Чытаюць раёнку ў Хатомелі

Калі мы зрабілі аналіз папулярнасці раённай газеты ў гэтым годзе ў населеных пунктах Століншчыны, з прыемнасцю адзначылі, што з месяца ў месяц з зайздроснай стабільнасцю больш за ўсіх выпісваюць “Навіны Палесся” ў вёсках Хатомель, Туры, Дубенец.

Па падпісцы на газету ў разліку на колькасць насельніцтва і сем”яў на працягу апошніх гадоў  нязменна вызначаюцца лідарствам жыхары Хатомеля. У гэтыя дні, напрыклад, разавы тыраж “Навін Палесся” тут складае 223 экзэмпляры.

– Наша вёска не вызначаецца   пастаянным  заробкам у  людзей, – расказвае начальнік паштовага аддзялення сувязі Зінаіда Аляксандраўна Дзярачыц, — але ад раённай газеты не адмаўляюцца многія.

Сапраўды, на мясцовай жывёлагадоўчай ферме засталося ўсяго некалькі рабочых месцаў для жывёлаводаў. Выручае падсобная гаспадарка.

У тым, што ў вёсцы людзі ахвотна выпісваюць і чытаюць раённую газету і іншыя перыядычныя выданні, немалая заслуга мясцовых паштальёнаў, якія аператыўна разносяць пошту па дварах, аказваюць іншыя паслугі насельніцтву. Выдатна спраўляюцца са сваімі абавязкамі паштальёны Ала Валер”еўна Дзярачыц і Ірына Мікалаеўна Котка.

У Альпені ў паштовым  аддзяленні працуе Галіна Фёдараўна Шпакоўская. Яна свой рабочы дзень дзеліць на  дзве  палавіны. За першую ў якасці начальніка аддзялення абслугоўвае людзей: прымае плацяжы, рэалізуе спадарожную прадукцыю, афармляе падпіску на выданні. А  потым Галіна Фёдараўна сама накіроўваецца да людзей па падворках.  Спяшаецца чым найхутчэй прынесці свежую пошту.

– Людзі ў Альпені вельмі добрыя, лагодныя, – кажа Галіна Фёдараўна,  – але ж не даруюць, калі не даставіш газету своечасова.

І тут жа дадае:

– Я і не дапускала ніколі такога, каб прыносіць газеты са спазненнем… Мяне ж чакаюць вяскоўцы, сярод якіх многа пажылых.

Фёдар ШУМКО

Фота  аўтара

Чытаюць раёнку ў Хатомелі: 1 комментарий

  • 25.11.2015 в 12:15 пп
    Permalink

    Хочацца, каб Вы дабавілі матэрыял «Чытаюць раёнку ў Хатомелі»з учарашняга нумара газеты словамі ўдзячнасці ў адрас начальніка паштовага аддзялення ў Альпені Шпакоўскай Галіны Фёдараны. Гэта сапраўды чалавек на сваім месцы З усімі яна ветлая, дабразычлівая, спагадлівая, і сапраўды НІКОЛІ не было ў яе затрымак з дастаўкай пошты. І яна пра альпенцаў кажа, што яны вельмі добрыя, лагодныя…То ж не дзіва, бо яна сама такая І на дабро дабром адказваюць…

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *