Калi справы – золатам

Не навіна, што   прадстаўніцы слабой паловы чалавецтва не толькі гадуюць дзяцей, але і паспяхова спраўляюцца з прафесійнай дзейнасцю. Пацвярджэннем гэтага стала наша сустрэча з Аленай Іванаўнай Кажадуб.

Некалькі гадоў таму мы ўжо сустракаліся і нагода тады была больш чым прыемная: жанчына атрымала ордэн Маці за выхаванне пяцярых дзяцей. Цяпер жа Алена Іванаўна з’яўляецца на старонках друку як вопытны спецыяліст і сапраўдны прафесіянал сваёй справы. Працуючы тэхнікам-асемянатарам у СВК “Новая Прыпяць” ужо 18 гадоў, яна даказала: для яе няма недасягальных мэтаў. Таму першае месца ў штогадовым раённым конкурсе па штучным асемяненні жывёлы – зусім не выпадковасць. А яшчэ Алена Іванаўна ў гэтым годзе атрымала Ганаровую грамату ўпраўлення сельскай гаспадаркі райвыканкама як ветэран працы за шматгадовую і плённую работу ў галіне жывёлагадоўлі.

Згадзіцеся, гэтая жанчына вартая павагі і ўдзячнасці. Але ж каб пісаць пра чалавека справы, трэба разумець сутнасць яго прафесіі. Таму бяру фотаапарат і крочу на рабочае месца Алены Іванаўны. А знаходзіцца яно на малочнатаварным комплексе ў вёсцы Сямігосцічы, які быў пабудаваны тры гады таму. Побач яшчэ ферма “Цагельня”, якая таксама на ўліку жанчыны. Даводзіцца паспяваць усюды. Запаўняльнасць толькі аднаго комплексу складае 765 галоў. Безумоўна, дзякуючы мадэрнізацыі цяпер для работы тэхніка-асемянатара створаны лепшыя ўмовы. Напрыклад, для таго, каб высветліць, якая карова падыходзіць для асямянення, на комплексе ёсць спецыяльныя селекцыйныя вароты. Да кожнай каровы прычэплены спецыяльны датчык, а на саміх варотах сэнсарны датчык. Пасля дойкі ўвесь статак праходзіць праз гэтыя вароты і даныя паступаюць на камп’ютар, за якім працуе заатэхнік-селекцыянер Вольга Уладзіміраўна Дубейка. Каровы для асемянення зварочваюць і ідуць у спецыяльны адсек, дзе іх чакае Алена Іванаўна.

Ужо колькі гадоў выхад цялят складае 100 працэнтаў, што значыць: усе каровы, якія асемяняюцца, даюць здаровых цялят. У сярэднім за месяц 50-70 ацёлаў. Больш таго, дзякуючы вялікаму вопыту Алены Іванаўны ў 15 кароў з’явіліся двайняты. Таму гаспадарка заняла першае месца ў раёне па гэтым паказчыку.

Шчыра прызнаюся, дагэтуль я нават не ўяўляла маштаб адказнасці работы тэхніка-асемянатара. Бо вынікі відаць адразу, таму тут не атрымаецца “схалтурыць”. Калі на самым першым этапе дапусціць памылку, потым гэта адаб’ецца і на надоях, і на ацёлах, і на прыбытку. Можа таму кіраўніцтва гаспадаркі лічыць Алену Іванаўну незаменным работнікам, заўсёды раіцца з ёй і не хавае, што без яе добрасумленнасці і працавітасці не магчыма было б дасягнуць такіх высокіх паказчыкаў.

Сама ж жанчына не адмаўляецца, што работа тэхніка-асемянатара мае свае цяжкасці, бо трэба заўсёды быць у курсе ўсіх дробязяў. Штодзень Алена Іванаўна ўжо ў сем гадзін раніцы на рабоце. Там да 12, а ўвечары – з 18 да 22 гадзін. Пагадзіцеся, такі графік не кожны можа вытрымаць. І дома трэба паспець многае. Удзячна свайму мужу Аляксею, а трынаццацігадовая дачушка Яніна заўсёды “падстрахуе” маці: наварыць есці, прыбярэ дом, градкі праполе. Хаця, прызнаецца, такіх смачных піражкоў, як у маці, у яе пакуль не  атрымліваецца     спячы.    Ды    і    другакласнік Іван, самы малодшы ў сям’і, не адмовіцца дапамагчы. Старэйшы сын Сяргей ужо сваіх дзяцей мае, працуе музычным кіраўніком у дзіцячым садку. Дачка Марыя – прадавец-кансультант у Пінску. А Васіль вучыцца на  настаўніка фізічнай культуры ў Мінску.

Ёсць у Алены Іванаўны  любімы занятак, якому прысвячае свой вольны час: гэта спевы. Валодаючы яскравым музычным талентам вось ужо 16 гадоў з’яўляецца ўдзельніцай хору, які створаны пры Доме малітвы. Усе, хто хоць раз чуў Алену Іванаўну, былі зачараваны яе мілагучным голасам. Прызнаецца жанчына, што і на рабоце можа спяваць, калі настрой добры.

Дарэчы, уся сям’я сябруе з музыкай. Муж таксама спявае, а сын акампаніруе на гітары. Алена Іванаўна выкладае ў нядзельнай школе для маленькіх дзетак.

Нягледзячы на ўсе дасягненні на прафесійнай ніве, Алена Іванаўна вельмі сціплая жанчына з чулым сэрцам. Заўсёды рада дапамагчы, бо верыць: дабро абавязкова вяртаецца.

Ганна МЕЛЬНІК

Фота аўтара

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *