Калi нельга, але моцна хочацца…

За дзевяць месяцаў гэтага года на тэрыторыі раёна значна павялічылася колькасць злачынстваў, учыненых непаўналетнімі. Узровень падлеткавай злачыннасці зараз самы высокі сярод раёнаў Брэсцкай вобласці.

У гэтым годзе ў параўнанні з папярэднім павялічылася колькасць злачынстваў, учыненых  непаўналетнімі ў стане алкагольнага ап’янення.

Для нас стала звыклай аксіёма – “п’яны вадзіцель – патэнцыяльны забойца”. Не паддаецца сумненню і тое, што нямоцны яшчэ падлеткавы арганізм, на які ўздзейнічае алкаголь, таксама застаецца без розумавага кіравання. Адсюль – непрадуманыя дзеянні: бойкі, крадзяжы, хуліганскія паводзіны.

Многім з нас даводзілася бачыць, як паводзяць сябе падлеткі, якія паспыталі спіртнога. Праз агрэсіўнасць выказваецца ўзросшая самаацэнка, жаданне паказаць сябе больш дарослым і ўсемагутным.

І тут узнікае лагічнае пытанне: а дзе ж падлеткі бяруць спіртное, каб наталіць сваё жаданне паспытаць забаронены плод? Як сведчаць матэрыялы інспекцыі па справах непаўналетніх Столінскага райаддзела міліцыі, ёсць некалькі шляхоў да гэтага. З пачатку года  да адміністрацыйнай адказнасці было прыцягнута некалькі дарослых, якія дапусцілі факты ўцягнення непаўналетніх у антыграмадскія паводзіны. Гэта значыць, праявілі “шчодрасць”, частуючы алкаголем дзяцей.

Адзначаны  ў  гэтым   годзе і рост выпадкаў продажу спіртных напіткаў непаўналетнім у гандлёвых кропках раёна. Адпаведна больш прыцягнута прадаўцоў за парушэнне правілаў гандлю, якое праявілася ў продажы алкагольных, слабаалкагольных напояў або піва непаўналетнім.

Чаму ж работнікі гандлю ідуць на такія парушэнні? Няўжо не ведаюць, што гэта вядзе не толькі да бяды ў маладзёжным асяродку, а і да пакарання саміх парушальнікаў заканадаўства?

У пэўнай меры гэта высвятлялася ў ходзе нядаўна праведзенага рэйду з удзелам супрацоўнікаў інспекцыі па справах непаўналетніх, членаў камісіі райвыканкама па справах непаўналетніх і рэдакцыі раённай газеты “Навіны Палесся”.

…Да канца рабочага дня заставалася паўгадзіны. Першым у маршруце рэйдавай брыгады стаў харчовы магазін райспажыўтаварыства ў райцэнтры. Туды заходзіць шаснаццацігадовая дзяўчына і просіць прадаць ёй бутэльку піва. Атрымлівае жаданы тавар без ценю сумнення ў прадаўца наконт яе ўзросту. Калі члены рэйдавай брыгады пытаюць прадаўца, чаму ж яна прадала піва непаўналетняй, тая пачала абараняць сябе:

– Дык яна ж выглядае больш дарослай, чым у 16 гадоў!

У чарговай гандлёвай кропцы, ведамаснае падпарадкаванне якой  знаходзіцца за межамі раёна, падлетку прадалі піва гэтак жа лёгка, без роздуму. Тлумачэнне прадаўца не магло не ўзяць за душу:

– Я ўпершыню дапусціла такое парушэнне. Гэта апошні раз!

Як аказалася, у гэтай гандлёвай  кропцы  аналагічны выпадак быў пэўны час таму. Відаць, вопыт пакарання за парушэнне аднаго з прадаўцоў калегамі так і не быў засвоены.

Зразумела, што для работнікаў прылаўка ў першую чаргу важна рэалізаваць тавар. Ад гэтага вынікі работы, заробак. І можна было б зразумець іх, калі б ад гэтага не цярпелі дзеці.

У двух прыватных магазінах рабочага пасёлка піва непаўналетняй таксама прадалі без асаблівых цяжкасцяў. У мікрараёне пры гэтым прысутнічалі і дарослыя пакупнікі, у тым ліку і аўтар гэтых радкоў. Шаснаццацігадовая дзяўчына адкрыта трымала ў руках купленае піва, а на яе ніхто не звярнуў увагі. Відаць, справа звычайная.

І зноў тлумачэнне прадаўца:

 – Я звычайна патрабую пашпарт, а тут паверыла, што ёй ёсць васямнаццаць гадоў…

Цікавая рэч: насупраць прылаўка, якраз перад вачамі прадаўца, размешчана шыльда, якая настойліва напамінае: нельга прадаваць падлеткам спіртное, цыгарэты…

Толькі ў адной гандлёвай кропцы прадавец спытала пра пашпарт у дзяўчыны, якая, на яе погляд, не дасягнула патрэбнага для такой пакупкі ўзросту. Але, пачуўшы ў адказ, што пашпарт застаўся дома, без ваганняў уручыла ёй бутэльку піва.

…Перад пачаткам рэйда я выказаў меркаванне пра тое, што прадаўцы цяпер добра ведаюць пра пакаранне за такое парушэнне, таму застанецца толькі паўтарыць прафілактычныя гутаркі. Начальнік інспекцыі па справах непаўналетніх Столінскага РАУС Андрэй Валер’евіч Багатка запярэчыў:

– Ведаюць. Але мы пры праверках у большасці выпадкаў пераконваемся ў тым, што жаданне чым найхутчэй прадаць тавар аказваецца на першым плане, а неабходнасць праверыць пашпарт пры сумненні ва ўзросце ўяўляецца для прадаўцоў лішнім заняткам.

У рабоце па прафілактыцы росту злачыннасці непаўналетніх агульнымі сіламі робіцца нямала. Вось усяго некалькі лічбаў і фактаў, якія не могуць не ўражваць. З пачатку года праведзены 28 пасяджэнняў камісіі па справах непаўналетніх, на якіх разгледжаны 512 матэрыялаў. Распаўсюджана 126 інфармацыйна-адукацыйных матэрыялаў агульным тыражом 39890 экзэмпляраў па тэматыцы здаровага ладу жыцця, прафілактыцы шкодных   звычак.  Праве-дзены 159 класных інфармацыйных гадзін па гэтай тэме. “Кірмашамі здароўя” ахоплены каля 10050 чалавек. Праведзены  64  мерапрыемствы па тыпу дня здароўя, 401 групавая гутарка, сем круглых сталоў, 37 тэматычных дыскатэк, 10 спартыўна-масавых мерапрыемстваў…

А пасля гэтага падлетак заходзіць у магазін і без перашкод купляе спіртное, цыгарэты…

Матэрыялы рэйду аформіў Фёдар ШУМКО

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *