Лепшай малочнатаварнай фермай у раённым спаборніцтве прызнана ферма «Рамель» ААТ “Палеская ніва”

Пра пераканаўчае лідарства работнікаў гэтай фермы яскрава сведчыць толькі адна лічба – з пачатку года тут надаілі ў заліковай вазе па 7324 кілаграмы малака ад кожнай каровы.

Рамельская малочнатаварная ферма – дзецішча былога старшыні гаспадаркі Мікалая  Іванавіча Ажога, першынец у раёне па наяўнасці высокапрадукцыйнай даільнай залы і сучаснага ўтрымання кароў. Тут многія вучыліся перадавому вопыту.

– Пры ўсёй важнасці  мадэрнізацыі ў жывёлагадоўлі, – гаворыць брыгадзір перадавой фермы Вячаслаў Касьянавіч Пыталь, – на першым плане знаходзяцца людзі, – толькі яны забяспечваюць у нас і якаснае даенне кароў, і атрыманне на выхадзе выдатнага малака.

А каго ні назаві з рамельскай фермы – усе заўзятыя працаўнікі, непаўторныя майстры сваёй справы. Гэта Ядвіга Іванаўна Вітун, Ніна Іванаўна Бурак, Валянціна Паўлаўна Бруцкая, Марыя Уладзіміраўна Астапенка, Ала Васільеўна Мельнік, Ірына Мікалаеўна Колбік, якія дояць асноўны статак, а таксама даяркі радзільнага аддзялення Аксана Іванаўна Валадзько, Таццяна Віктараўна Арцюховіч, Софія Ільінічна Кананчук, Любоў Анатольеўна Жалязняк, Наталля Іванаўна Шаўчук.

 Яны не толькі ўмелыя і старанныя працаўніцы, а і загартаваныя, вытрыманыя ў працы. За адно даенне трэба абслужыць каля 540 кароў. На гэта ідзе ні больш, ні менш – чатыры з палавінай гадзіны ранкам і столькі ж – вечарам. Нават пры значнай механізацыі работа гэтая не з лёгкіх. Але ўсё ідзе строга па графіку, без парушэння тэхналогіі.

Фёдар ШУМКО 

Фота аўтара

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *