Ад неўтаймаваных эмоцый да турмы

Што робяць звычайныя людзі раніцай? Мяркую, прачынаюцца, пюць каву, збіраюцца і ідуць на працу. Але ёсць тыя, для каго такія дзеянні нонсэнс. А вось пачынаць дзень са спіртных напіткаў звыкла.

У дом, дзе С. жыве з маці і сужыцелькай, каля 9 гадзін раніцы прыйшлі госці – дзядзька і сусед. Яны прапанавалі пасядзець, выпіць. Усе згадзіліся. Госці набылі ў магазіне дзве бутэлькі “чарніла”. Але гэтага здалося мала. Пасля С. ездзіў у магазін па дабаўку.

У час распіцця сваякі нешта не падзялілі, дзядзька пачаў лаяць пляменніка, а той, у сваю чаргу, выганяць яго з хаты. Калі госці сышлі, С. заўважыў, што яго сужыцелькі таксама няма ў пакоях.

Каханку мужчына знайшоў у цёткі, папрасіў вярнуцца дамоў. Але жанчына адмовілася і сказала, што працягваць сужыцельства не намерана. У хату прыйдзе толькі для таго, каб забраць свае рэчы.

Утраіх (С., сужыцелька і цётка) яны прыйшлі дахаты. Раз’юшаны мужчына хацеў напужаць маладую жанчыну, каб яна нікуды не сыходзіла і, кінуўшы ў куток веранды старыя анучы, падпаліў іх. Цётка прасіла не рабіць глупстваў, але ў той момант С. нічога не магло спыніць. Агонь ахапіў невялікае памяшканне, згарэлі гумавыя боты, цюль, дыванок, пашкоджаны сцены і столя. Нанесены ўрон склаў больш за 450 тысяч рублёў.

На лаве падсудных галоўны “герой” справы не першы раз, а калі быць дакладнай –  дзявяты (!).

Адбыўся суд на чале з суддзёю Ж. П. Стаднік пры ўдзеле дзяржаўнага абвінаваўцы А. Р. Андрэйкавец. С. прызнаны вінаватым у наўмысным знішчэнні і пашкоджанні маёмасці, якія ўчынены агульнанебяспечным спосабам па частцы 2 артыкула 218 Крымінальнага кодэкса. Яму прызначана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на пяць гадоў з адбываннем пакарання ў выпраўленчай калоніі строгага рэжыму.

Так скончылася вясёлае баўленне часу ў абдымках «зялёнага змія» для жыхара в. Альпень С., 1975 года нараджэння.

Не ўтрымаў эмоцыі –  атрымаў “пуцёўку” ў месцы не надта аддаленыя. Ці зменіць ён сваё стаўленне  да жыцця і людзей? Пакажа час…

Аліна НОВІКАВА

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *