Крымінальная хроніка учыненых злачынстваў на тэрыторыі Столінскага раёна

– З 26 кастрычніка па першага лістапада на тэрыторыі Столінскага раёна ўчынены 19 злачынстваў, — расказвае начальнік Столінскага РАУС Вячаслаў Анатольевіч ФІЛІПЧЫК. З іх 13 – па лініі крымінальнага вышуку, адно – па лініі барацьбы з эканамічнымі злачынствамі і пяць – па лініі іншых службаў. Таксама было зафіксавана дзевяць фактаў крадзяжоў маёмасці.

На дарогах раёна адбылося пяць неўліковых дарожна-транспартных здарэнняў, у якіх ніхто не пацярпеў. Усяго па лініі ДАІ было выяўлена 205 парушэнняў правілаў дарожнага руху. З іх 47 – парушэнне скораснага рэжыму, 9 – бяспраўнікі. Таксама да адказнасці былі прыцягнуты 94 пешаходы.

За мінулы тыдзень супрацоўнікі Столінскага РАУС выязджалі на 15 сямейна-бытавых сварак, з якіх 12 адбыліся з прычыны п’янства.

За распіццё спіртных напіткаў і з’яўленне ў п’яным выглядзе ў грамадскім месцы да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнуты 106 чалавек. Адзін аматар спіртных напіткаў быў асуджаны і накіраваны ў лячэбна-працоўны прафілакторый.

На бацьку з нажом

26 кастрычніка  ўзбуджана крымінальная справа па арт. 186 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь “Пагроза забойствам, прычыненнем цяжкіх цялесных пашкоджанняў ці знішчэннем маёмасці” ў дачыненні да грамадзяніна М., жыхара в. Радчыцк, які яшчэ 15 верасня ў ходзе сваркі пагражаў свайму бацьку забойствам з прымяненнем нажа. Цяпер патэнцыяльнаму забойцы пагражае пакаранне ў выглядзе  штрафу, папраўчых работ на тэрмін да аднаго года ці арыштам на тэрмін да шасці месяцаў.

Выпіць любой цаной…

26 кастрычніка ўзбуджана крымінальная справа па арт. 206 ч. 1 “Грабеж” у дачыненні да грамадзяніна К., які адкрыта спрабаваў украсці бутэльку гарэлкі коштам 57 тысяч 900 рублёў з магазіна “Родны кут” па вуліцы Церашковай у райцэнтры. Зладзюжку заўважылі, ён пачаў уцякаць, але безвынікова. Цяпер яму прыйдзецца адказаць перад законам  –  зладзюжку пагражае пакаранне ў выглядзе грамадскіх работ ці штрафу, ці папраўчых работ на тэрмін да двух гадоў, ці арышту на тэрмін да шасці месяцаў, ці абмежавання волі на тэрмін да чатырох гадоў, ці пазбаўлення волі на гэты ж тэрмін.

Парэзаў колы

27 кастрычніка ўзбуджана крымінальная справа па арт. 218 ч. 1 “Наўмыснае знішчэнне альбо пашкоджанне маёмасці” ў адносінах да грамадзяніна А., які ў гэты ж дзень наўмысна пашкодзіў чатыры колы і пашкрабаў левую частку кузава аўтамабіля “Хундай СантаФе” ў Століне  па  вуліцы Дзяржынскага. Сваімі супрацьпраўнымі дзеяннямі злачынца нанёс матэрыяльны ўрон на суму 35 млн рублёў. Цяпер яму пагражае пакаранне  ў  выглядзе грамадскіх работ ці штрафу, ці папраўчых работ на тэрмін да двух гадоў, ці арышту на тэрмін да трох месяцаў, ці абмежавання волі на тэрмін да двух гадоў.

 «Чорны» махляр

28 кастрычніка ўзбуджана крымінальная справа па арт. 209 ч. 1 “Махлярства” ў адносінах да прыватнага прадпрымальніка П., які махлярскім шляхам на падставе вырабу помнікаў і добраўпарадкавання магіл завалодаў 11 мільёнамі рублёў грамадзянкі П.  Жанчына не атрымала ні помнікаў,  ні  грошай.  Прадпрымальніку цяпер пагражае пакаранне ў выглядзе грамадскіх работ ці штрафу, ці папраўчых работ на тэрмін да двух гадоў, ці арышту на тэрмін да шасці месяцаў, ці абмежавання волі на тэрмін да трох гадоў, ці пазбаўлення волі на гэты ж тэрмін.

Аляксандр  НІКІФАРЭНКА

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *