Арэ, сее, убiрае

Гэта толькі коратка можна сказаць  пра механізатара КСУП “Прыгарынскі-2012” Мікалая Ігаравіча Шыкунца. Ён сапраўды на працягу сельскагаспадарчага года заўзята працуе, як кажуць, за семярых.

Яго можна ўбачыць вясною на ўзорванні глебы, унясенні ўгнаенняў, выраўноўванні глебы пад сяўбу, летам і восенню – на цюкаванні саломы, касьбе траў, уборцы кукурузы на сілас, перавозцы кармоў да фермаў. Ён паспяхова спраўляецца з усёй тэхнікай, якая ёсць у гаспадарцы.

Калі спытаў у Мікалая пра сакрэт яго лідарства ў спаборніцтве механізатараў,  ён не шукаў доўга часу для адказу:

– На кожнай рабоце ніколі не адцягваю сваю ўвагу на нешта іншае. Прыехаў араць, дык займайся гэтай справай, не прастойвай дарма без сэнсу. Хвіліна да хвіліны, атрымліваецца пэўны час, за які і робіцца больш карыснага.

А яшчэ пра Мікалая  Ігаравіча кажуць, што ён бездакорна прытрымліваецца тэхналогіі.  І  ўмее ўсё  рабіць  правільна, і хоча  заўжды  абыходзіцца ў рабоце без браку. Поле ж не даруе неахайнасці, абыякавасці.

Спецыяльнасць механізатара Мікалай Шыкунец атрымаў яшчэ ў Хорскім НВК. Павышаў кваліфікацыю на базе ліцэя сельскагаспадарчай вытворчасці.

Фёдар ШУМКО

Фота аўтара

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *