Парушыў закон – не сядай за руль

Штодзённа ў стужках навін на самых рэйтынгавых сайтах сустракаюцца паведамленні аб страшных аварыях. Часта аварыі адбываюцца і на дарогах раёна. Чаму гэтыя факты не спыняюць нецвярозых асоб ад таго, каб сесці за руль? Да таго ж, сустракаюцца  “персанажы”, для якіх быць пазбаўленым вадзіцельскіх правоў, але садзіцца за руль зусім прымальна.

Днямі адбыўся выязны суд у р. п. Рэчыца на чале з суддзёю А. А. Пракапчуком з удзелам дзяржаўнага абвінаваўцы Г. А. Снюк. На лаве падсудных – жыхар р. п. Рэчыца Д., 1984 года нараджэння, работнік ААТ “Гарынскі агракамбінат”.

Д. прыцягваўся да адказнасці за кіраванне ў нецвярозым стане. У маі 2013 года судом Столінскага раёна быў асуджаны па артыкуле 417 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь да пакарання ў выглядзе арышту тэрмінам на адзін месяц з пазбаўленнем права займацца дзейнасцю, звязанай з кіраваннем транспартнымі сродкамі, на два гады і шэсць месяцаў.

Але гэта не стала перашкодай для таго, каб пакатацца за рулём аўтамашыны. 30 чэрвеня гэтага года Д. кіраваў аўтамабілем маркі “Аўдзі-100” на вуліцы Камсамольскай у райцэнтры.  На тым  жа  аўтамабілі 19 жніўня  ён  рухаўся па вуліцы Леніна р. п. Рэчыца. У абодвух выпадках быў затрыманы супрацоўнікамі дзяржаўтаінспекцыі Столінскага РАУС.

У    час   судовага   пасяджэння Д. сваю віну прызнаў цалкам.

Суд кваліфікуе дзеянні абвінавачваемага па артыкуле 417 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь і прызначае пакаранне ў выглядзе арышту на два месяцы. Паколькі Д. яшчэ не адбыў пакаранне па прыгаворы суда Столінскага раёна ад 16 мая 2013 года, ён таксама пазбаўляецца права займацца дзейнасцю, звязанай з кіраваннем транспартнымі сродкамі, тэрмінам на адзін месяц і 13 дзён.

Паводзіны, аналагічныя фігуранту справы, не праходзяць проста так. Пазбавілі правоў і   зноў  на  вадзіцельскае сядзенне – ствараеш яшчэ большыя праблемы. Многія думаюць, што “авось, пранясе!”. Як паказвае практыка –  адбываецца наадварот…

Аліна   НОВІКАВА

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *