Грошы, якiя не пайшлi на карысць…

Спроба зарабіць лёгкіх грошай  незаконным спосабам для жыхара аграгарадка Альшаны не аказалася ўдалай і прывяла ў залу судовага пасяджэння.

Мужчына,   1980  года   нараджэння, сістэматычна ажыццяўляў валютна-абменныя аперацыі з грамадзянамі Столінскага раёна, не маючы ніякіх для гэтага падстаў: не быў зарэгістраваны як юрыдычная асоба, не з’яўляўся прадстаўніком ці работнікам, упаўнаважаным здзяйсняць такія аперацыі, не меў спецыяльнага дазволу (ліцэнзіі) на банкаўскую дзейнасць.

Жыхар Альшан меў адзіны замысел – сістэматычнае атрыманне даходу ад незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці ў вялікім памеры.

Так, мужчына ў жніўні мінулага года прыкладна каля 13.00 гадзін, знаходзячыся на вуліцы Школьнай у Альшанах, абмяняў замежную валюту Н. у суме 21 млн рублёў  на 2 тысячы долараў. У верасні 2014 года ў 11.00 гадзін каля аднаго з дамоў на вуліцы Васільковай памяняў Д. крыху больш за 15 мільёнаў рублёў на 1500 долараў. У кастрычніку таго ж года ў руках мужчыны аказаліся 33 мільёны рублёў, што эквівалентна тром тысячам амерыканскай валюты. І гэта толькі некаторыя выпадкі незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці. Больш за 10 грамадзян скарысталіся яго “паслугамі”.

А ў чэрвені 2015 года на тэрыторыі, якая належыць фермерскай гаспадарцы “Брадок”, мужчына спрабаваў памяняць 18 мільёнаў рублёў на 1150 долараў, але чарговая здзелка была спынена супрацоўнікамі праваахоўных органаў.  Даход ад такой дзейнасці склаў больш за 170 мільёнаў рублёў.

Адбыўся суд на чале з суддзёю А. А. Пракапчуком пры ўдзеле     дзяржаўнага     абвінаваўцы Д. М. Харашуна. Суд прызнаў жыхара Альшан вінаватым у ажыццяўленні прадпрымальніцкай дзейнасці, якая ў адпаведнасці з заканадаўчымі актамі з’яўляецца забароненай ці ажыццяўляецца без рэгістрацыі ва ўстаноўленым заканадаўчымі актамі парадку ці без спецыяльнага дазволу па ч. 1. арт. 14. ч. 1 арт. 233 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.

Мужчыну прызначана пакаранне ў выглядзе штрафу ў даход дзяржавы ў памеры 54 мільёны рублёў, што складае 300 базавых велічынь. Да таго ж, сродкі апошняй абменна-валютнай аперацыі (1150 долараў) канфіскаваны ў даход дзяржавы.

Аліна НОВІКАВА

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *