Бібліятэка – цэнтр эколага-краязнаўчых ведаў

Штогод у лістападзе бібліятэкамі Столінскай раённай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы праводзіцца раённы месячнік  краязнаўства “Мой край дарагі – старонка мая”. У рамках месячніка на базе цэнтральнай раённай бібліятэкі прайшоў семінар бібліятэчных работнікаў пад назвай “Бібліятэка – цэнтр эколага-краязнаўчых ведаў”.

З прывітальнымі словамі да ўдзельнікаў семінара звярнулася дырэктар РЦБС Людміла Неўдах, пасля чаго прысутныя праглядзелі дакументальны ролік “Людзі на запаведных балотах”.

У рабоце семінара прыняла ўдзел спецыяліст рэспубліканскага ландшафтнага заказніка “Альманскія балоты” Марына Клімушка, якая пазнаёміла з агульнай інфармацыяй аб буйнейшым лесабалотным комплексе “Альманскія  балоты”. Прысутныя пачулі шмат цікавых фактаў аб заказніку, плошча якога 94 441 га, што складае амаль трэць тэрыторыі Столінскага раёна. Альманскія балоты захаваліся амаль у некранутым стане і з’яўляюцца рэзервам для многіх відаў дзікіх жывёл і раслін. У 1998 г. быў створаны аднайменны рэспубліканскі ландшафтны заказнік. Ён мае міжнародныя статусы тэрыторыі, важнай для птушак (ТВП), і Рамсарскай тэрыторыі.

Надзея Стахавец, загадчыца аддзела бібліятэчнага маркетынгу, падкрэсліла, што краязнаўчая дзейнасць з’яўляецца прыярытэтнай і бібліятэкамі Століншчыны шмат зроблена і робіцца ў гэтым напрамку. Змястоўна краязнаўчая работа наладжана  ў  Рубельскай, Альманскай, Беражноўскай, Вялікамалешаўскай, Гараднянскай, Стружскай, Турской і ў іншых сельскіх бібліятэках. Надзея Уладзіміраўна дала практычныя рэкамендацыі і парады па зборы і сістэматызацыі краязнаўчых матэрыялаў у бібліятэках.

Бібліятэкар Альманскай сельскай бібліятэкі Зоя Буян падзялілася сваім вопытам работы ў эколага-краязнаўчым напрамку. Зоя Піліпаўна з’яўляецца карэннай жыхаркай в. Альманы. Яна з вялікім задавальненнем збірае інфармацыю, якая тычыцца яе роднай вёскі, землякоў, прапануе ў сваёй бібліятэцы тым, хто цікавіцца краязнаўствам. Таксама Зоя Піліпаўна падтрымлівае пастаянную сувязь з грамадскай арганізацыяй “Ахова птушак Бацькаўшчыны”. Пры бібліятэцы працуе дзіцячы клуб па інтарэсах “Юны краязнаўца”, мэта якога – садзейнічаць стварэнню ўмоў для выхавання пачуццяў любові да роднага краю і сваёй Радзімы. Бібліятэкар разам з удзельнікамі клуба праводзяць гадзіны краязнаўства, экалагічных ведаў, краязнаўчыя ўрокі, віктарыны, віртуальныя падарожжы і іншыя мерапрыемствы.

Напрыканцы сустрэчы калегі абменьваліся карыснай інфармацыяй, вопытам, а  таксама  знаёміліся з краязнаўчымі выстаўкамі. У цэлым семінар атрымаўся дастаткова насычаным, было дадзена шмат практычных рэкамендацый і парад.

Ірына Грэчка,

метадыст аддзела маркетынгу

Столінскай цэнтральнай раённай бібліятэкі

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *