Не быць парку?

Праязджаючы ў раёне ПМК-62 у апошні  час, радуюся: мяняецца ўсё ў лепшы бок, рэстаўрыруюць будынкі, ідзе добраўпарадкаванне тэрыторый. Не мог не заўважыць закладку новага парку. Будзе яшчэ адно месца адпачынку і куточак свежага паветра ў нашым горадзе. Але нядоўгай была мая радасць.

Дрэўцы падсаджвалі некалькі разоў – восенню і вясною. Бо спякотнае лета не давала саджанцам прыжыцца. Але некаторыя – больш моцныя і прагавітыя да жыцця – усё ж пайшлі расці. “Хоць часткова прымаюцца дрэўцы”, – думаў я.

Але вось з лета на ўскрайку парку сталі пасвіцца конь і козы. Здаецца, прывязаныя на такой адлегласці, што не дастаюць да дрэў, але ўсё роўна трывожна было на душы.

 А вось у апошнія дні назіраю малюнак: па пасадцы галопам носіцца конь. Нейкі “дбайны” гаспадар паклапаціўся пра сваю жывёліну. У пасадцы засталіся трава, пустазелле. Хаця і сухія, аднак прыдатныя для ежы каню, якому  тут раздолле. Ён перабягае з аднаго боку парка ў другі, павыварочваў калкі, якія служаць апорай для дрэўцаў, паламаў самі дрэвы.

Аж плакаць хочацца ад такіх адносін людзей да прыроды, да свайго наваколля.

Няўжо не хапае мазгоў падумаць пра будучыню, калі не сваю, то сваіх дзяцей і ўнукаў?!

Няўжо не шкада чужой працы?! Няўжо не шкада гэтых дрэў, якія маглі б падняцца і ўпрыгожыць сваімі кронамі наваколле, схаваць у сваім цяньку, даць адпачынак?!

І такі малюнак з канём назіраю не першы дзень. Ніякія меры не прымаюцца, конь так і скача па ўсёй тэрыторыі, шукаючы лепшае месца.

Не ведаю, якое пакаранне магчыма для гаспадара каня. Але, мяркую, што нельга пакідаць такія адносіны да роднага горада без пакарання.

Асабіста я прымусіў бы гаспадара перасадзіць за свае сродкі ўсе прапаўшыя і зламаныя дрэвы. І гэта стала б урокам не толькі яму, а і ўсім такім абыякавым людзям. Абыякавым да лёсу свайго роднага краю, свайго горада, сваёй краіны.

Мікола СЯРГЕЕЎ

Фота аўтара

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *