Наша служба i небяспечная, i цяжкая…

Сёння служба ўчастковых інспектараў займае вядучае месца ў агульнадзяржаўнай сістэме прафілактыкі правапарушэнняў.  Менавіта гэтай частцы супрацоўнікаў органаў унутраных спраў прыходзіцца вырашаць розныя праблемы і канфлікты паміж грамадзянамі, суб’ектамі гаспадарання, прад’яўляць пэўныя патрабаванні да кіраўнікоў рознага ўзроўню. На іх рахунку — кожнае пятае раскрытае злачынства.   Яны не ганяюцца за бандамі і шпіёнамі, затое стаяць на самым першым рубяжы аховы нашай бяспекі.

— У сістэму Столінскага раённага аддзела ўнутраных спраў уваходзіць аддзел аховы грамадскага правапарадку і прафілактыкі,  у якім нясуць службу ўчастковыя інспектары міліцыі, – расказаў намеснік начальніка ад-дзела  маёр міліцыі  Іван Іванавіч Шаламіцкі. – Начальнікам ад-дзела з’яўляецца падпалкоўнік міліцыі Дзмітрый Рыгоравіч  Літвінка. Абавязкі старшага інспектара прафілактыкі выконвае  маёр міліцыі Вадзім Мікалаевіч Прылуцкі, старшага інспектара па ахове  грамадскага парадку  — старшы лейтэнант Эдуард Паўлавіч Стасевіч, старшага інспектара па  дазвольнай рабоце  — капітан міліцыі Міхаіл Іванавіч Белавус.


Усяго ў нашым раёне 27 участковых інспектараў міліцыі, якія паспяхова вырашаюць задачы  па папярэджванні і раскрыцці злачынстваў,  прафілактыцы бытавой злачыннасці, барацьбе з п’янствам, выяўленні і спыненні правапарушэнняў. Вакантнымі на сёння ўсё ж з’яўляюцца чатыры  пасады ўчастковых: дзве  – у г. Століне і  дзве — у зоне абслугоўвання  Давыд-Гарадоцкага ад-дзялення міліцыі.  Што тычыцца патрабаванняў да кандыдата на гэтую пасаду,  то  адукацыя павінна быць не ніжэй за сярэднюю, вітаецца наяўнасць сярэдняй спецыяльнай альбо вышэйшай  юрыдычнай ці прававой, адсутнасць судзімасці і адміністрацыйных правапарушэнняў, а таксама гатоўнасць прайсці медыцынскую камісію. Пры гэтым узрост павінен быць да 25 гадоў.

Акрамя ўчастковых у раёне ёсць два старшыя ўчастковыя – гэта маёр міліцыі Леанід Уладзіміравіч Сенькавец (Белавушскі сельскі Савет) і   маёр міліцыі Васіль Лявонцьевіч Вячорка (Вялікамалешаўскі сельскі Савет). Яны праслужылі на гэтай паса-дзе  больш за пяць  гадоў і аказваюць дапамогу  маладым калегам.  Нагадаю,  што яшчэ адна пасада старшага ўчастковага інспектара на сёння вакантная.

Пагаварыўшы з Іванам Іванавічам Шаламіцкім, зрабіла для сябе выснову, што ўчастковы інспектар міліцыі  — гэта  чалавек, які  раніцай ідзе на работу — мы яшчэ спім, а прыходзіць дадому — мы ўжо спім. Думаю, з маім меркаваннем згодныя родныя і блізкія гэтых людзей.  Нягледзячы на тое, што праца цяжкая,   звязана часам са смяротнай рызыкай,  але патрэбная, бо ўчастковы  забяспечвае бяспеку  людзей.

Па словах Івана  Шаламіцкага,  участковы інспектар — «баец першага фронту».  І паняцце «нармаваны працоўны дзень» — не для яго. Людзі са сваімі праблемамі ідуць да яго ў любы час.   Ледзь ці не штодня даводзіцца разглядаць заявы і паведамленні грамадзян, затрымліваць зламыснікаў, раскрываць злачынствы, складаць адміністрацыйныя пратаколы. Ён вымушаны трымаць на кантролі кожную  сям’ю, адказваць за ўсіх раней судзімых і псіхічна хворых, якія  жывуць на давераным яму ўчастку. Асобна можна разглядаць  працу ўчастковага інспектара міліцыі ў сельскай мясцовасці. Часцей за ўсё ён з’яўляецца адзіным прадстаўніком органаў унутраных спраў на вёсцы, абслугоўваючы да таго ж у сярэднім па некалькі  населеных пунктаў. І сёння хацелася б расказаць пра лепшых з іх.

Капітан міліцыі        Сяргей Сяргеевіч         Вячорка – участковы інспектар Гараднянскага і Глінкаўскага сельскіх Саветаў.

Сяргей Сяргеевіч нарадзіўся ў в. Гарадная і пасля заканчэння сярэдняй школы паступіў у Брэсцкі  дзяржаўны ўніверсітэт імя А. С. Пушкіна, але настаўнікам гісторыі не давялося папрацаваць, бо пасля службы ў арміі   звязаў сваё жыццё з аддзелам унутраных спраў. На пасадзе ўчастковага працуе ўжо пяць гадоў і за гэты перыяд мае толькі станоўчыя характарыстыкі.

За бягучы перыяд прыняў   удзел у раскрыцці практычна ўсіх злачынстваў, адно з якіх раскрыта асабіста ім. Накіраваў у суд матэрыялы для ізаляцыі ва ўмовах ЛПП трох асоб, якія злоўжываюць спіртнымі напіткамі. Таксама вядзе актыўную  работу па прафілактыцы п’янства і алкагалізму сярод насельніцтва, а таксама і барацьбу  з грамадзянамі, якія злоўжываюць спіртнымі напіткамі, вядуць амаральны лад жыцця. Сяргей Вячорка мае добрыя паказчыкі па прафілактыцы парушэнняў заканадаўства ў гэтым кірунку. Сяргей Сяргеевіч мае самую рэкордную колькасць канфіскату спіртазмяшчальнай вадкасці. Ім складзена 157 пратаколаў за адміністрацыйныя правапарушэнні. У калектыве заўсёды праяўляе разумную ініцыятыву і карыстаецца заслужаным аўтарытэтам сярод калег.

Сваю работу Сяргей Сяргеевіч параўноўвае з працай і  канфліктолага, і дыпламата, і псіхолага, бо на сабе прыходзіцца штодня паспрабаваць усе гэтыя ролі.

— Кожны дзень патрэбна працаваць, у першую чаргу, над самавыхаваннем, бо адчуваем,  што ад цябе залежыць забеспячэнне парадку і спакою на замацаваным участку. Ад таго, наколькі  аператыўна рэагуеш на ўсё, што адбываецца ў грамадстве, захоўваецца тым самым верагоднасць папярэджвання ўзнікнення новых злачынстваў. Рызыка ёсць кожны дзень  і нават кожную хвіліну, але ў наш час столькі ўсяго адбываецца, што няма часу на страх і  роздум. Галоўнае – папярэдзіць і прадухіліць. Таму лічу сваім абавязкам рабіць усё магчымае, каб у наш час  было больш дабра і пазітыву, а не наадварот, — гаворыць Сяргей Сяргеевіч.

Старшы лейтэнант Муха Рыгор Аляксандравіч абслугоўвае  адміністрацыйны ўчастак  г. Давыд-Гарадка. Нарадзіўся Рыгор Аляксандравіч у г. Давыд-Гарадку і пасля заканчэння школы пачаўся  яго  мэтанакіраваны шлях у праваахоўныя органы, бо ён працягнуў вучобу  спачатку ў Столінскім аграрна-эканамічным каледжы, потым у Гомельскім дзяржаўным універсітэце імя Ф. Скарыны па спецыяльнасці “Правазнаўства”.  І пасля службы ў арміі ў 2011 годзе  пачаў працаваць участковым інспектарам міліцыі. Працоўны стаж складае 4,5 года.

– У рабоце вельмі дапамагаюць атрыманыя ў навучальных установах веды, — расказвае Рыгор Аляксандравіч. — Участковы заўжды  на сваім адміністрацыйным участку ў адной асобе вырашае шырокі спектр задач, накіраваных на падтрыманне грамадскага парадку, павышэнне маральных асноў, абарону правоў і законных інтарэсаў грамадзян. А калі гэта яшчэ  аб’яднаць з ведамі  юрыста і правазнаўцы, дык  працаваць значна лягчэй, бо ёсць  стопрацэнтная ўпэўненасць у правамернасці сваіх дзеянняў.  Тым больш, што мне вельмі падабаецца мая работа. Якая б ні здарылася  сітуацыя, я ўпэўнены, што выйсце ёсць, але  яго патрэбна хутка і аператыўна знайсці. Толькі паступіў званок – першая думка аб тым, як дапамагчы чалавеку ў дадзенай сітуацыі.

Рыгор Аляксандравіч прымаў удзел у раскрыцці  шасці правапарушэннях за бягучы перыяд і асабіста раскрыў адно.  Ім падрыхтаваны матэрыялы ў суд для асуджэння шасці чалавек, пяць з якіх ізаляваны ў  ЛПП.  Участковы інспектар праводзіць актыўную работу па прафілактыцы крадзяжоў маёмасці ўсіх формаў уласнасці. Ён накіраваў больш  за 40 прадстаўленняў кіраўнікам арганізацый па ліквідацыі прычын і ўмоў, якія спрыяюць правапарушэнням. Тры службовыя асобы ў выніку прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці з прычыны  нясвоечасовага прыняцця мераў, указаных у прадстаўленні. Усяго склаў 165 пратаколаў.

На ўсіх этапах развіцця нашага грамадства ўчастковыя  з’яўляюцца галоўным сувязным звяном міліцыі з насельніцтвам, гарантам абароны правоў і свабод грамадзян, нашай агульнай і прыватнай бяспекі. Таму напярэдадні вашага прафесійнага свята  дазвольце сказаць вам вялікі дзякуй ад імя тых людзей, якім вы ўжо дапамаглі, да якіх вы спяшаецеся на дапамогу, і тых, якія вераць у вашы магчымасці і добрасумленную працу.

Людміла КАСПЯРОВІЧ

Фота аўтара   

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *