Малады чалавек года: Жаданне – гэта мноства магчымасцяў…

Так вершаванымі радкамі Эдуарда Асадава выказалася пра свой жыццёвы дэвіз Алена Валяр’янаўна Казеня, якая ў раённым конкурсе атрымала званне “Малады чалавек года” ў галіне культуры.

Сёння Алена Казеня прыватны прадпрымальнік, арганізавала сваю студыю танца “Be Flex”, якую наведваюць больш за 90 дзяцей ва ўзросце ад пяці да 15 гадоў (у іх ліку ансамбль “Карамель”) і дзве групы жанчын, якія займаюцца аэробікай. Навучыцца прыгожа танцаваць, быць пластычнымі, гнуткімі да Алены Валяр’янаўны прыязджаюць дзеткі з Церабяжова, Глінкі, Давыд-Гарадка, Століна і ў большасці з Рэчыцы. Заняткі праходзяць на базе сярэдняй школы № 3 р. п. Рэчыца, дзе ўдзельнікам выдзелены клас  і асобная раздзявалка.

Сваімі сіламі Алена Валяр’янаўна з мужам зрабілі тут рамонт: заслалі падлогу, паклеілі шпалеры, устанавілі люстры. У планах – усталяваць станкі і пашыць сцэнічныя касцюмы, частка якіх ужо ёсць.

— Танцамі займаюся з дзяцінства, — успамінае Алена Валяр’янаўна, — хаця не па гарачым жаданні.  Каб не даць развіцца скаліёзу, урачы раілі плаваць альбо танцаваць. Паколькі ў нашым пасёлку Рось Гродзенскай вобласці басейна не было, мама аддала ў школу мастацтваў. Там правучылася дзевяць гадоў, з іх два дадаткова. Была стараннай вучаніцай і зразумела, што мне гэта падабаецца. Таму пасля дзевяці класаў паступіла ў Гродзенскай вучылішча мастацтваў на харэаграфічнае аддзяленне.

Па размеркаванні дзяўчына трапіла ў Шчучын. А ў хуткім часе выйшла замуж і прыехала на Століншчыну. З Уладзімірам Казенем з Калоднага разам вучыліся.

Першае месца работы — Рэчыцкі гарадскі дом культуры, дзе вяла танцавальны гурток. З усмешкай узгадвае, як з мужам расклейвалі аб’явы, каб набраць першых удзельнікаў. І ў маладога харэографа ўсё атрымалася, а вынік не прымусіў доўга чакаць. Танцавальны калектыў звярнуў на сябе ўвагу сваёй манерай выканання – пластычнасцю, элементамі балета.

Хутка Алену запрасілі на работу ў Рэчыцкую школу мастацтваў, а танцавальны гурток стаў пазіцыяніраваць сябе як ансамбль танца “Карамель”.

Штуршком, які даў магчымасць канчаткова паверыць у сябе, у тое, што можна плённа выступаць і на сталічнай сцэне, стала перамога ансамбля ў лютым 2014 года ў рэспубліканскім фестывалі танцавальнага мастацтва “Dance Fantasy”. А ў красавіку 2014 года зноў першае месца – у адкрытым рэспубліканскім дзіцячым конкурсе харэаграфічнага мастацтва “Брава, дзеці!”. У ліпені 2015 года калектыў становіцца лаўрэатам першай ступені міжнароднага творчага конкурсу “Гранд-фестываль” у Італіі і ўваходзіць у дзясятку лепшых калектываў.

Ансамбль танца “Карамель” – удзельнік шматлікіх канцэртаў, неаднаразовы лаўрэат раённага конкурсу сучаснага эстраднага мастацтва “Зоркі Палесся”, а кіраўнік Алена Казеня мае Падзячныя лісты і сертыфікаты арганізатараў фестываляў, на якіх пабываў калектыў.

У вольны час яна шмат чытае метадычнай літаратуры, вывучае новыя напрамкі ў харэаграфічным мастацтве. Закончыла Беларускі ўніверсітэт культуры і мастацтва. Падабаецца ёй гісторыя, захапляецца гістарычнымі раманамі і кінафільмамі. Любіць спорт, перавагу аддае бегу. З дачушкай Міланай, якой пяць гадкоў, наведвае плавальны басейн. Дарэчы, Мілана таксама займаецца ў танцавальнай студыі і ў яе даволі добра атрымліваецца, заўважае мама.

У бліжэйшых планах кіраўніка студыі – у снежні паказаць у школе справаздачны канцэрт, падчас якога адбудзецца пасвячэнне ў юныя танцоры. А ў студзені 2016 года ў рамках міжнароднага супрацоўніцтва Беларусі і Эстоніі ансамбль танца “Карамель” і вакальная студыя “Музыкальная капель” Столінскага раённага цэнтра дзіцячай творчасці (кіраўнік Анжаліка Васільеўна Калавур) з сумеснай праграмай паедуць у горад Талін.

— Мы ідзём наперад, развіваемся, дзеці задаволены, — гаворыць Алена.

Галіна ГАШЧУК

Фот аўтара 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

  • https://www.s-luna.me
  • Продажа щенков немецкого дога, питомники немецких догов, база родословных
  • s-luna.me