Не быць бядзе

Што рабіць падчас пажару, як патэлефанаваць у райаддзел па надзвычайных сітуацыях? З такімі прафілактычнымі пытаннямі выратавальнікі накіроўваюцца па жылым сектары ў час рэйдаў.

Найбольш турботная катэгорыя грамадзян – шматдзетныя сем’і. І адна справа, калі гэтыя сем’і з’яўляюцца прыкладам для іншых – тут усё зразумела і прэтэнзій у выратавальнікаў і іншых службаў не ўзнікае. Іншая справа – калі дзеці знаходзяцца без нагляду дарослых, нядобранадзейныя сем’і і тыя, дзе дарослыя большую частку вольнага часу знаходзяцца ў п’яным стане.

Не сакрэт, але не ўсе людзі ведаюць нумар тэлефона службы выратавання. Акрамя таго, у ходзе рэйдаў супрацоўнікі РАНС выяўляюць мноства парушэнняў правілаў пажарнай бяспекі – даводзіцца нагадваць, як паводзіць сябе ў быце, і асабліва ў час     пажару. У многіх сем’ях, да якіх часта наведваюцца выратавальнікі, бацькі злоўжываюць спіртнымі напіткамі  альбо ім звычайна няма часу, каб даглядаць сваіх дзяцей. Атрымліваецца такая карціна, што бацькам іх дзеці не трэба, а дзяржаве – трэба. Парадокс.

Найбольшая рызыка ўзнікнення пажараў магчыма менавіта ў сацыяльна-нядобранадзейных сем’ях. Рэйды сведчаць, што парушэнні правілаў пажарнай бяспекі застаюцца ранейшымі: у няспраўным стане ацяпляльныя печы, непасрэдна каля печак няма металічных лістоў, у дрэнным стане знахо-дзіцца электраправодка, разеткі і выключальнікі.

У чарговым сумесным невялікім рэйдзе па р. п. Рэчыца карэспандэнт “НП” пабываў сумесна з супрацоўнікамі Столінскага РАНС.

– Газавыя прыборы, пячное ацяпленне, старая электраправодка, неасцярожнае обыхо-джанне з агнём – усё гэта прыводзіць да бяды, — расказвае старшы інспектар групы прапаганды і навучання Столінскага РАНС Алег ВАЛАДКЕВІЧ. — У рамках рэйдаў мы правяраем прытрымліванне правілаў пажарнай бяспекі, праводзім прафілактычныя гутаркі і ўручаем дзецям і дарослым памяткі з правіламі пажарнай бяспекі.

Але гутаркі працуюць не заўсёды. Папярэджваеш парушальніка адзін раз, два разы – ніхто нічога не робіць. І гаспадароў з іх дзецьмі шкада, і разумееш,   што ў іх кожны рубель на ўліку. Але без адміністрацыйнага пакарання ў выглядзе штрафу часам не абысціся. Калі пакараюць рублём – тады назіраюцца нейкія зрухі і змены ў кватэры ці доме.

На вуліцы з кожным днём становіцца ўсё халадней. А ў дамах, наадварот, – цяплей. А для гэтага людзі ўсё больш часу праводзяць ля ацяпляльных печак – падкідваюць дровы, брыкет. Павялічваецца рызыка ўзнікнення пажару ад перагрэву печак. І каб такога не здарылася, трэба было зараней падрыхтавацца да ацяпляльнага перыяду.

Выратавальнікі звяртаюцца да грамадзян: прытрымлівайцеся правілаў пажарнай бяспекі і тады з вамі не здарыцца бяда!

Аляксандр НІКІФАРЭНКА

Фота аўтара

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *