17 лістапада адзначаецца Міжнародны дзень студэнта

Кожнаму знаёма пачуццё поўнай  свабоды, студэнцкіх клопатаў, вялікіх пошукаў і здзяйсненняў. Аналізуючы сваё жыццё, пацвердзіць кожны той факт, што добра быць студэнтам.

 І, нягледзячы на тое, што ўжо блізка чарговая сесія, бесклапотны студэнцкі народ імкнецца пра гэта не думаць і плануе  як след адзначыць сваё свята.  Таму пасля звычайных трох ці чатырох пар моладзь  пачынае збірацца хто куды — у клуб, у інтэрнат, да каго-небудзь у госці  альбо проста на вуліцу, каб весела правесці час і не пакінуць гэтую дату без увагі.

 Для першакурсніка Дзень студэнта – гэта  першае сур’ёзнае студэнцкае свята, бо ён толькі пазнаёміўся са сваёй групай, толькі пачаў адрозніваць усіх па імёнах-прозвішчах і знайшоў сваю кампанію.  Пяцікурснікі, наадварот, адчуваюць сумнае пачуццё, што ў ролі студэнта яны апошні раз святкуюць 17 лістапада, да таго ж, пяцікурснікі ўжо куды больш сур’ёзныя людзі, на якіх ужо цяжкім грузам цісне дыплом. Але гэта не перашкаджае ўсім студэнтам, цяперашнім і былым, сабрацца разам у гэты дзень.

   Алег, 18 гадоў:

–  Я толькі пачынаю сваё студэнцкае жыццё. Думаю, што першы курс, як і першы школьны ўрок альбо першае спатканне, павінен запомніцца надоўга.  17 лістапада з сябрамі абавязкова знойдзем сабе занятак да душы, бо новы горад, новыя ўражанні і яшчэ вялікая колькасць усяго новага і нязведанага.

Марына, 21 год:

– Для мяне быць студэнткай – значыць быць адказным чалавекам, са сваімі жыццёвымі інтарэсамі і памкненнямі. Галоўнае — рабіць усё магчымае для таго, каб стаць добрым спецыялістам. А павіншаваць сяброў абавязкова – гэта ж студэнцкая традыцыя.

Ганна, 20 гадоў:

– Сябе студэнткай адчула ў той момант, калі стаяла на сцэне падчас мерапрыемства пасвячэння ў студэнты. А пасля і першая сесія, і кожны новы дзень, калі цалкам  пагружаешся ў навучальны працэс, тады і пачынаецца сапраўднае студэнцкае жыццё. А 17 лістапада віншуеш сяброў, знаёмых – і адчуваеш, што вось яно сапраўднае сёння, што заўтра ты будзеш зноў жыць звычайнымі жыццёвымі буднямі.

Віктар, 19 гадоў:

– Нягледзячы на тое, што я не студэнт, а толькі навучэнец ліцэя, безумоўна, гэтае свята маладосці і пазітыву я не абмінаю. Гэта перыяд, калі перад табой шмат новых адкрыццяў, карысных знаёмстваў, верных сяброў, вясёлых аднадумцаў. Ты можаш сябраваць, кахаць, весела праводзіць час, рэалізоўваць свае планы і задумы і не забываць пра будучыню. Студэнцтва для мяне толькі пачынаецца, але думаю,  што кожны дзень для студэнта – гэта ўжо свята, галоўнае, глядзець на ўсё з пазітывам.

Наталля, 23 гады:

– Быць студэнтам – быць цалкам адказным за сябе. Гэта магчымасць развівацца ў тым напрамку, у якім хочацца. Прадоўжыць сваё студэнцтва я б не хацела. Зараз хочацца скончыць вучобу. Дзень студэнта не адзначаю.

Людміла, 23 гады:

– Я вучылася на завочным аддзяленні, таму  сапраўднага студэнцкага жыцця не ведаю. Але мне хацелася б адчуць смак студэнцтва: страх перад кожнай лекцыяй, прадчуванне сустрэчы з выкладчыкам, галодны  ранак і студэнцкая булачка,  цягнік і дарожная сумка з пачастункамі ад бацькоў, розныя мерапрыемствы і вясёлыя, шумныя вечарынкі ў гонар гэтага дня.

Максім, 19 гадоў:

– Ці адзначаю я Дзень студэнта? Для мяне кожны дзень — свята. Бо студэнцтва – гэта самы салодкі і бесклапотны перыяд у жыцці. Таму скажу так: адзначаю кожны  ранак кубкам кавы. А пасля – студэнцкія будні…

Людміла КАСПЯРОВІЧ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *