вялікі аматар салодкага.
Многія абывацелі думаюць, што калі гэта аб’ект прыдарожнага сэрвісу, то і прызначаны ён толькі да тых, хто праязджае па трасе. Але гэта не наш выпадак. У “Баравічку”, дзякуючы таму, што ён знаходзіцца побач з райцэнтрам – за шасць кіламетраў – тут з радасцю прымуць і сем’і з дзеткамі, і кампанію на 10–15 чалавек для таго, каб адзначыць пэўную дату ці свята. Праўда, вас папярэдзяць, што спецабслугоўвання не будзе, гэта значыць, дзверы будуць адчынены для іншых наведвальнікаў.
Летам можна будзе пасядзець на адкрытай тэрасе ці ў альтанцы і разам са смачнымі стравамі ўдыхаць яшчэ і цудоўнае лясное паветра. А для дзятвы ў двары размесцяцца арэлі, горкі і іншыя забавы.
Пакуль “Баравічок” працуе з 7.00 гадзін раніцы да 01.00 гадзіны ночы. Гаспадары вывучаюць попыт, ідзе працэс станаўлення. Далей, магчыма, рэжым работы і прадоўжыцца. Дарэчы, калі хтосьці мае неабходнасць застацца на начлег – цераз дарогу, у прамым сэнсе гэтага слова, дасць прытулак аграсядзіба “Хутар Столінскі”.
Выкарыстайце на практыцы правіла: лепш адзін раз пабачыць, чым сто разоў пачуць – і наведайце новы аб’ект.
Алена КЛІМУШКА
Фота Аляксандра
НІКІФАРЭНКІ

Прыдарожны сэрвіс — «Баравiчок»: 2 комментария

  • 21.11.2015 в 5:10 пп
    Permalink

    Причем не из пакетиков (типа 3 в 1), а самого лучшего-итальянского (100 % арабика)..советую всем любителям кофе

  • 19.11.2015 в 3:06 пп
    Permalink

    Приятная новость. Потрепав нервы пересчетом лежачих полицейских на РЕСПУБЛИКАНСКОЙ ТРАССЕ, можно будет успокоить душу глотком кофею

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *