75 гадоў беззапаветнай адданасці

З днём нараджэннякаледж! З юбілеем цябе! гучала 30 лістапада ў сценах навучальнай установы. Фае святочна ўпрыгожана, арганізавана выстаўка, экспазіцыі музея каледжа, якія вяртаюць на 75 гадоў назад, навяваюць успаміны, дораць радасць сустрэчы праз гады…

Пачалося мерапрыемства, прысвечанае святкаванню 75-годдзя Столінскага аграрна-эканамічнага каледжа, з песні “Столін” у вакананні Алены Дубойскай і дэманстрацыі відэароліка  пра горад. Пасля вядучыя прывіталі ўсіх ганаровых  гасцей, ветэранаў працы, сяброў, выкладчыкаў, навучэнцаў са святочным юбілейным днём. Прагучаў Гімн Рэспублікі Беларусь.

Гісторыя краіны, гісторыя роду, гісторыя навучальнай установы – вялікая каштоўнасць. За 75 гадоў каледж наведалі тысячы людзей, якія аддавалі свае сілы, розум, энергію і любоў, каб  крочыць толькі наперад, прыступка за прыступкай, пакараючы новыя вяршыні, атрымліваючы новыя перамогі… А як усё адбывалася  — прысутныя ўбачылі падчас трансляцыі відэафільма пра каледж.

Быць дырэктарам навучальнай установы не тое, што няпроста, а нават складана, але Андрэй Рыгоравіч Бут-Гусаім  годна спраўляецца з усімі цяжкасцямі. І ў гэты святочны дзень ад шчырага сэрца выказаў падзяку ўсім тым, хто на працягу такога  значнага адрэзку часу працаваў, працуе  і будзе шчыраваць на гэтай ніве яшчэ многія гады. У выкананні вакальнай групы каледжа “Каприз”  прагучала песня “Сэрца  зямлі маёй”.

Каб павіншаваць з такой значнай датай, завіталі на свята шматлікія госці. Пра значнасць адукацыі, якую атрымліваюць навучэнцы ў сценах дадзенай установы, і гаварыў старшыня раённага Савета дэпутатаў  Аляксей Аляксеевіч Дзямко. Ён уручыў Ганаровую грамату райсавета дэпутатаў В. М. Ануфрэйчык, Падзячны ліст В. П. Чынікайлу, а таксама Ганаровыя граматы раённага камітэта прафсаюзаў работнікаў аграпрамысловага комплексу  – М. В. Мароз, І. М. Украінец, Т. В. Новік, абласнога  камітэта прафсаюзаў работнікаў аграпрамысловага  комплексу  –   І. М. Бародзіч, А. В. Крывалевічу, А. Р. Шаламіцкай.

Да слоў Аляксея Аляксеевіча далучыўся і намеснік старшыні райвыканкама Сяргей Фёдаравіч Сідарэвіч, які, акрамя сваіх віншаванняў і цёплых слоў, адрасаваў Ганаровыя граматы раённага выканаўчага камітэта Г. М. Кулазе, М. М. Суле,  Граматы ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Столінскага райвыканкама —  А. І. Клішу, І. Р. Квятка, Граматы камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Брэсцкага аблвыканкама —  С. І. Дзенісовічу, К. К. Клімовічу,  Г. Р. Трапцу, Н. М. Пешка.

Мы жывём  у цудоўным палескім куточку, гасціннай і багатай Століншчыне, якая славіцца сваімі таленавітымі людзьмі. Пад гармонік ды цымбалы павесяліў прысутных  і народны ансамбль  танца  “Рэха” сваёй “Беларускай полькай” (кіраўнік Алена Волкава), а таксама заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь ансамбль народнай музыкі “Выцінанка” (кіраўнік  Пётр Астапчук).

75 гадоў… Шмат поспехаў і  дасягненняў. За 75 гадоў – шмат розных здзяйсненняў. Але самае галоўнае, што за гэтыя гады каледж  мае  вельмі многа  добрых і верных сяброў.   Павіншаваць і ўручыць Ганаровую грамату Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь  дырэктару каледжа А. Р. Бут-Гусаіму,  Падзячныя лісты Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь Л. С. Валодзька, І. А. Блізнюк прыехаў начальнік упраўлення адукацыі Галоўнага ўпраўлення адукацыі, навукі і кадраў  Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь  Алег  Уладзіміравіч Касянюк.

Гэтую важную для каледжа падзею не пакінулі без увагі прадстаўнікі Беларускага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага ўніверсітэта,  Палескага дзяржаўнага ўніверсітэта, Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта, Беларускай  дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі, Бабруйскага дзяржаўнага аграрна-эканамічнага каледжа, Пінскага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага каледжа імя А. Е. Кляшчова, Пінскага дзяржаўнага аграрна-тэхналагічнага   каледжа і арганізацый Столінскага раёна. Шмат  адрасных віншаванняў даслалі сябры, калегі, выпускнікі.

Працягнулі святочную праграму вакальны ансамбль “Пламя” песняй “Калина красная”, танцавальны калектыў  “Карамель”  беларускай полькай-бабачкай і ўсходнім танцам (кіраўнік Алена Казеня). Віталі гасцей песнямі Наталля Краўцова “Няхай вам пашанцуе ў каханні”, Аліна Санец – “Вышита сорочка”, Дар’я Пашчанка і Вікторыя Валодзька  –   “Сто белых церквей”.

Шмат гадоў каледж цесна ўзаемадзейнічае ў пытаннях падрыхтоўкі спецыялістаў з раённым аддзелам адукацыі, спорту і турызму,  а таксама са школамі і  ліцэем. Прадстаўнікі згаданых навучальных устаноў выказалі свае    шчырыя   пажаданні     да   юбілею каледжа.

Самае галоўнае і дарагое, што легла ў аснову ўстановы,  — гэта з‘яднаны, ініцыятыўны і творчы калектыў. Карыстаючыся нагодай,  Андрэй Рыгоравіч Бут-Гусаім уручыў многім Ганаровыя граматы.  Ён выказаў падзяку калегам за ўзаемапавагу, высокую працаздольнасць, любоў і адданасць сваёй працы і адданасць прафесіі. Прывітаў Андрэй Рыгоравіч і тых, хто пасля вучобы працягнуў  працаваць у каледжы,  а лаўрэаты абласнога конкурсу мастацкай самадзейнасці “АРТ- вакацыі-2015” адрасавалі выкладчыкам жартаўлівую мініяцюру “Страсти по Шекспиру” .

Шмат  розных падзей адбылося з моманту заснавання каледжа. Засталіся ў памяці людзі, якія стваралі гэтую гісторыю. Менавіта ім, выкладчыкам-ветэранам,  якіх ужо няма з намі, быў прысвечаны відэаролік і  вялікая колькасць цёплых слоў  адрасавана ветэранам працы, якія прысутнічалі на юбілеі. Для іх прагучала песня “Па высокай траве” ў выкананні Дзмітрыя Шмата і Аляксандра Літвінчука.

Каледж ганарыцца сваімі выпускнікамі, а выпускнікі з удзячнасцю  ўспамінаюць  час,  праведзены ў сценах гэтай навучальнай установы. З музычным падарункам завітала на мерапрыемства выпускніца Настасся Каўшук.

Не абышлося і без святочнага юбілейнага торта.  Дзіна Крывалевіч з нагоды юбілею выканала песню “Жадаю вам”,  а  кульмінацыйным момантам насычанай святочнай праграмы стала выкананне гімна каледжа  К. К Клімовічам, А. І. Лукашук  і   ўдзельнікамі канцэртнай праграмы.

Людміла КАСПЯРОВІЧ

Фота аўтара

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *