Дзе жыве дзяцiнства

У нашым раёне за апошнія гады адчынілі дзверы некалькі дзіцячых садкоў. Свежапафарбаваныя, зробленыя па апошнім слове, яны запрашаюць маленькіх наведвальнікаў. Але ёсць і такія садкі, у якія ходзіць ужо не адно пакаленне дзяцей. Іх успрымаеш як другі дом, бо знаёмы кожны куточак. Адзін з такіх дзіцячых садкоў знаходзіцца ў аграгарадку Вялікае Малешава, якому, дарэчы, сёлета споўнілася 33 гады.

– Насамрэч, за столькі гадоў работы мы так звыклі да нашага садка, што нават уявіць на іншым месцы сябе нельга, – прагцявае тэму загадчыца Іна Вітальеўна Кузьміч. – Няхай ён і старэнькі, але наш, родны. Кожны, хто працаваў тут, і зараз забягае хоць на некалькі хвілін, каб даведацца, як нашы справы. А бацькі, якія наведвалі наш садок, і дзяцей сваіх толькі сюды прыводзяць. У Святланы Будзько, напрыклад, ужо два сыночкі адсюль у школу пайшлі, а дачушка да нас яшчэ ходзіць. Усе чацвёра дзяцей Таццяны Кудласевіч і чацвёра дзяцей Наталлі Барычэўскай таксама наведвалі і наведваюць наш садок. Кажуць жанчыны, нібы ў краіну дзяцінства вяртаюцца.

Дзіцячы садок тады будаваў калгас і доўгі час ён быў адзіным на тэрыторыі Вялікамалешаўскага сельскага Савета. Дзяцей было многа, таму забіралі толькі тых, чые бацькі працуюць. Дзевяць гадоў таму на базе мясцовай школы адчыніўся дзіцячы садок № 2, у які ходзяць дзеці з суседніх населеных пунктаў: аг. Кароцічы, в.Талмачава. Але ж у садку пад кіраўніцтвам Іны Вітальеўны ніколі не было свабодных месцаў. Дарэчы будзе адзначыць, што амаль усе дзеці з мнагадзетных сем’яў. На сёння наведвальнікамі садка з’яўляюцца 39 дзяцей, падзеленых на дзве рознаўзроставыя групы. Выхаванцы ад двух да чатырох гадоў знаходзяцца ў групе Любові Пятроўны Краўцовай – выхавальніка з 25-гадовым стажам работы. Яшчэ больш – 31 год — аддана працуе Ніна Васільеўна Краўцова. І гэтыя жанчыны ў адзін голас сцвярджаюць: бывае нават і прозвішча не трэба, адразу відаць, чыё гэта дзіця. Прычым, некаторыя і звычкі бацькоў пераймаюць, падобныя не толькі знешне, але і характарамі.

У старэйшую групу ходзяць дзеці ад чатырох да шасці гадоў, за імі наглядаюць малады спецыяліст Вераніка Міхайлаўна Будзько і Святлана Уладзіміраўна Кузьміч, якая прыйшла ў садок 20 гадоў таму. Яшчэ добра зарэкамендавала сябе Кацярына Рыгораўна Міхалевіч, якая знаходзіцца ў дэкрэтным водпуску. Яе падмяняе Ганна Міхайлаўна Мішко. Нельга не адзначыць повараў, што гатуюць для дзяцей не толькі карысныя, але і смачныя стравы. Пайшла на заслужаны адпачынак Алена Адамаўна Ракавец, якая працавала з самага адкрыцця. Зараз шэф-поварам працуе Кацярына Іванаўна Ракавец, а Надзея Андрэеўна Ракавец заўсёды імкнецца так падаць страву, каб нават самае пераборлівае дзіця ела з апетытам. Лепшага калектыву і быць не можа, упэўнена Іна Вітальеўна, бо ведае, наколькі важныя добрыя адносіны паміж  работнікамі. Яна і сама працавала выхавальнікам, і толькі два гады таму заняла пасаду загадчыка, калі пайшла на заслужаны адпачынак Людміла Сяргееўна Кошман. Менавіта тая калісьці атрымала ключ ад тады яшчэ новага будынка дзіцячага садка. З гадамі, безумоўна, мэбля і абсталяванне знасіліся, ды і капітальны рамонт не пашкодзіў бы. На наступны год запланава ўстанавіць новыя вокны, якія значна дапамогуць у зберажэнні цяпла.

Кожны год сваімі намаганнямі ўпрыгожваюць свой родны садок усе работнікі на чале з Аляксандрам Уладзіміравічам Шыла – рабочым, які адказвае за рамонт. Тое, што ў гэтага чалавека залатыя рукі, я заўважыла, калі толькі зайшла ў двор. Там самалёт, зроблены са звычайных дошак, там драўляныя коні, якія вязуць драўляную карэту. Усміхаецца дзецям змяя са звычайных калодак, і радуе вока вясёлая жоўтая жырафа. Дзеці з ахвотай вывучаюць гэтыя шэдэўры, таму Іна Вітальеўна не шкадуе слоў удзячнасці таленавітаму майстру. Ды і ўсім, хто працуе сумленна. У гэтым годзе Іна Вітальеўна была ўзнагароджана Ганаровай  граматай аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама. Будучы маці чацвярых дзяцей, яна ведае, што самае галоўнае для бацькоў – гэта вясёлыя і шчаслівыя вочы выхаванцаў. Дзеці не павінны сумаваць у садку, таму выхавальнікі заўсёды пры справе: прыдумваюць цікавыя гульні, чытаюць і самастойна складаюць казкі, праводзяць конкурсы, у якіх прымаюць удзел і бацькі. А яшчэ выхавальнікі заўпэўніваюць: калі-небудзь былым выхаванцам таксама захочацца зазірнуць у краіну, дзе жыве дзяцінства.

Ганна МЕЛЬНІК

Фота аўтара

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *