Галоўнае — не нашкодзіць

Чарговы рэйд па добраўпарадкаванні  тэрыторыі г. Століна прымусіў паглядзець на сітуацыю з іншага боку. Як гаварыў вядомы пісьменнік Антуан Дэ Сэнт-Экзюперы ў сваім «Маленькім прынцы», мы ў адказе за тых, каго прыручылі, так і ў дадзеным выпадку хочацца зрабіць выснову, што мы ў адказе за тое, што нарабілі. А вынікі нашай дзейнасці паўсюль.

Пачнём з прыпынку “Новы Пасёлак”. Абапал дарогі вадзіцелі і пешаходы пакінулі сюрпрызы камунальнікам. Але гэта больш-менш прыстойны выгляд ў параўнанні з тым, што хаваецца  далей, у  зарасніку. І гэта вынік непрыстойных паводзін нашых сяброў, суседзяў ды і нас саміх. Гэта наша безгаспадарчасць, чэрствасць, абыякавасць у адносінах да наваколля.

 Хто адкажа за ўрну для смецця, якая ўжо не адзін дзень валяецца на аўтобусным прыпынку, вялікую колькасць бытавых адходаў? Людзі абыякава ставяцца да гэтай сітуацыі. А тут кожны дзень чакаюць аўтобус дзеці. Які прыклад мы ім падаём?

Аналагічна і на вуліцы Брэсцкай. Чаму б не выкінуць смецце пад агароджу, а яшчэ лепш – у агарод людзям, якія тут жывуць і воляй лёсу павінны мірыцца з нашай неахайнасцю.

Адразу за агароджай міні-базарчыка на вуліцы  Церашковай таксама нейкі гаспадар пакінуў на гадзіну-другую свае пакеты з бытавымі адходамі і нейкія каробкі, але пэўна ж абавязкова вернецца, каб прыбраць усё гэта.

Узнікае пытанне: “Ці ўмеюць нашы грамадзяне  карыстацца  кантэйнерамі  для раздзельнага збору бытавых адходаў?”, бо карціны на такіх пляцоўках уражваюць сваім размахам і стараннасцю. Чаго тут толькі няма, але толькі не таго, што павінна быць выкінута ў кантэйнер, прызначаны для пластыку, так як і для макулатуры альбо шкла. І што самае галоўнае – кантэйнеры не проста перапоўнены, а палова бытавых адходаў пакінута ля кантэйнераў. Прыбірайце, калі не падабаецца, а нас усё задавальняе  да таго моманту, пакуль мы не згадваем, што гэта камунальнікі павінны за намі прыбраць, “бо за гэта ім грошы плацяць”. Абавязкі іншых мы ведаем, а вось свае, як атрымліваецца, не зусім.

Станоўчым прыкладам з’яўляецца тэрыторыя на вуліцы Церашковай ля гандлёвых павільёнаў, Беларусбанка, ААТ “Савуш-кін прадукт”, інспекцыі па падаткам і зборах Рэспублікі Беларусь па Столінскім раёне, УП “Столінская ПМК-24” і г. д., дзе старанна папрацавалі прадстаўнікі дадзеных арганізацый па добраўпарадкаванні тэрыторыі. Аналагічна павінны весці сябе і мы з вамі ў адносінах да наваколля. Галоўнае — не нашкодзіць і падтрымаць тое, што створана намаганнямі іншых.

Людміла КАСПЯРОВІЧ

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *