Настаўнічаць трэба з душой

Ці часта вы сустракалі настаўніка матэматыкі, які бездакорна цытуе паэму “Василий Тёркин”, цікавіцца філасофскімі працамі Гегеля і ведае ўсё аб гісторыі праваслаўнай царквы?

Міхаіл Іосіфавіч Наскевіч – настаўнік матэматыкі Церабліцкай сярэдняй школы здзівіў не толькі сваёй эрудзіраванасцю, але і аказаўся вельмі вясёлым і адкрытым суразмоўцам.

—  Адкуль такая любоў да літаратуры ў настаўніка матэматыкі? – не хаваючы здзіўлення, пытаю ў Міхаіла Іосіфавіча.

— Ведаеце, я зусім не здраджваю матэматыцы, але толькі дзякуючы літаратуры, на мой погляд, чалавек развіваецца, вучыцца разважаць. А без кемлівасці, паверце, нельга матэматыку зразумець.

А свой сур’ёзны прадмет матэматыку настаўнік выкладае з усмешкай. За 22 гады прафе-сійнай дзейнасці ўсвядоміў: пачуццё гумару – гэта проста неабходная якасць для настаўніка. Дзякуючы яму можна знайсці выйсце з самых складаных сітуацый, якіх у школе дастаткова. Дзеці ж – такі народ, іх увагу цяжка атрымаць, але яшчэ цяжэй утрымаць. Ды і не ўсе “пасябруюць” з матэматычнымі каранямі ці парабалай. На такія выпадкі ў Міхаіла Іосіфавіча ёсць свой выратавальны план: пачынаюць матэматыку заўважаць у самім жыцці, калі прыводзіш зразумелыя прыклады.

Галоўнае для яго — знайсці агульную мову са сваімі вучнямі. Упэўнены, што настаўнік павінен прытрымлівацца таго ж закону, што і ўрач: не нашкодзь. Можа вучань і не авалодае дасканала вучэбнымі ведамі, але куды больш важна, каб ён стаў добрым і спагадлівым чалавекам. Бо словы настаўніка, адрасаваныя вучню, могуць альбо “падарыць крылы” ўпэўненасці, альбо, наадварот, зламаць яго ўнутры. Таму адказнасць у гэтай прафесіі вялікая. Міхаіл Іосіфавіч раіць падумаць аб гэтым усім маладым людзям, якія думаюць у будучыні звязаць жыццё са школай. Настаўнічаць трэба з душой, інакш работа не бу-дзе прыносіць задавальнення.

Сам жа Міхаіл Іосіфавіч стаў настаўнікам дзякуючы парадзе свайго бацькі Іосіфа Іванавіча. Той часта ўспамінаў настаўніка Мікалая Хромчанку, які прыйшоў працаваць у вёску пры Польшчы. Дзеці на яго глядзелі як на звышчалавека, а для мясцовых жыхароў ён заўсёды быў аўтарытэтам. Таму не было праблем з дысцыплінай і на ўроках такая цішыня, што чуваць, як муха пралятае. Настаўнік быў сапраўдны інтэлігент,  у яго не было багацця, затое заўсёды на стале новая газета і гарачы чай. Апрануты з іголачкі, у нядзелю ён наймаў брычку і ехаў у Столін, каб паразмаўляць з іншымі настаўнікамі, параіцца наконт вучэбных спраў.

Безумоўна, з цягам часу стаўленне да настаўніцкай прафесіі змянілася: сучасных вучняў цяпер знешне амаль нельга адрозніць ад настаўнікаў, ды і павагу здабыць у іх – задача не з лёгкіх. Але гэта, са слоў Міхаіла Іосіфавіча, зусім не павінна засмучаць маладых спецыялістаў. Сярод якіх і родны сын Максім, які разам з бацькам працуе ў Цераблічах. Ён таксама скончыў фізіка-матэматычнае аддзяленне Брэсцкага педагагічнага ўніверсітэта імя Пушкіна. І таксама вярнуўся на малую радзіму. Малодшы Павел вучыцца ў гандлёва-эканамічным каледжы, не адмаўляе той факт, што знойдзе сваё месца ў родных мясцінах.

Шмат вандраваў і сам Міхаіл Іосіфавіч за сваё жыццё. Яшчэ ў студэнцкія гады аб’ездзіў са знакамітымі будаўнічымі атрадамі не толькі ўсю Беларусь, але і шмат гарадоў былога Савецкага Саюза. Потым, ужо разам са сваёй жонкай Верай Васільеўнай, былі яны і ў Галандыі, Расіі, нават адпачывалі пад гарачым егіпецкім сонцам. Але няма нічога даражэйшага, чым родная вёска. Бо тут яго сад, дзе кожнае дрэўца сваімі рукамі пасаджана. Непадалёку рэчка, дзе купаліся ўлетку. А з вокан дома відаць пагорак, на якім прайшло гарэзлівае дзяцінства. Памятае, як дапамагалі маці на полі, а потым цэлай гурбой імчалі ў лес па ягады. Ад бацькі яшчэ навучыўся Міхаіл Іосіфавіч бортніцтву, таму і свой вольны час бавіць каля вулляў, у якіх жывуць аж 30 сем’яў пчол!

І сваім выпускнікам, класным кіраўніком якіх з’яўляўся і з якімі сустракаў не адзін світанак, Міхаіл Іосіфавіч раіць не губляць сувязі з роднай старонкай, заўсёды памятаць свае карані і знаходзіць час, каб сустрэцца з блізкімі людзьмі.

Згадзіцеся, у жыцці кожнага з нас ёсць такія настаўнікі, якіх успамінаеш і праз дзясяткі гадоў пасля вучобы ў школе. Сказаныя імі словы і выразы набываюць статус “крылатых” і па нейкай дзіўнай прычыне ўсплываюць у галаве ў самы падыходзячы момант. Вось да такіх настаўнікаў і адносіцца Міхаіл Іосіфавіч. І ўпэўнена, яго ўдзячныя вучні заўсёды будуць добрым словам успамінаць яго і зычыць моцнага здароўя!

Ганна Мельнік

Фота аўтара

Настаўнічаць трэба з душой: 1 комментарий

  • 18.11.2015 в 10:12 дп
    Permalink

    Міхаіл Іосіфавіч Наскевіч – настаўнік матэматыкі Церабліцкай сярэдняй школы здзівіў не толькі сваёй эрудзіраванасцю, але і аказаўся вельмі вясёлым і адкрытым суразмоўцам.

    К чему мы пришли? «настаўнік здівіў сваёй эрудыраваннасцю». Грустно.

    А вот меня не удивляет. Михаил Иосифович из той кагорты, кто выбрал свою профессию осознанно, а не «куда баллов хватило». Замечательно, что такие люди, не смотря на все старания МО и РОО, еще работают в школе. Успехов Вам, Михаил Иосифович, в Вашем нелегком труде и счастья в жизни.
    А в целом статья очень понравилась. Удивлен, что появилась она не приуроченной каким то датам, а просто как рассказать о хорошем человеке, замечательном учителе. Приятно почитать

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *